«У 97 % дзяцей, якіх мы абследавалі, ёсць генетычныя парушэнні». Як уплывае Чарнобыль праз 37 гадоў


26 красавіка 1986 года выбухнула Чарнобыльская АЭС. Людзі, якія трапілі пад уздзеянне радыяцыі ў першыя дні і нават гады пасля катастрофы, зазналі сур’ёзныя наступствы для свайго здароўя. Прайшло 37 гадоў. Пакаленне, якое пацярпела ад Чарнобылю, нараджае сваіх дзяцей. Ці пагражаюць ім наступствы той аварыі? Які стан здароўя ў людзей, што працягваюць жыць на забруджаных тэрыторыях? Размаўляем пра гэта з беларускім навукоўцам, адмыслоўцам у галіне радыяцыйнай медыцыны, першым рэктарам Гомельскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту, прафесарам Юрыем Бандажэўскім.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

«Тэма Чарнобылю не сыдзе ніколі»

– Спадар Юрый, вы некалі заснавалі ва Украіне навукова-даследчы цэнтр «Экалогія і здароўе», вывучалі стан здароўя дзяцей, якія цяпер жывуць недалёка ад Чарнобыльскай АЭС. Скажыце, калі ласка, ці праводзіце вы яшчэ даследаванні, ці ўжо можна рабіць пэўныя высновы?

– Так, мы працягваем працу і апошнія гады займаемся аналізам і ацэнкай інфармацыі, якую атрымалі падчас гэтага вялізнага праекту. Цягам трох гадоў мы штогод абследавалі больш за тры тысячы дзяцей. Мы прымянялі вельмі тонкія, скрупулёзныя метады (генетычныя, біяхімічныя, медычныя), вызначалі ўтрыманне радыеактыўных элементаў у арганізме. Матэрыялу было сабрана шмат, і яго аналіз патрабуе часу.

Галоўная выснова, якую можна зрабіць, – тэма Чарнобылю не сыдзе ніколі, калі на яе глядзець так, як яна таго патрабуе.

– З якім наступствамі аварыі на ЧАЭС мы сёння маем справу?

– З аддаленымі. Калі ў першыя дзесяць гадоў мы бачылі адныя эфекты, то праз 37 гадоў – іншыя. І я б сказаў, што яны сталі больш сур’ёзнымі. Так, мы цяпер не бачым такіх вялікіх дозаў радыяцыі ў арганізмах людзей. Хоць нядаўна глядзеў свежае даследаванне ўкраінскіх навукоўцаў, што ў Жытомірскай вобласці ёсць вёскі, дзе вельмі сур’ёзнае ўтрыманне радыенуклідаў у арганізмах дзяцей. Так што людзі атрымліваюць радыяцыйнае ўздзеянне дагэтуль. Толькі крыніцы сталі іншымі.

«Забруджаныя дрэвы нібы маленькія атамныя рэактары»

– Якія цяпер крыніцы радыяцыі?

– Найбольш радыяцыі сёння людзі атрымліваюць з прадуктамі харчавання. Прычым такім шляхам радыенукліды могуць трапіць у арганізм людзей, якія жывуць далёка ад зоны забруджвання, але спажываюць прадукты харчавання, якія вырошчваюцца ў гэтай зоне.

Акрамя таго, шырока выкарыстоўваецца ў побытавых мэтах дрэва з раёнаў радыяцыйнага забруджвання. Калі яго паляць для абагрэву жытла, выдзяляецца вялізная колькасць радыяцыі. Вельмі радыеактыўны таксама попел гэтага дрэва, які выкідаюць на гароды. І потым той жа стронцый з гароднінай і фруктамі трапляе ў арганізм чалавека. Людзі нібы яшчэ раз вяртаюцца ў Чарнобыль. Гэтае забруджанае дрэва становіцца нібы маленькім атамным рэактарам.

На жаль, усё менш кажуць пра доўгатрывалыя радыенукліды. Знізілася радыяцыйная насцярожанасць, людзі нібы забылі і супакоіліся, і думаюць, што ўжо ўвогуле нічога няма, а сітуацыя даволі сур’ёзная. Нікуды не дзеліся і ў найбліжэйшы час не дзенуцца цэзій-137, стронцый-90 ці амерыцый-241, якія цяпер з’явіліся ў вялікай колькасці на забруджаных тэрыторыях.

«У другога пакалення пасля Чарнобылю пашкоджаныя рэгулятарныя сістэмы арганізму»

– Распавядзіце, калі ласка, да якіх высноваў вы прыходзіце падчас аналізу вашых даследаванняў? Што ўвогуле ўдалося даведацца пра стан здароўя людзей на забруджаных тэрыторыях?

– Мы выявілі шмат праблемаў. У прыватнасці, 80 % дзяцей, якіх мы назіралі, маюць парушэнне сэрцавага рытму. У прыкладна такой ж колькасці – пашкоджанне функцыянальных рэзерваў сэрцава-судзіннай сістэмы, яе здольнасці адаптавацца да нагрузак, як фізічных, так і псіхічных. Гэтыя дзеці стануць дарослымі, і іхныя арганізмы будуць не гатовыя да дарослага жыцця. Мы назіраем раптоўныя смерці сярод дзяцей, маладых вонкава здаровых людзей.

У другога пакалення пасля Чарнобылю мы бачым пашкоджанні рэгулятарных сістэмаў арганізму. Разбалансаваныя эндакрынная, нервовая, сэрцава-судзінная, імунная сістэмы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Таксама хачу сказаць пра метабалічныя змяненні – парушэнне абмену рэчываў. Мы выявілі высокія ўзроўні ўтрымання серазмяшчальнай амінакіслаты гомацыстэіну. Гомацыстэін – гэта прадукт метабалізму метыяніну – незамяняльнай амінакіслаты ў арганізме. Цяпер вельмі шмат увагі ў свеце надаецца гэтай кіслаце. Яе падвышэнне звязваюць з цэлым шэрагам сур’ёзных хваробаў. У абследаваных намі дзяцей, што жывуць каля ЧАЭС, практычна ў 80 % быў выяўлены вышэйшы за фізіялагічную норму ўзровень гомацыстэіну. Таксама мы назіралі падвышэнне гомацыстэіну пасля пажараў у Рудым лесе чарнобыльскай зоны адчужэння, якія там перыядычна ўзнікаюць.

Падвышэнне гомацыстэіну, справакаванае радыяцыяй, прыводзіць да анкалагічных хваробаў

– Да якіх наступстваў для арганізму прыводзіць высокі гомацыстэін?

– Да парушэння згушчальнасці крыві, трамбозаў судзінаў, у выніку – да інфарктаў, інсультаў, пашкоджання функцыяў нервовай сістэмы рознага роду, парушэння цячэння цяжарнасці, паталогіяў зародка аж да прыроджаных парокаў развіцця і, вядома, да анкалогіі. Цяпер з’яўляецца шмат працаў, якія звязваюць падвышэнне ўзроўню гомацыстэіну з анкалагічнымі хваробамі. Мы ўважліва сочым за гэтым і пачынаем разумець, чаму на тэрыторыі, пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС (а Беларусь, я лічу, пацярпела ўся), мы бачым такі ўсплёск анкалагічных хваробаў. Я кажу пра гэта шмат гадоў, але раней не звязваў з падвышаным гомацыстэінам, бо гэтыя паглыбленыя даследаванні мы правялі толькі цяпер.

Таксама ў нас атрымалася звязаць з падвышэннем гомацыстэіну парушэнне функцыі шчытападобнай залозы і гіпофізу ў дзяцей.

Таксама назіраем парушэнне мінеральнага абмену, у прыватнасці, абмену кальцыю. Цяпер мы разумеем, чаму парушаецца фармаванне коснай сістэмы ў дзяцей.

«Прафілактыкай павінна займацца дзяржава»

– Што з гэтым усім можна сёння зрабіць? Ці існуе нейкае лячэнне?

– Цяпер увага павінна быць прыкаваная да прафілактыкі хваробаў, звязаных з парушэннем абмену рэчываў. Мы над гэтым працуем і спрабуем ацаніць, у якім кірунку лепш ажыццяўляць прафілактычныя захады.

Але каб прафілактыка была эфектыўнай, ёй павінна займацца дзяржава – і перш за ўсё структуры, адказныя за здароўе. Я хацеў бы, каб нашае грамадства зразумела гэтую адказнасць дзяржавы. Індывідуальна мы не зможам абараніцца ад радыяцыі.

Я ўжо казаў, што праблему колькасцю лякарняў не вырашыць. Лячыць людзей важна, але яшчэ важней папярэдзіць узнікненне хваробаў. І тут патрэбнае змяненне дзяржаўнай палітыкі, правядзенне сацыяльных захадаў для папярэджання пранікнення радыеактыўных элементаў у арганізм чалавека. Патрэбнае не хаванне эфектаў радыенуклідаў у прадуктах харчавання, а пастаноўка мэты, каб іх увогуле там не было. Я не ведаю, ці існуюць цяпер у Беларусі нейкія эфектыўныя праграмы папярэджання распаўсюду радыенуклідаў. Раней пра іх казалі, а цяпер – цішыня.

Акрамя прафілактыкі, у сувязі з парушэннем абмену рэчывамі трэба змяняць характар харчавання такіх людзей. Мы праводзілі генетычныя даследаванні фалатнага цыклу ў дзяцей і ўбачылі сувязь генетычнага фактару з узнікненнем падвышанага ўзроўню гомацыстэіну ў крыві. Усяго 3 % дзяцей у нашых даследаваннях не мелі парушэнняў у будове генаў, якія кантралююць фалатны цыкл. У астатніх – парушэнні ў ферментах, якія ўдзельнічаюць у метабалізме гомацыстэіну.

«Вітаміны не дапамогуць, калі чалавек працягне есці забруджаныя прадукты»

– Ці можна паўплываць на ўзровень гомацыстеіну, панізіць яго?

– Можна. Калі вы перастанеце есці забруджаныя прадукты харчавання. Таксама трэба кантраляваць спажыванне прадуктаў з падвышаным узроўнем метыяніну. Акрамя таго, ёсць вітамінныя прэпараты, якія вельмі эфектыўныя і прымяняюцца нават пры генетычных дэфектах. Гэта спалучэнне метыляваных формаў вітаміну В9 (фоліевай кіслаты) і В12. Але, вядома, вітаміны не дапамогуць, калі чалавек працягне жыць на забруджанай тэрыторыі і есці забруджаныя прадукты. Першаснае рашэнне – стварэнне бар’еру пранікнення радыеактыўных элементаў у арганізм. Мы бачылі, як паляпшаўся стан дзяцей, якіх вывозілі з забруджаных тэрыторыяў.

Калі ж вы выкарыстоўваеце мясцовыя прадукты, вам трэба правесці іх радыяцыйны кантроль. У нас на базе лякарні ў Іванкаўскім раёне Кіеўскай вобласці быў разгорнуты вялізны кантрольны комплекс для ацэнкі ўтрымання радыенуклідаў не толькі ў арганізме, але і ў прадуктах харчавання.

Увогуле, мы жывем у час, калі радыеактыўныя элементы шырока распаўсюджаныя ўва ўсім свеце. І тут не толькі Чарнобыль. Тая ж Фукусіма – вада з яе пастаянна трапляе ў акіян.

– Гэта значыць, што нам усім трэба вучыцца суіснаваць з радыяцыяй, не толькі тым, хто жыве на забруджаных тэрыторыях?

– Я пра гэта і кажу, што ахвярамі радыяцыйнага ўздзеяння могуць быць людзі, якія не жывуць на гэтай тэрыторыі, а з вадой, паветрам і прадуктамі харчавання атрымліваюць радыеактыўныя элементы. На жаль, праблема вельмі сур’ёзная. 30-кіламетровая зона вакол Чарнобылю дагэтуль уяўляе небяспеку для ўсяго свету, не толькі для найбліжэйшых тэрыторыяў. Там глеба ўтрымлівае вялізную колькасць радыеактыўных элементаў. Ці магільнікі ядравых адкідаў па ўсім свеце. Яны таксама крыніца радыяцыі, калі недастаткова закансерваваныя, а гэта вельмі цяжка зрабіць, бо сваю ролю граюць і рэльефы мясцовасці, і падводныя грунтовыя воды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

– Ці трэба ў такім выпадку нам усім правярацца на радыяцыю?

– Я лічу, што так, гэта трэба рэгулярна рабіць.

«Не можа быць бяспечнай колькасці радыеактыўных элементаў»

– Якім чынам? Сёння можна прыйсці ў паліклініку і сказаць: праверце мяне на радыяцыю?

– У нашым комплексе ва Украіне была такая магчымасць. Некалі ў Беларусі пры лякарнях можна было таксама. На жаль, я не ведаю, як цяпер з гэтым сітуацыя ў Беларусі, бо ўжо 17 гадоў там не жыву і не маю кантакту з арганізацыямі, якія ўсімі гэтымі пытаннямі займаюцца.

Але адна справа – абследаванне, а іншая – трактаванне вынікаў і што прымаецца за норму. Напрыклад, паводле нормы, малако павінна ўтрымліваць менш за 100 бэкерэляў радыеактыўнага цэзію на літр. Калі будзе 95–99, вам скажуць, што ўсё добра, і вы пойдзеце і будзеце піць гэтае малако. Але 90 і 80, і нават 60 і 40 – гэта кепска, бо ўсё роўна чалавек п’е малако з радыеактыўнымі элементамі. І найлепшы варыянт, калі там няма ніводнага бэкерэля радыеактыўнага цэзію. Тое самае з іншымі прадуктамі і вынікамі абследавання чалавека. Ад трактавання шмат залежыць.

Я шмат гадоў стаю на тым, што любая колькасць радыеактыўных элементаў небяспечная, не можа быць бяспечнай колькасці. У залежнасці ад стану арганізму яго рэакцыя будзе рознай. Калі гэта людзі, якія ніколі раней з радыяцыяй не сутыкаліся, маюць стабільны геном, у іх добра збалансаваныя інтэгратыўныя сістэмы, яны могуць перажыць тую колькасць радыяцыі, якая для іншых людзей, якія развіваліся ў забруджаных умовах, маюць слабую сістэму абароны, будзе небяспечнай. Таму нельга аднолькава ацэньваць рэакцыю ўсіх людзей на пэўную колькасць радыяцыйнага ўздзеяння. Гэта вялізная памылка, калі кажуць, што ёсць пэўныя нормы для ўсіх людзей.

Часта маніпулююць гісторыямі людзей-самасёлаў, якія працягваюць жыць на забруджаных тэрыторыях, і нібыта ўсё нармальна. Але гэта звычайна людзі ў сталым узросце, і яны ў свой час развіваліся яшчэ да таго, як ядравая энергетыка набірала сваю сілу, зямля была чыстая. Таму, дарэчы, натуральна, што нашыя продкі з кропкі погляду агульнага гамеастазу былі здаравейшыя за нас. Гэта факт. Мая бабуля пражыла больш за 100 гадоў. Тата – усяго 55 гадоў.

Вываз дзяцей на аздараўленне ўсцяж актуальны

– Спадар Юрый, вы абследавалі дзяцей ва Украіне. Ці можна сказаць, што ў дзяцей у Беларусі будзе такая ж карціна са станам здароўя?

– У Беларусі ўздзеянне радыяцыі было большым, чым ва Украіне. Таму з таго, што я ведаю, эфекты ў Беларусі больш сур’ёзныя, аднак я не маю адтуль дакладнай інфармацыі, таму не магу зрабіць ніякага заключэння. Але нашыя вынікі могуць быць карыснымі і для захадаў прафілактыкі ў Беларусі.

– Ці актуальны сёння вываз дзяцей на аздараўленне?

– Так, вядома, і ёсць арганізацыі, якія ладзяць такія паездкі, і нават ёсць такія, якія і пасля вяртання дзіцяці дамоў сочаць за станам ягонага здароўя, забяспечваюць вітамінамі і нейкімі пэўнымі прадуктамі. Я лічу, што гэта самы эфектыўны падыход – не проста вываз раз на год некуды, але спалучэнне яго з сістэмай курацыі на месцах жыхарства дзяцей.

Ці адгукнецца Чарнобыль мутацыямі ў наступных пакаленнях?

– Спадар Юрый, вы ўжо зазначылі, што радыяцыя прыводзіць да генетычных парушэнняў. Ці можа гэта значыць, што, напрыклад, у дзяцей, якія нараджаюцца ў людзей, што наўпрост пацярпелі ад радыеактыўнага ўздзеяння, будуць парушэнні? Нават калі такое дзіця нараджаецца на чыстай тэрыторыі?

– Даследаванняў, якія б паказалі, што адбыліся сур’ёзныя мутацыйныя працэсы, вельмі мала. На жаль, людзі ці арганізацыі, якія спрыялі стварэнню цішыні вакол генетычных праблемаў пасля Чарнобылю, дамагліся свайго. У Беларусі закрылі Інстытут прыроджаных спадчынных захворванняў, якім кіраваў прафесар Генадзь Лазюк. А там былі ўнікальныя працы, якія паказалі, што на забруджаных тэрыторыях павялічылася частата генетычных мутацыяў у шэрагу кірункаў.

Але на 100 % сказаць, узнікнуць праблемы ці не ўзнікнуць, вельмі складана. Тыя сур’ёзныя мутацыі, якія з’яўляліся ў першыя гады ў людзей, што пацярпелі ад радыяцыйнага ўздзеяння, прыводзілі да гібелі зародкаў падчас цяжарнасці. Гэтыя арганізмы не выжылі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yonathan Weitzman / Reuters / Forum

Маглі ўзнікнуць мутацыі, для рэалізацыі якіх патрэбны час у некалькі пакаленняў. Магчыма, яны праявяцца, магчыма – не. Гэта пытанне. Даказаць ці прасачыць генетычныя наступствы ўздзеяння радыяцыі вельмі цяжка. Аднак паўтаруся пра вынікі нашага даследавання – толькі ў 3 % дзяцей, якіх мы назіралі, не было генетычных парушэнняў у фалатным цыкле. А гэты цыкл – вельмі важны ў арганізме, ён удзельнічае ў тым ліку ў абароне ад анкалагічных хваробаў. То бок 97 % дзяцей маюць генетычныя змяненні. Дзецям з такім генатыпам лепш не жыць на забруджаных тэрыторыях.

– Ці паўплывала вайна ва Украіне на вашыя даследаванні і магчымасць іх праводзіць?

– Вядома, паўплывала. Мы ж цяпер ужо не ва Украіне. Пакуль у ранейшым аб’ёме мы не можам праводзіць даследаванняў. І гэта трагічная сітуацыя. Катастрафічная. У першую чаргу для тых людзей, якія там жывуць і працягваюць цярпець ад наступстваў радыяцыі, а цяпер яшчэ і ад вайны. Мы 45 дзён былі пад бомбамі і ўсё гэта бачылі. Потым нам дапамаглі выехаць нашыя калегі – беларусы з-за мяжы. Мы працягваем працу ў тым аб’ёме, у якім гэта магчыма. Аналізуем сабраны матэрыял, публікуемся, але ўжо не ва Украіне. Спадзяемся, што аднойчы зможам працягнуць нашую працу ва Украіне.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў