У Беларусі за тры гады моцна падаражалі гародніна, фрукты, мяса… А грэчка патаннела


Фінансавы партал Myfin.by паглядзеў на цэны шэрагу тавараў у студзені 2024 года і параўнаў іх з цэнамі студзеня-2023 і студзеня-2021. Некаторыя цэны за год амаль не выраслі, некаторыя нават упалі, а некаторыя – рэзка падскочылі. За тры гады падаражала ўсё, акрамя грэчкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 015.by

Нацыянальны статыстычны камітэт адсочвае цэны на больш як сотню харчовых тавараў. «Myfin» узяў тры дзясяткі найменняў са спісу Белстату і паглядзеў на змены цэнаў за год і тры гады.

За тры гады найбольш падаражалі памідоры (на амаль 122 %), бананы і зефір (+71 %), часнок (+63 %), цытрусавыя (+62 %), рыс (+54 %), салодкі перац (+51 %), шакалад (+50 %), жывая рыба (+48 %), хлеб (+43 %), агуркі (+42 %), ялавічына (+41 %), свініна (+40 %), курынае мяса (+41 %), гарэлка (+36 %), чорны чай (+35 %) і гэтак далей. Менш за ўсё падняліся цэны на марожаную рыбу і каньяк (+20 %).

Але адзіны прадукт, які ў гэтым спісе патаннеў за тры гады, гэта грэцкія крупы. Тое, што ў крызіс 2010 года ў жарт называлі «грэцкай ікрой» за рэзкі рост цэнаў і знікненне з продажу, за апошнія тры гады  патаннела на 16 капеек за 1 кг. У студзені 2021 года грэчку прадавалі за 3,30 рубля, у студзені 2023-га – за 4,50, а ў студзені 2024-га – за 3,14.

Паводле Белстату, сярэдні налічаны заробак складаў у Беларусі 1290 рублёў, а ў студзені-2024 – 1684,9 рубля. Гэта значыць, афіцыйны заробак за тры гады вырас на 30,6 %. А афіцыйны рост цэнаў на тавары і паслугі за тры гады склаў усяго 18,6 %. Праўда, афіцыйная статыстыка па заробках выклікае сумневы.

Разбор
Колькі падаткаў у Беларусі насамрэч бяруць з сярэдняга заробку. Палічылі з эканамісткай
2024.01.29 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў