Полк Каліноўскага стварае новы батальён «Western»


Беларускія добраахвотнікі з палка Каліноўскага аб’явілі аб стварэнні новага батальёна «Western». У яго ўвойдуць прафесійныя вайскоўцы з іншых краінаў, паведамляе прэс-служба палка.

Полк Каліноўскага стварае новы батальён «Western». Скрыншот з відэа: belwarriors / Telegram

«У батальён ужо ўвайшлі афіцэры краін NATO і замежныя грамадзяне, якія маюць баявы досвед у Іраку і Афганістане. Усе яны да прыбыцця ва Украіну служылі ў прафесійных узброеных сілах розных дзяржаў, якія ўваходзяць у паўночнаатлантычны альянс. Нашыя замежныя пабрацімы цалкам падзяляюць права ўкраінскага і беларускага народаў на свабоду і дэмакратыю. Яны гатовыя дапамагаць нам, каб разам дасягнуць перамогі», – паведамляе прэс-служба палка Каліноўскага.

У батальён гатовы прыняць людзей толькі з вопытам службы ў прафесійных войсках, людзей без папярэдняга ваеннага вопыту ў яго прымаць не будуць.

Раней, 5 верасня, полк Каліноўскага афіцыйна паведаміў, што цалкам прыпыняецца набор рэкрутаў ва ўсе падраздзяленні. Аднак 21 верасня вайскоўцы аднавілі набор. Падрабязнасці аб спыненні рэкрутынгу абяцалі даць праз некаторы час.

 

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў