У Варшаве памёр вядомы беларускі журналіст і рэдактар Андрэй Александровіч


Папярэдне вядома, што ў журналіста было вострае запаленне падстраўнікавай залозы. 

Фота: bajmedia / Telegram

У Варшаве на 50-м годзе жыцця раптоўна памёр журналіст, рэдактар выдання «Беларусы і рынак» Андрэй Александровіч.

Андрэй Александровіч працаваў для такіх выданняў, як «Белорусская деловая газета», Deutsche Welle, быў адным з заснавальнікаў выдання «Штодзённік» і апошнім галоўным рэдактарам эканамічнай газеты «Беларусы і рынак», якую разграмілі ўлады ў 2022 годзе пасля 32-гадовай працы ў Беларусі.

Нягледзячы на інфармацыйную блакаду ў турмах, газета «Беларусы і рынак» доўгі час была дасяжнай для вязняў і з’яўлялася рэдкай у зняволенні крыніцай інфармацыі без прапаганды.

«Гэтая газета моцна нас падтрымлівала ў зняволенні, пакуль яе можна было атрымаць па падпісцы», – так каментуюць навіну нашыя чытачы.

Журналіст выехаў з Беларусі ў другой палове 2023 года і знаходзіўся ў Варшаве. У 2022 годзе яго вазілі на допыт у КДБ, ён быў прызнаны сведкам па крымінальнай справе «аб распальванні нацыянальнай варожасці», узбуджанай супраць дырэктара газеты Канстанціна Залатых.

Абноўлена. На дапамогу блізкім Андрэя Александровіча арганізаваны дабрачынны збор, на дадзены момант сабрана ўжо 2500 еўраў. Дапамагчы можна, перайшоўшы па спасылцы.

Рэдакцыя «Белсату» выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім журналіста.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў