Улады польскага Элку другі год запар вывесілі беларускі сцяг да Дня Волі


У польскім горадзе Элк 25 сакавіка на будынку гарадскога ўраду быў вывешаны беларускі нацыянальны сцяг. Падзея, прымеркаваная да Дня Волі, адбываецца ў горадзе другі год запар.

Польскі і беларускі бел-чырвона-белы сцягі на будынку гарадскога ўраду ў Элку, Польшча. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«25 сакавіка дэмакратычныя колы Беларусі адзначаюць Дзень Волі, прымеркаваны да 106-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сённяшняй Беларусі гэтае свята не прызнаецца.

Знакам салідарнасці і падтрымкі беларускага народу з’яўляюцца ініцыятывы, якія распачынаюцца ва ўсім свеце ў гэты дзень па папулярызацыі бел-чырвона-белых колераў гістарычнага сцяга Беларусі, прынятага ў 1918 годзе, у год абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

У Элку жывуць і беларускія сем’і, якія ў пошуках бяспекі эмігравалі ў Польшчу. На знак салідарнасці праз сімвалічнае далучэнне да акцыі сёння (25 сакавіка) на будынку гарадской ратушы ў Элку быў узняты бел-чырвона-белы сцяг беларусаў, якія змагаюцца за свабоду», – гаворыцца ў паведамленні гарадскіх уладаў.

Фота: Белсат

Бел-чырвона-белы сцяг ужо вывешваўся на ўрадзе Элку з нагоды Дня Волі ў 2023 годзе. Вісеў беларускі штандар у горадзе і ў верасні 2020 года.

«Гісторыя паказвае, што перамагчы можна, нават калі змаганне вельмі цяжкае і шанцы на перамогу падаюцца нікчэмнымі», – адзначаў сёлета ў каментары «Белсату» прэзідэнт Элку Томаш Андрукевіч.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў