У Беларусі канфіскавалі 330 кг гераіну, які хацелі пераправіць у Вялікую Брытанію


На складзе ў Менску беларускія спецслужбы канфіскавалі каля 330 кілаграмаў гераіну з Ірану, які ў далейшым планавалі накіраваць у Вялікую Брытанію, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі. У нашую краіну ён патрапіў з тэрыторыі Расеі.

У Менску прайшла аперацыя па спыненні каналу наркатрафіку. Скрыншот з відэа: gpkgovby / Telegram

«Пры правядзенні міжнароднай аперацыі па спыненні канала наркатрафіку па маршруце «Іран-Расея-Беларусь-Вялікая Брытанія» супрацоўнікі аператыўных падраздзяленняў органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь сумесна з калегамі з Памежнай службы ФСБ Расеі і мытных органаў нашай краіны выявілі каля 330 кілаграмаў гераіну», – гаворыцца ў паведамленні Памежнага камітэту Беларусі.

Наркотык быў упакаваны ў каробкі з-пад соку і схаваны ў адным са складскіх памяшканняў у Менску.

У Менску прайшла аперацыя па спыненні каналу наркатрафіку. Скрыншот з відэа: gpkgovby / Telegram
У Менску прайшла аперацыя па спыненні каналу наркатрафіку. Скрыншот з відэа: gpkgovby / Telegram

Беларускія памежнікі высветлілі, што кропкай адпраўкі грузу быў Іран. Далей наркотыкі накіравалі на тэрыторыю Расеі, а потым – у сталіцу Беларусі. Канчатковым пунктам маршруту павінна была быць Вялікая Брытанія.

«Супрацоўнікамі памежнай службы праведзена аператыўная камбінацыя, з прычыны чаго на тэрыторыю Беларусі прыбылі сябры пазначанай групы з мэтай транспарціроўкі гераіну ў Еўропу. У выніку аперацыі затрыманыя чацвёра грамадзянаў Турцыі і адзін грамадзянін Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні ДПК.

У беларускім ведамстве сцвярджаюць, што былі ўсталяваныя ўсе ўдзельнікі і арганізатары канала пастаўкі наркотыкаў. Ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі «за арганізацыю міжнароднага канала наркатрафіку».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў