Паўднёвая Карэя ўзмацняе кантроль за экспартам новых відаў тавараў у Беларусь і Расею


Міністэрства гандлю, прамысловасці і энергетыкі Паўднёвай Карэі анансавала пашырэнне пераліку тавараў, на якія будзе распаўсюджвацца экспартны кантроль пры продажы ў Беларусь і Расею, прыкмеціла выданне «Reform.by».

Паўднёвая Карэя
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: dv.ee

Усяго ў гэты пералік дададзеныя 682 пазіцыі, агулам жа колькасць пазіцыяў у спісе дасягне 1159.

Да дадатковых тавараў адносяцца прадметы, што з вялікай доляй імавернасці могуць выкарыстоўвацца для ваенных мэтаў: напрыклад, цяжкая будаўнічая тэхніка, акумулятарныя батарэі, станкі і дэталі самалётаў.

Экспарт такіх тавараў у нашую краіну, а таксама ў Расейскую Федэрацыю будзе забаронены, але адзначаецца, што дазвол можна будзе атрымаць у прыватным парадку пры ўмове, што кантракты былі заключаныя яшчэ да ўступлення ў сілу рашэння, або ў выпадку, калі экспарт здзяйсняецца даччынымі кампаніямі.

Адзначаецца, што міністэрства мае намер удасканаліць парадак экспартнага кантролю.

Рашэнне набудзе моц пасля таго, як будуць завершаныя фармальныя працэдуры. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў пачатку 2024 года.

Нагадаем, што ў красавіку 2023 года Паўднёвая Карэя ўжо дадала ў спіс тавараў, для якіх узмацняецца экспартны кантроль, 741 пазіцыю. Тады ў спіс тавараў, экспарт якіх забаронены, увайшлі дэталі аўтамабіляў, даражэйшых за 50 тысяч долараў, паўправаднікі, будаўнічае абсталяванне, каштоўныя камяні, а таксама тавары, звязаныя з хімікатамі, сталлю, машынабудаваннем, квантавымі камп’ютарамі і іншыя.

Hавiны
Карэя забараняе экспарт у Беларусь і Расею больш як 740 тавараў
2023.04.24 10:50

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў