«Справа TUT.by». Год з дня затрымання працаўнікоў найбуйнейшага СМІ ў Беларусі


Год таму сілавікі прыйшлі ў офіс TUT.by, учынілі вобшук і затрымалі работнікаў. Мы ўзгадалі, што было перад гэтым чорным для беларускай журналістыкі днём і што адбылося пасля.

Людзі трымаюць плакат з надпісам «Прэса – гэта святое» у падтрымку журналістаў, затрыманых падчас працы на акцыях пратэсту. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 года.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Перадгісторыя

5 жніўня TUT.by пісаў пра тое, якія парушэнні зафіксавалі назіральнікі. Са жніўня да кастрычніка Міністэрства інфармацыі вынесла чатыры папярэджанні.

7 жніўня 2020 года Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджанне TUT.by за распаўсюд «недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам».

25 верасня 2020 года стала вядома, што міністэрства хоча праз суд пазбавіць TUT.by статусу СМІ.

1 кастрычніка 2020-га Міністэрства інфармацыі забірае ў TUT.by статус СМІ на тры месяцы.

19 лістапада 2020 года затрымалі журналістку Кацярыну Барысевіч, якая напісала артыкул пра забітага Рамана Бандарэнку.

Журналістка парталу TUT.by Кацярына Барысевіч выйшла на волю праз паўгады зняволення. Менск, Беларусь. 19 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

3 снежня 2020 Эканамічны суд Менску канчаткова пазбавіў TUT.by статусу СМІ. Міністэрства інфармацыі лічыць, што «няпэўная інфармацыя» ў матэрыялах, за якія вынесеныя папярэджанні, наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам.

2 сакавіка 2021 года Кацярыну Барысевіч прысудзілі да шасці месяцаў пазбаўлення волі ды штрафу 100 базавых велічынь.

Артыкулы
«Усё роўна мы ўсе тутбаеўцы». Як жыве «экстрэмісцкая» рэдакцыя Zerkalo.io ў «вымушанай камандзіроўцы»
2022.02.09 07:30

«Справа TUT.by»

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Тут бай медыя» мела статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогіяў і плаціла меншыя падаткі. Аднак паводле звестак Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі, TUT.by атрымала прыбытак, не абумоўлены дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ. На падставе звестак ДФР Назіральная рада ПВТ 18 траўня 2021 года прыняла рашэнне, што «Тут бай медыя» страціла права на падатковыя льготы. Органы фінансавых расследаванняў пачалі следчыя ды іншыя працэсуальныя дзеянні. Супраць службовых асоб TUT.by распачалі крымінальную справу аб нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК).

Плакат у падтрымку журналістаў на маршы ў Менску, Беларусь. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

18 траўня 2021 года ў офісы TUT.by і Hoster.by, а таксама ў кватэры да рэдактараў выдання прыйшлі сілавікі. Дамен парталу быў заблакаваны. Першапачаткова затрымалі 15 асобаў.

Таксама з 18 траўня не было інфармацыі, дзе Юлія Чарняўская, удава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера. Пазней стала вядома, што Юлія Чарняўская – пад хатнім арыштам, а адвакатка Юліі – пад падпіскаю аб неразгалошванні.

25 траўня 2021 праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітычнымі зняволенымі 15 чалавек, затрыманых у сувязі са справай супраць парталу TUT.by. Да спісу палітзняволеных далучылі 12 чалавек, якія былі за кратамі: генеральную дырэктарку Людмілу Чэкіну, галоўную рэдактарку Марыну Золатаву, рэдактарку Вольгу Лойку, намесніцу дырэктара Ірыну Рыбалку, журналістку Алену Талкачову, галоўную бухгалтарку Анжэлу Асад, намесніцу галоўнай бухгалтаркі Марыю Новік, галоўную інжынерку Алу Лапатку, намесніка генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандра Дайнеку, менеджара Андрэя Аўдзеева, дырэктара Hoster.by Сяргея Павалішава, дырэктарку «Rocket Data», TAM.by Дар’ю Данілаву.

Марина Золотова, главный редактор TUT.BY и политзаключенная
Марына Золатава, галоўны рэдактар TUT.by і палітычная зняволеная, ў судзе. Менск, Беларусь. 1 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Таксама ў лік палітвязняў цяпер уваходзяць тры асобы, якія праз «справу TUT.by» былі змешчаныя пад хатні арышт: Юлія Чарняўская, Кацярына Ткачэнка – юрыстка TUT.by; Ірына Касцючэнка – былая юрыстка TUT.by.

21 траўня ГУБАЗіК атрымаў высновы камісіі, у якіх сцвярджаецца, што «дзеянні інфармацыйнага рэсурсу TUT.by у інфармацыйным забеспячэнні пратэстаў, стварэнні магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сферах і, такім чынам, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

4 чэрвеня 2021 стала вядома, што галоўную інжынерку «Тут бай медыя» Алу Лапатку падазраюць у дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры паводле двух крымінальных артыкулаў.

18 чэрвеня 2021 МУС накіраваў у суд Цэнтральнага раёну Менску, Міністэрства інфармацыі просьбу прызнаць экстрэмісцкай інфармацыйную прадукцыю як парталу, так і акаўнтаў TUT.by у сацыяльных сетках, забараніць доступ да іх, а таксама да «люстэрак» і аналагаў. Экспертная камісія выявіла, што дзейнасць TUT.by наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам і нацыянальнай бяспецы Беларусі, бо ўключае «інфармацыйнае забеспячэнне пратэстаў, стварэнне магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі», мае прыкметы «высмейвання і абразы, негатыўнай ацэнкі дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных групаў асоб, вылучаных паводле прафесійнай прыкметы», рэалізуе «стратэгію і тактыку дыскрэдытацыі».

Акцыя салідарнасці с затрыманымі журналістамі Надзеяй Калінінай, Мікітай Недаверкавым, Андрэям Шаўлюгам, Марый Эляшэвіч, Аляксеям Суднікавым і Святаславам Зоркім. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

24 чэрвеня 2021 года ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся судовы працэс. У той жа дзень працэс прызнання прадукцыі парталу і сацсетак выдання экстрэмісцкімі прыпынілі на нявызначаны тэрмін.

27 чэрвеня кіраўніцтва інтэрнэт-сэрвісу паведаміла, што выдаліла (або схавала з агульнага доступу) публікацыі ва ўсіх сацыяльных сетках парталу за 2020-ы і першую палову 2021 года, і што зроблена гэта ў мэтах бяспекі чытачоў і работнікаў выдання на час разгляду справы аб экстрэмізме ў адносінах рэсурсу. Пры гэтым было падкрэслена, што «сацсеткі застаюцца пад кантролем каманды TUT.by», якая пераехала за мяжу.

8 ліпеня 2021 года каманда закрытага ўладамі найбуйнейшага незалежнага інфармацыйнага парталу Беларусі паведаміла пра запуск новага сайту – Zerkalo.io.

13 жніўня 2021 года Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкімі ўсе матэрыялы Zerkalo.io і TUT.by.

Марина Золотова встречает коллег у Окрестина
Марына Золатава (справа) сустракае калег ля Акрэсціна. Менск, Беларусь. 4 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

27 жніўня 2021 года стала вядома, што з 1 студзеня 2022 года тэхнічным адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны стане Супольнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Беларускія воблачныя тэхналогіі», гандлёвая марка – «beCloud». Цягам апошніх дзесяці гадоў адміністраваннем займаўся Hoster.by, гендырэктар якога на той час чацвёрты месяц быў у СІЗА.

1 верасня 2021 года ў кампаніі Hoster.by паведамілі, што на волю выйшаў іх генеральны дырэктар Сяргей Павалішаў. Са словаў адваката, яму змянілі меру стрымання. Адвакат таксама адзначае, што Павалішаў застаецца пад следствам.

7 кастрычніка 2021 года ў дачыненні службовых асоб і работнікаў «Тут бай медыя» і Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці, учыненае групай асоб»). Санкцыі паводле гэтага артыкулу прадугледжваюць да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Плакат у падтрымку журналістаў на маршы ў Менску, Беларусь. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

13 студзеня 2022 года Юлію Чарняўскую вызвалілі з-пад хатняга арышту, аднак следства не спынілі.

11 сакавіка 2022 года пасля змены меры стрымання з СІЗА № 1 выйшлі былая намесніца галоўнага бухгалтара «Тут бай медыя» Марыя Новік, намесніца генеральнага дырэктара ў агульных пытаннях Ірына Рыбалка і галоўная бухгалтарка Анжэла Асад. Усе тры далі падпіску аб невыдаванні звестак, абвінавачанне з іх знятае не было.

8 сакавіка 2022 года «Раскамнагляд» унёс Zerkalo.io у спіс забароненых сайтаў. Рашэнне аб блакаванні Генпракуратура РФ прыняла 24 лютага, у дзень уварвання Расеі ва Украіну.

17 сакавіка 2022 года з СІЗА выйшлі галоўная рэдактарка палітычна-эканамічнага блоку навінаў Вольга Лойка, былая намесніца генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека і менеджар «Publisher Box» Андрэй Аўдзееў. Усім ім змянілі меру стрымання, абвінавачанняў не знялі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

25 красавіка 2022 года менеджарку праекту TАМ.by і дырэктарку «RocketData» Дар’ю Данілаву прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») ды прызначылі год і чатыры месяцы калоніі агульнага рэжыму. Улічваючы тэрмін, праведзены ў СІЗА, яе адпусцілі ў зале суда.

13 траўня 2022 года з СІЗА выйшла былая галоўная інжынерка TUT.by Ала Лапатка – ёй змянілі меру стрымання, абвінавачанняў не знялі.

На час рыхтавання гэтага матэрыялу ў «справе TUT.by» у зняволенні заставаліся тры асобы: былая генеральная дырэктарка TUT.by Людміла Чэкіна, экс-галоўная рэдактарка Марына Золатава і журналістка Алена Талкачова.

МГМ, belsat.eu

 

Стужка навінаў