Савет міністраў Беларусі 23 лютага ўхваліў пастанову аб рэалізацыі ўказу Аляксандра Лукашэнкі «Аб кібербяспецы», яе афіцыйна апублікавалі 27 лютага. Пастанова апісвае, хто і ў каго можа праводзіць закупкі паслугаў кібербяспекі паводле працэдуры без тэндараў.
У спісе арганізацыяў, якія могуць купляць паслугі кібербяспекі паводле так званай закупкі з адной крыніцы (без правядзення тэндару), 124 дзяржаўныя ўстановы: ад сілавікоў кшталту Камітэту дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства абароны да Менскага энергетычнага каледжу і Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі.
Арганізацыяў, у якіх можна купляць паслугі кібербяспекі, усяго тры: дзяржаўны «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам», а таксама таварыствы з абмежаванай адказнасцю «Сэк’юрыці Лаб» і «Надзейныя праграмы».
Пра «Сэк’юрыці Лаб» (або «Security Lab LLC») вядома мала. Кампанію стварылі ў чэрвені 2019 года, у кастрычніку 2020-га прынялі ў Парк высокіх тэхналогіяў. Прынамсі ў пачатку працы кампаніі ейным дырэктарам быў хтосьці Павел Шастак. Мяркуючы па сацсетках, гэта 41-гадовы выпускнік Вайсковай акадэміі, Інстытуту турызму і Акадэміі кіравання, прыхільнік Уладзіміра Пуціна.
«Надзейныя праграмы» – кампанія, якую ў 1992 годзе заснаваў Юрый Зісер, сузаснавальнік знішчанага ўладамі Беларусі парталу Tut.by. Кампанія працуе пад брэндам Hoster.by і найбольш вядомая паслугамі хостынгу сайтаў, да 2022 года адміністравала доменныя зоны .by і .бел.
Прынамсі станам на канец студзеня 2024 года генеральным дырэктарам «Надзейных праграмаў» быў Сяргей Павалішаў, які ў 2021 годзе быў арыштаваны ў межах «справы Tut.by», правёў 3,5 месяца ў следчым ізалятары разам з менеджарамі і журналістамі парталу, але быў вызвалены.
За кратамі цяпер застаюцца дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава. Частка каманды Tut.by летам 2021 года запусціла новае выданне Zerkalo.io. Адрас Tut.by у канцы 2023 года хтосьці перарэгістраваў на сябе, звесткі схаваныя.
Алесь Наваборскі belsat.eu