Расейцы прасоўваюцца да гораду Часаў Яр. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 761-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 25 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія ратавальнікі працуюць на месцы ракетнага абстрэлу ў Кіеве, Украіна. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Украінскае і расейскае камандаванне паведамілі пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што агулам сітуацыя пад Купянскам застаецца складанай для Збройных сілаў, што ў першую чаргу тлумачыцца вялізнай колькасцю ўдарных БпЛА ў расейцаў і шчыльнымі абстрэламі з мінамётаў.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за восем атак каля Ямпалаўкі і Вясёлага на поўначы Данецкай вобласці і Белагораўкі на Луганшчыне.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што каля Ямпалаўкі (так званы торскі выступ) войскі РФ ціснуць пра падтрымцы артылерыі, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

Іншая праўкраінская крыніца – тэлеграм-канал «Офіцер» – піша, што Белагораўку расейцы штурмуюць пяхотай, атакам якой папярэднічаюць масіраваныя артылерыйскія і мінамётныя абстрэлы. Пры гэтым праціўнік больш не выкарыстоўвае цяжкую тэхніку, апасаючыся FPV-дронаў ЗСУ.

У гэты ж час прарасейскі «Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ істотна прасунуліся па лініі населеных пунктаў Раздолаўка – Вясёлае, адкінуўшы ўкраінцаў за раку Сухая Платва.

Паводле крыніцы, адначасова з гэтым з поўначы ад Вясёлага расейцы завязалі баі за пасадкі на захадзе ад лініі мясцовай чыгункі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія ціснуць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Генштаб ЗСУ фіксуе восем безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся ў бок Часавага Яру.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора» – паведамляе, што цяпер лінія сутыкнення праходзіць за два кіламетры ад гораду.

«Рыбарь» удакладняе, што УС РФ рухаюцца ўздоўж мясцовай чыгункі ў бок мікрараёну «Канал» (населены пункт Новы). 

Таксама крыніца фіксуе прасоўванні Узброеных сілаў РФ у суседняй Багданаўцы і ў ейных ваколіцах. Пры гэтым адзначаецца, што за ўкраінцамі застаюцца паўднёва-заходнія ўскрайкі сяла.

Праўкраінскі «Бахмутський Демон» піша, што ЗСУ перайшлі да тактычнай абароны. Сітуацыя кантраляваная.

Далей на поўдзень па лініі сутыкнення фіксуюцца баі ў ваколіцах гораду Горлаўка. Зменаў не адзначаецца.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку расейскія вайскоўцы намагаюцца развіць поспех на захадзе ад раней занятага аднайменнага гораду.

Пегаў гаворыць, што цяпер УС РФ спрабуюць выйсці да Сямёнаўкі, а таксама намагаюцца выбіць украінцаў з сяла Бэрдычы.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што войскі РФ расшыраюць зону кантролю каля Танэнькага і Арлоўкі.

Між тым «Офіцер» сцвярджае, што ЗСУ захоўваюць кантроль над невялікай часткай сяла Арлоўка 

«Говорять Снайпер» адзначае, што расейцам не ўдаецца выбіць ЗСУ на ўчастку каля дамбы ў Арлоўцы.

Таксама крыніца адмаўляе прасоўванні праціўніка каля Танэнькага.

Паводле Мінабароны РФ, Збройныя сілы контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення.

На навапаўлаўскім кірунку расейцы цягам содняў больш за 20 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка і Новаміхайлаўка.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што войскі РФ занялі цэнтральную частку Новаміхайлаўкі, а таксама прасунуліся на поўначы ад сяла.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці расейцы атакуюць у ваколіцах сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае, але поспеху не маюць.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў паміж сёламі Вэрбовае і Работына. Прарасейскія крыніцы сцвярджаюць пра поспехі УС РФ на паўночным захадзе ад Вэрбовага.

У Херсонскай вобласці войскі РФ намагаюцца выбіць праціўніка з плацдармаў на левым беразе Дняпра, але пакуль сілам абароны Украіны ўдаецца ўтрымліваць пазіцыі.

«Говорять Снайпер» піша, што штурмавыя групы расейцаў загадзя выяўляюцца, пасля чаго знішчаюцца ўдарамі артылерыі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

 

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў