Легкавушка пратараніла рэйсавы аўтобус пад Рагачовым. Ёсць ахвяры


Аварыя з удзелам легкавога аўтамабіля і рэйсавага аўтобуса здарылася раніцай у Рагачоўскім раёне. Адзін чалавек загінуў і пяцёра пацярпелі, паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Фота: УУС Гомельскага аблвыканкаму

Каля 07:00 мужчына за рулём «Ford» выехаў з Рагачова. Праз некалькі хвілінаў, паводле папярэдніх звестак, 40-гадовы кіроўца не справіўся з кіраваннем і выехаў на сустрэчную паласу руху. У гэты момант там ехаў рэйсавы аўтобус МАЗ.

Адбылося лабавое сутыкненне, аўтамабіль вылецеў у кювет. Пасажырка легкавушкі атрымала смяротныя траўмы і памерла на месцы ДТЗ, дапамога медыкаў спатрэбілася чатыром пасажырам рэйсавага аўтобуса і кіроўцу «Ford».

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў