Івонка Сурвіла віншуе беларусаў з Днём герояў і 103-й гадавінай Слуцкага збройнага чыну


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў з віншаваннем з Днём герояў, які беларусы адзначаць штогод 27 лістапада ў гонар Слуцкага збройнага чыну – паўстання супраць бальшавікоў і за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР.
Фота: скрыншот відэавіншавання Івонкі Сурвілы з Днём герояў

Прыводзім поўны тэкст віншавання Івонкі Сурвілы:

«Дарагія суродзічы! Гэтак, як сёння ўкраінскія героі змагаюцца, каб выратаваць свой край ад нападу з Усходу, гэтак у 1920 годзе 10 000 случакоў узялі зброю ў рукі, каб бараніць ад расейскай навалы Беларускую Народную Рэспубліку. Ніхто, на жаль, ім не дапамог. Не было ў іх нават зброі для кожнага змагара. Але нашыя героі стрымалі ледзь не на месяц бальшавіцкі напад.

Беларусы ва ўсім вольным свеце дасюль кожны год адзначаюць гэты гераічны Збройны чын сваіх суродзічаў са Случчыны. З удзячнасцю адзначае яго і Рада БНР – кожны год у канцы лістапада ўрачыста прыпамінае сваіх герояў і аддае ім павагу. Ад імя Рады БНР і ад сябе асабіста вітаю ўсіх, у каго баліць сэрца па героях, якія пайшлі паміраць, каб жыла незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. З захапленнем узгадваю вас, дарагія случакі, і дзякую вам за вашую мужнасць, ваш гераізм, а перад усім – за вашую бязмежную любоў да сваёй зямлі і свайго народу. Жыве Беларусь!».

Аб’ектыў
Слуцкі збройны чын у 1920 годзе не меў геапалітычнага шанцу, як і беларусы ў 2020-м – гісторык
2022.11.26 22:54

Дзень герояў – беларускае нацыянальнае свята. Адзначаецца штогод 27 лістапада ў гонар Слуцкага збройнага чыну 1920 года.

Слуцкі збройны чын альбо Слуцкі фронт Беларускай Народнай Рэспублікі – спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году. Больш за месяц – з 27 лістапада па 31 снежня – беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна са слуцкіх сялянаў, трымалі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў 15 воласцях і супраціўляліся Чырвонай арміі. Асноўнай рухаючай сілай Слуцкага збройнага чыну сталася сялянства, якое супраціўлялася савецкай палітыцы ваеннага камунізму і падтрымлівала ідэю незалежнасці Беларусі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 году. Збройны чын узначалілі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і шляхты.

Марш да гадавіны Слуцкага збройнага чыну адбудзецца ў нядзелю 26 лістапада а 13:00 у Варшаве. На скрыжаванні вуліцаў Іерусалімскай (Alee Jerozolinskie) і Новы Свят (ul. Nowy Świat 15) пачне фармавацца калона для Маршу на Дзень беларускіх герояў. Калона пачне рух а 13:30.

«103 гады таму слуцкія сяляне распачалі збройную барацьбу супраць бальшавіцкіх акупацыйных войскаў за Беларускую Народную Рэспубліку. Беларуская нацыя мае шмат герояў. Давайце разам ушануем тых беларускіх герояў, якія загінулі за Незалежную Беларусь: слуцкіх паўстанцаў; беларусаў, якія загінулі ад камуністычных і нацысцкіх рэпрэсіяў; беларусаў, забітых лукашэнкаўскай бандай; беларусаў, якія загінулі ў змаганні за Украіну.

А таксама абавязкова прыгадаем сённяшніх герояў – беларускіх палітвязняў, якіх незаконна кінулі за краты», – заклікае аргкамітэт святкавання.

Белсат стаў інфапартнёрам падзеі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў