«Чакаем, калі на сустрэчах дэмсілаў з’явіцца дзіцячы пакой». Беларускі – пра мацярынства ў эміграцыі


Эміграцыя, няпростая сама па сабе, робіцца нашмат складанейшая з дзецьмі. Яшчэ цяжэй пераязджаць за мяжу самотным маці. Кватэры сем’ям з дзецьмі здаваць не надта хочуць. Уладкаванне дзіцяці ў садкі і школы без ведання мовы – асобны кўэст. Усе гэтыя пытанні амаль не падымаюцца грамадствам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, лічаць жанчыны. Часта маці адчуваюць сябе выключанымі з грамадскага і палітычнага жыцця, бо на сустрэчах не прадугледжаны ўдзел з дзецьмі. Як можна змяніць сітуацыю і зрабіць мацярынства ў эміграцыі бачным? Гэтую тэму беларускі абмяркоўвалі на онлайн-канферэнцыі «(Ня)бачнае мацярынства: палітыка, эканоміка, міграцыя», зладжанай ініцыятывай «FemMoz».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Пасля 2020 года мацярынства стала дадатковым фактарам уразлівасці

Пра свой досвед мацярынства ў Беларусі і за мяжой распавялі Юлія – журналістка, аўтарка дзіцячых кніг, якая выхоўвае трохгадовага сына і разам з мужам жыве цяпер у Літве, Вікторыя Лаўрынюк – гендарная даследчыца, маці дваіх дзяцей, якіх выхоўвае адна, з Беларусі пераехала ў Літву, цяпер жыве ў Францыі, і Мая Церакулава – педыятарка, якая некалі пераехала з Казахстану ў Беларусь, а потым уцякла ад рэпрэсіяў у Польшчу. Мая таксама адна выхоўвае траіх дзяцей, адно з якіх мае інваліднасць.

Мацярынства ў Беларусі ніколі не было простым, а пасля 2020 года стала дадатковым фактарам уразлівасці ды інструментам ціску ўладаў на жанчын – пагаджаюцца ўсе спікеркі.

«Калі б я не зацяжарала ў 2019 годзе, то наўрад ці б наважылася на гэта на фоне таго, што адбываецца апошнія тры гады. Бо гэта занадта небяспечна. Дзяржава цісне на цябе з усіх бакоў, маніпулюе дзіцём. Калі майго мужа затрымалі, нашаму сыну было 7–8 месяцаў. Мужу пагражалі, што дзяржава ягонага сына лепш вырасціць. У такой абстаноўцы ў Беларусі вельмі цяжка эмацыйна і псіхалагічна расціць дзяцей», – кажа Юлія.

Калі бацькоў затрымоўваюць за палітычныя погляды, усё часцей ставяць на ўлік СНС (сацыяльна небяспечнае становішча) і адпраўляюць у такія сем’і камісіі. У складзе гэтых камісіяў як педыятарцы давялося паўдзельнічаць Маі Церакулавай.

«Лекарам не тлумачаць, чаму адпраўляюць. Проста прыходзіць дырэктыва: пэўны адрас, прозвішча, загад праверыць на СНС. Задача педыятра – ацаніць стан здароўя дзіцяці, ці ёсць нейкія станы і хваробы, якія сведчаць пра дрэнны дагляд. І калі да 2020 года ты прыходзіў па такіх адрасах і насамрэч бачыў праблемы, то пасля 2020 года гэта былі цалкам нармальныя сем’і, – распавядае Мая. – Нават у паліклініках проста казалі паміж сабой, што гэта палітычныя. Я пісала, што дзіця здаровае, дагляд добры. Што далей адбывалася, не ведаю. То бок гэта факт, што палітычных падаюць на СНС і камісіі да іх ходзяць. Але наколькі я ведаю, з майго ўчастку да майго ад’езду прынамсі нікога з дзяцей не забралі».

Кўэст «зняць кватэру з дзецьмі за мяжой»

Мая падчас свайго жыцця ў Беларусі не была палітычнай актывісткай, аднак ніколі не хавала свайго меркавання, асуджала гвалт з боку сілавікоў. За гэта жанчыну двойчы звольнілі з працы. Мая распавядае, што да ад’езду ўвесь час баялася, што яе затрымаюць.

«Гэта была мая асноўная фобія – што да мяне прыйдуць, пакладуць тварам у падлогу, правядуць ператрус, дзеці перапужаюцца, і іх забяруць у дзіцячы дом. Найперш я баялася за дзяцей, – кажа педыятарка. – Яшчэ адна прычына, з якой я з’ехала, – дзецям у школах прамываюць мазгі. І казаць дзіцяці: не вер настаўніку, я не згодна – не хачу вучыць дзіця фільтраваць інфармацыю, яны яшчэ малыя для гэтага. З прапагандысцкімі наратывамі ў школе я зусім не хацела мірыцца».

За мяжой маці-беларускі жывуць у бяспецы, могуць не перажываць, што іхныя дзеці апынуцца ў прытулку праз палітычныя погляды бацькоў, аднак у той жа час паўстаюць новыя праблемы. Адна з іх – арэнда кватэры.

Інтэрв’ю
Педыятр Мая Церакулава, якая ўцякла з Беларусі ад рэпрэсіяў, стварыла YouTube-канал пра дзіцячае здароўе
2023.10.22 08:30

«Што датычыць арэнды жытла, складанасці ўзнікаюць у любы момант, калі ты перастаеш быць сярэднестатыстычным арандатарам – калі ты з дзецьмі, з жывёлаю, – кажа Юлія. – Я не разумею гэтай логікі, бо лічу, што сем’і з дзецьмі якраз нашмат больш адказныя і менш праблемныя арандатары – яны зацікаўленыя не апынуцца на вуліцы з дзіцём. І якраз сем’і з дзецьмі не будуць ладзіць шумных вечарынаў да раніцы, а калі ў цябе няма дзяцей, то ніхто табе не перашкаджае гэта рабіць. Але, на жаль, ёсць такая праблема і стэрэатыпы, і даводзіцца тлумачыць, што калі маё дзіця штосьці сапсуе, я гэта ўсё напраўлю і аплачу».

Юлія распавядае, што ў Літве гаспадары неахвотна здаюць жытло сем’ям з дзецьмі, бо ёсць абавязак зарэгістраваць дзіця на адрасе пражывання, і потым у спрэчных сітуацыях яго вельмі цяжка выпісаць.

«Каб развязаць гэтае пытанне, мы падпісалі з гаспадыняй нашай кватэры пагадненне, што ў выпадку чаго будзем згодныя на выпіску нашага сына і не будзем даводзіць справу да суда», – кажа журналістка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Вельмі цяжка зняць кватэру ў Францыі, распавядае Вікторыя Лаўрынюк:

«У Леоне, напрыклад, 50 прэтэндэнтаў на 1 кватэру. І асноўная складанасць тут нават не ў дзецях, а ў тым, што любога чалавека ў прынцыпе цяжка выселіць з кватэры. Таму, каб мець шанец арандаваць кватэру, у цябе мусіць быць пастаянны кантракт ці гарант, фінансавая структура, якая забяспечвае табе гарантыі плацежаздольнасці».

«Калі чуеш, што маладая маці вядзе тры бізнесы, найхутчэй, дзецьмі займаюцца бабулі»

Няпроста было знайсці кватэру і Маі ў Беластоку.

«Гэта зразумела: трое дзяцей, без працы, ведання мовы, легальнага статусу. Але мне пашанцавала і трапілася вельмі смелая гаспадыня, – кажа педыятарка. – Хоць ёй таксама было няпроста здаць сваю трохпакаёўку без парковачнага месца. А мне яно і не патрэбнае, у мяне няма машыны. Вядома, за мяжой ды агулам нашмат прасцей быць самотным мужчынам, чым шматдзетнай жанчынай».

Калі кватэру нарэшце атрымалася зняць, узнікае пытанне ўладкавання дзяцей у садкі, школы і сумяшчэнне мацярынскіх абавязкаў з працай. Дадатковай цяжкасцю можа быць адсутнасць за мяжой звыклага атачэння – тых жа бабуль і дзядуляў, якія маглі падхапіць і дапамагчы ў патрэбны момант.

Юля з мужам не адразу змаглі ўладкаваць сына ў садок у Вільні, бо давялося чакаць афармлення дакументаў і вольнага месца. Для жанчыны гэта быў няпросты досвед сумяшчэння штодзённага перабывання з дзіцём і працы.

«Я не ўяўляю сябе без працы, таму я ахвяравала сваім сном – я пісала кнігі, калі сын спаў, ноччу, – кажа Юлія. – З садкамі ў Літве сітуацыя наступная. Тут абавязковай з’яўляецца школа. Калі ты прыязджаеш з візай D ці ў цябе від на жыхарства, твайму дзіцяці знойдуць месца ў школе ў любы перыяд навучальнага года. У садку трэба чакаць вольнага месца. Мы прыехалі ў лютым, адразу падалі заяўку. Яе разглядалі месяц і потым сказалі, што месца будзе толькі з верасня. Для нас гэта было занадта доўга, давялося дадаткова размаўляць з загадчыцай, каб уладкаваць дзіця раней».

Юля зазначае: што ў эміграцыі, што ў Беларусі вельмі рэдка падымаецца тэма рэсурсаў маці падчас выхавання дзіцяці.

«Шанцуе тым, у каго побач бабулі. Тады мы і чуем гісторыі кшталту «я тут тры бізнесы вяду» і да таго падобныя, а ты толькі вазок вакол дому возіш. А калі пачынаеш высвятляць, як там усё атрымоўваецца, аказваецца, дзіцём займаецца бабуля. Бо выхаванне – гэта заўсёды пытанне рэсурсаў, фізічных ці грашовых», – кажа дзяўчына.

Як сумясціць працу і выхаванне дзіцяці ў эміграцыі?

Вікторыя распавядае, што калі яна яшчэ жыла ў Беларусі, яе заўсёды здзіўляла, што падоўжанка ў школе закрывалася а 18-й гадзіне, а працоўны дзень таксама канчаецца ў гэты ж час. Вікторыя амаль ніколі не паспявала забраць дзяцей і прасіла сваіх бацькоў дапамагчы.

«А што рабіць тым, у каго няма каму дапамагчы? У выніку мы і бачым сітуацыі, калі жанчыны шукаюць гнуткі графік працы, а гэта значыць – ахвяруюць кар’ернымі магчымасцямі і вышынёй заробку», – зазначае беларуска.

Няпроста сумяшчаць мацярынства і працу і ў Францыі, кажа Вікторыя.

«Францыя – зусім не дзетацэнтрычная краіна. Тут такая філасофія: дзеці не павінны перашкаджаць бацькам ніякім чынам. Аднак на практыцы для гэтага мала што зроблена. Напрыклад, па серадах дзеці ў пачатковай школе не вучацца. Трэба штосьці прыдумляць, чым іх заняць: лагер, падоўжанка – а гэта платна, – распавядае жанчына. – З іншага боку, тут ёсць падоўжанкі нават перад урокамі. Калі заняткі пачынаюцца ў 8:30, дзіця можна прыводзіць да 7-й гадзіны. Гэта вельмі зручна, калі табе трэба на працу. Аднак у любы момант твае планы могуць сапсаваць страйкі, якія тут адбываюцца часта – праз іх могуць не працаваць школы, транспарт».

Мая, каб усё паспяваць, і ў Беларусі карысталася дапамогай няняў, бо «бабуляў ніколі не было пад рукой». Працягвае гэта рабіць у Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Варшава, Польшча. 22 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Калі дзеці былі зусім малыя, нянямі былі прафесіяналкі з педагагічнай адукацыяй. Цяпер малодшаму – шэсць гадоў, сярэдняй  – дзесяць, старэйшаму – адзінаццаць, і іх глядзяць суседскія падлеткі – яны з імі гуляюць на вуліцы, водзяць і забіраюць у школу і са школы, – распавядае педыятарка. – Я цяпер пішу шмат артыкулаў для розных рэсурсаў, па выходных вучуся ў паліцыяльнай школе, часу ў мяне вельмі мала. Таму суседскія падлеткі вельмі дапамагаюць. І галоўнае – ім не трэба нагадваць па некалькі разоў. Я ім плачу грошы і магу на іх разлічваць».

«Арганізатары сустрэчаў не ўлічваюць, што ў жанчыны могуць быць дзеці»

Акрамя праблемаў з арэндай жытла і сумяшчэння мацярынства з працай, мамы-беларускі звяртаюць увагу на важнасць агульнай прыязнай для дзяцей прасторы і атмасферы, а таксама забеспячэнне жанчынам з дзецьмі магчымасці браць удзел у грамадскім і палітычным жыцці.

«Беларусь – вельмі чайлд-хэйтарская краіна. Адна справа – раз на год сказаць, што маці – гэта святое і што мы любім дзяцей. Але на практыцы цябе ненавідзяць нават на дзяржаўным узроўні. Дзеці ўсім перашкаджаюць, бо яны нязручныя. Ты часта сутыкаешся з агрэсіяй. У нас вельмі кепска спланаваная інфраструктура, пандусы ў метро, з вазком немагчыма прайсці, ліфтаў няма. І яшчэ позіркі: куды ты з дзіцём прэшся? Таму, з аднаго боку, у нас прыгожа дэкларуецца клопат, а адначасова не могуць зрабіць абстаноўку, каб жанчыны адчувалі сябе камфортна», – згадвае Юлія досвед жыцця ў Беларусі.

Журналістка кажа, што і Літва не надта дзеталюбівая краіна, аднак інфраструктура ўсё ж адаптаваная пад дзяцей, і стаўленне ў грамадстве больш талерантнае, чым у Беларусі.

«Памятаю, першы час, калі на касе ў краме сын гарэзліва сябе паводзіў, я па беларускай звычцы яго торгала. І неяк касірка мне кажа: ён дзіця, не замінайце яму атрымліваць асалоду ад свайго дзяцінства, усё добра. Я думала, што б я пачула ў Беларусі, што мой сын трасе перагародку там і махае нагамі. У Літве ў кожным гандлёвым цэнтры – камфортны пакой маці і дзіцяці, у туалетах можна знайсці дзіцячыя седалы і гаршкі».

Вікторыя Лаўрынюк звяртае ўвагу, што зручнай прасторы для мам з дзецьмі няма ў актывісцкім і палітычным асяроддзі.

«Найчасцей арганізатары розных сустрэчаў не ўлічваюць, што ў жанчыны могуць быць дзеці, і што яна можа не мець, на каго іх пакінуць. У выніку цэлы пласт жанчын выключаны з сацыяльнага і палітычнага актывізму. І гэта не адзінкавыя выпадкі, а сістэмная дыскрымінацыя. І нашыя дэмакратычныя сілы павінны думаць пра палітыку інклюзіўнасці і ўключаць яе ў свае праграмы», – кажа беларуска.

«Мы бачым Ціханоўскую ў атачэнні мужчынаў, а дзеці – недзе там»

Вікторыю вельмі засмучае, што дэмакратычныя сілы часам паўтараюць рыторыку беларускага рэжыму, напрыклад, пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку:

«Некалькі гадоў таму ўлады планавалі скараціць дэкрэтны адпачынак, а цяпер незалежныя эксперты кажуць, што такім чынам можна падняць ВУП. І я бачу, што нічога не змяняецца, што дэмсілы таксама хочуць падымаць ВУП за кошт жанчын. Нібыта іншых спосабаў у нас няма, толькі праз скарачэнне дэкрэтнага адпачынку. Што рабіць? Напэўна, у першую чаргу слухаць і чуць жанчын. Павінна быць гендарная экспертыза, гендарны аналіз».

Маці-беларускі звяртаюць увагу, што зусім не арыентаваныя на дзяцей і падзеі Аб’яднанага пераходнага кабінету ды агулам дэмакратычных сілаў.

«Будзем чакаць, калі на наступным з’ездзе беларускіх дэмсілаў з’явіцца дзіцячы пакой. Для мяне гэта гучыць больш рэвалюцыйна, чым новая Беларусь будучыні. І ці ўвогуле магчымая новая Беларусь будучыні без дзіцячага пакою на палітычных мерапрыемствах? А калі яго няма, пра якую інклюзіўнайсць мы можам казаць? Дзіцячы пакой – гэта як сімвал таго, што дэмакратычныя сілы прыхільныя гендарнай роўнасці, інклюзіі, без чаго дэмакратычнае грамадства ў прынцыпе не можа быць пабудаванае», – кажа Вікторыя.

Удзельніцы канферэнцыі прыгадалі першы дазволены мітынг Святланы Ціханоўскай у Менску ў 2020 годўзе і назвалі яго самым інклюзіўным, бо ён праходзіў у парку з вялікай дзіцячай пляцоўкай.

«Было цікава назіраць, як падзялілася публіка: былі людзі каля сцэны, а была вялізная колькасць вакол пляцоўкі. Гэта было прыгожа – бацькі маглі глядзець за дзецьмі і слухаць Ціханоўскую. Магчыма, менавіта таму, што быў такі фармат, было так шмат людзей, бо жанчыны змаглі прыйсці і паўдзельнічаць, бо была магчымасць быць маці і грамадзянкай з палітычнымі інтарэсамі», – кажуць жанчыны.

Цяпер жа тэма мацярынства амаль не падымаецца ў публічнай прасторы і ў працы Кабінету, зазначаюць жанчыны.

«Мы кажам, кажам пра гэта, але нас нібыта не чуюць. У выніку мы бачым Ціханоўскую ў атачэнні мужчынаў, а дзеці  – недзе там», – да дыскусіі далучылася філосаф і даследніца Вольга Шпарага.

Маці-беларускі заклікаюць грамадства і дэмакратычныя сілы задумацца пра адвакацыю правоў жанчын з дзецьмі, заўважыць іх і зрабіць магчымым іхны актыўны ўдзел у палітычным і грамадскім жыцці.

«У нас цяпер атрымоўваецца грамадства ва ўсечаным фармаце, без маці і дзяцей, і гэта чамусьці не ўспрымаецца як праблема, як не-норма. Вельмі заўважна, што гэта не прыярытэт у дэмсілаў. У выніку атрымоўваецца, што жанчыны не могуць у дастатковай ступені быць уцягнутымі ў дэмакратычныя працэсы, тыя ж выбары ў КР, бо іхны час сыходзіць на дзяцей, на пошук кватэраў і на таму падобнае. Гэта трэба змяняць», – кажуць маці-беларускі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў