Геніяльны бунтар Алесь Дудар, які спачуваў прастытуткам. Да дня народзінаў паэта


Любіў джаз і быў даволі рэзкі ў выказваннях. А на вокладкі ягоных кнігі былі сілуэты аголеных дзяўчат.

Сёння, 24 снежня, – 119-ты дзень народзінаў паэта, крытыка і бунтара Алеся Дудара. Ягоныя вершы часта гучаць на вечарах акцыі «Ноч расстраляных паэтаў». Ягонае сапраўднае імя Аляксандр Дайлідовіч. Таксама меў псеўданім Тодар Глыбоцкі.

Сабралі цікавыя факты пра геніяльнага беларускага паэта.

Алеся Дудара арыштавалі ў ягоныя 32 гады, а затым расстралялі, абвінаваціўшы ў шпіянажы ды антысавецкай дзейнасці. Падчас ссылкі яго кінула жонка, а ён абвяшчаў галадаванне і думаў пра самагубства. Дарэчы, ягоны першы зборнік называўся «Беларусь бунтарская».

Алесь Дудар. Калаж Алісы Ганчар

Быў чалавекам рэзкім, крытыкаваў старых «нашаніўскіх творцаў»

Якуб Колас лічыў яго «малацэнным хлопцам». У лісце да жонкі ў 1926 годзе Якуб Колас напісаў: «Прыглядаюся да Дудара і знаходжу яго ўсё больш і больш малацэнным хлопцам. Прыехаў сюды [курорт у Есентукі] у мяккім вагоне на казённыя грошы, назад збіраўся ляцець на аэраплане, ды мусібыць, праляціць у трубу, бо ўжо атакуе Менск, каб прыслалі грошы. Не лечыцца, а так сабе разгульвае. Ніякай хваробы ў яго няма. Дур адзін. Ну, піў многа, і вочы яго маргаюць, як у старога».

Алесь Дудар шкадаваў прастытутак

Вось урывак з вершу «Такая…».

Яны сустрэліся і разышліся хутка,

калі панэль акутаў змрок –

жанчына чэсная і прастытутка –

і кожная пайшла ў свой бок.

І вось адна знайшла, каго шукала…

Нядоўгі торг – «Чатыры? Тры!..»

Другая кінула –

Я не такая!..

І аддалася пяцярым…

Быў супраць савецкіх расейскіх п’есаў у беларускім рэпертуары

А таксама кпіў са студэнтаў, якія размаўлялі па-расейску.

«У пачатку 1928 году, чытаючы даклад [Дудар вучыўся ў БДУ] па заходнееўрапейскай літаратуры, я падкрэслена зрабіў яго на расейскай мове. Мне задалі запытанне, чаму я раблю даклад не па-беларуску. Гэтага мне і трэба было, і я напаў на студэнтаў жа, заяўляючы, што яны не цікавяцца беларускай мовай і беларусізацыяй, і таму я хацеў быць толькі больш зразумелым для большасці (сказана было іранічна)».

Алесь Дудар. Калаж Алісы Ганчар

У 1932-м Дудар вярнуўся ў Менск, а ў 1936-м ізноў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу.

Маці напісала пра сына паэму, але ніхто не хацеў слухаць

Паводле Ганны Севярынец, якая даследавала ягонае жыццё, мама Алеся Дудара, Вольга Дайлідовіч у канцы жыцця яна напісала пра яго паэму. І ўсё хацела каму-небудзь прачытаць. Але нікому было гэта нецікава. Яна паспрабавала нават праз тэлефон прачытаць траюраднай пляменніцы, але ў той нешта было з сувяззю.

Сястра Алеся Дудара была ягоным найлепшым сябрам. А пасля ягонай смерці зрабіла вялізарную працу, каб рэабілітаваць брата.

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў