Не толькі лісты: як павіншаваць палітвязняў са святамі


Набліжаюцца святы, але для многіх беларусаў цяпло сям’і і блізкіх, смакі і пахі святочных страваў, пачуццё ўтульнага дому гучаць як недасяжная навагодняя магія.

Здымак мае  ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ужо больш за два гады ў Беларусі колькасць палітычных вязняў павялічваецца амаль штодня і сёння налічвае 1435 асобаў. Кожны з нас у гэтыя дні можа адчуць сябе сапраўдным Святым Мікалаем ці Калядным Дзедам: павіншуйце палітвязняў, часта гэта адзіная магчымасць данесці ім за цёмныя муры промні святла і падтрымання. Таксама можна дапамагчы сем’ям палітычных зняволеных. Мы раскажам, як гэта зрабіць.

Дасылайце лісты, паштоўкі, тэлеграмы

Самы просты спосаб падзяліцца цяплом з тымі, хто цяпер за кратамі – даслаць віншавальны ліст, паштоўку ці тэлеграму. Лепш за ўсё дасылаць замоўныя лісты, тады большы шанц, што іх перададуць. З пачаткам расейскага ваеннага ўварвання ва Украіну ліставанне з беларускімі вязнямі блакуюць, аднак усё ж нешта даходзіць да адрасатаў. У паштовае адпраўленне можна ўкласці некалькі пустых паштовак, пусты канверт – каб вязень мог адказаць вам ці павіншаваць сваіх блізкіх.

Даслаць віншаванні можна нават не выходзячы з хаты: скарыстаць сайт dissidentby.com (бясплатна даслаць ліст і адсачыць яго), сэрвіс письмо.бел ці Майстэрню паштовак салідарнасці.

Калі ведаеце, што камусьці з вязняў упарта не перадаюць лістоў, можна паспрабаваць даслаць тэлеграму – з аддзялення пошты ці хатняга тэлефону праз нумар 166. Не забудзьцеся падпісацца, калі хочаце, каб вязень ведаў, ад каго прыйшла вестачка.

І не чакайце адказу на свой ліст. Памятайце, што цэнзура за кратамі працуе ў абодва бакі. Калі адказ усё ж прыйдзе, няхай гэта будзе для вас прыемным падарункам.

Адрасы палітвязняў

Дашліце поштай бандэроль ці пасылку

Пакуль яшчэ прысуд не набыў моц і вязень застаецца ў СІЗА, можна праз пошту адправіць яму пасылку ці бандэроль з прысмакамі і прыемнай драбязой. Арыентуйцеся на тое, ці вядомы прысуд вязня. Калі не, то адпраўляйце ў СІЗА № 1 (Менск), СІЗА № 2 (Віцебск), СІЗА № 3 (Гомель), СІЗА № 5 (Бабруйск), турму № 4 (Магілёў), турму № 8 (Жодзіна). У гэтых месцах колькасць і вага пасылак і бандэроляў неабмежаваная.

А вось перадачы без узгаднення з роднымі рабіць не варта – там існуюць абмежаванні 30 кг на месяц і вязень можа папросту застацца без неабходных яму рэчаў.

Калі месца, куды вы хочаце даслаць пасылку, няма ў гэтым спісе, абавязкова ўзгадняйце такія адпраўленні са сваякамі. Рэч у тым, што ў турме № 1 (Горадня) ці ў СІЗА № 7 (Берасце) вага пасылак і бандэроляў для палітвязняў залічваецца ў агульную вагу перадачаў, гэта 30 кг. Такія абмежаванні актуальныя таксама для некаторых вязняў баранавіцкага СІЗА № 6. Таму палітвязняў з гэтых ізалятараў можна падтрымліваць іншымі спосабамі – лістамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

У пасылку можна класці тое ж, што і ў перадачу, толькі дадаць вопіс-пералік у адвольнай форме. Існуе спіс прадметаў, што асуджаныя могуць атрымліваць у пасылках. Яго можна знайсці ў Правілах унутранага распарадку папраўчых установаў. Заўсёды актуальнымі ў СІЗА будуць арэхі, цукаты, сушаныя каўбаскі, шакалад, кава, цыгарэты. У некаторых камерах цяпер холадна, таму можна паклапаціцца, каб зняволенаму было цяплей: будуць актуальныя, напрыклад, цёплыя ваўняныя шкарпэткі. З касметыкай у пасылках сітуацыя цяжэйшая. Але можна перадаць духмянае мыла, крэм для рук, гігіенічную памаду.

Нельга класці ў пасылкі прадукты, што хутка псуюцца, чарнасліў, разынкі, сланечнікавыя семкі, казінакі, зёлкі, соль, кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды.

Пакладзіце грошы на асабісты рахунак

Тым вязням, якіх яшчэ не асудзілі, вы можаце даслаць грошы праз паштовае аддзяленне ці праз інтэрнэт-банкінг. Грошы будуць пералічвацца на спецыяльны рахунак зняволенага. На іх ён зможа замовіць у турэмнай краме харчы, прадметы першай патрэбы, прысмакі, канверты, паперу ды іншыя неабходныя яму рэчы.

Грошы даходзяць цягам некалькіх содняў. Зняволены праз некалькі дзён пасля пераводу атрымлівае ад працаўніка бухгалтэрыі квітанцыю: на адным баку паказана, хто даслаў грошы, а на другім – спіс прыходу, расходу і ўсе атаварванні.

Любы сімвалічны данат палітвязню будзе вялікім падтрыманнем, бо нагадае, што пра яго не забыліся.

Плюс такой дапамогі яшчэ і ў тым, што калі чалавека этапуюць у калонію, то гэтыя грошы з асабістага рахунку ў СІЗА пяройдуць на ягоны рахунак у калоніі. Нават калі грошы выслалі ўжо пасля этапу, грошы ўсё роўна дойдуць да зняволенага.

Грашовыя пераводы асуджаным на пазбаўленне волі цяпер могуць перасылаць толькі іхныя сваякі. Таксама грашовы перавод нельга зрабіць тым, хто ўнесены ў так званы «спіс тэрарыстаў».

У следчых ізалятарах і турмах вязні могуць атрымліваць пераводы ад любой асобы.

Зладзьце акцыю падтрымання (для тых, хто за мяжою)

Варыянт для больш смелых – правядзіце акцыю ў любым зручным для вас фармаце і раскажыце пра яе ў сваіх сацыяльных сетках. Зрабіце пост ці старонку ў «Інстаграме», дзе вы расказваеце падпісантам пра палітвязня ці спосабы дапамогі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Ці проста падзяліцеся інфармацыяй пра палітвязняў з сябрамі і сям’ёй, распавядайце іхныя гісторыі – можа быць, нехта з вашых блізкіх захоча далучыцца да вас.

Радыё

Так-так! Былыя палітвязні расказвалі, што часта чулі прывітанні, перададзеныя праз радыё. Калі вашае прывітанне не пачуе сам палітвязень, яго ўсё роўна могуць пачуць ягоныя блізкія, сябры, людзі, якім не абыякавы гэты чалавек. На большасць беларускіх радыёстанцыяў можна даслаць СМС ці паведамленне праз «Вайбэр».

Дапамажыце сем’ям

Сем’ям палітвязняў можна дапамагаць са зборам перадачаў для зняволеных, а можна і сямейнікаў віншаваць са святамі. Асабліва маюць у гэтым патрэбу дзеці палітвязняў, пазбаўленыя магчымасці бачыць бацькоў. Падтрымаць іх можна як асабіста, так і паўдзельнічаць у навагоднім зборы, Таксама можна дапамагчы сем’ям (https://firecops.tk/help) наўпрост, адгукнуцца (https://firecops.tk/advertisement) на абвестку; дапамагчы (https://firecops.tk/job) з працаю.

Павіншуйце «хімікаў»

Павіншаваць палітвязняў, якіх трымаюць у папраўчых установах адкрытага тыпу, значна прасцей. Можна замовіць для іх дастаўку ежы ці падарункаў, але варта загадзя ўзгадніць з імі час. На «хіміях» вязням дазволена карыстацца тэлефонамі, таму можна наўпрост павіншаваць іх са святамі ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах. Можна адправіць ім звычайную пасылку – на змесціва абмежаванняў няма. А вось грашовыя пераводы тут не прадугледжаныя.

Варта памятаць і пра асуджаных на «хатнюю хімію», яны хоць і застаюцца ўдома, але вельмі абмежаваныя ў свабодзе. Некаторыя з іх, напрыклад, робяць штосьці сваімі рукамі на продаж, і калі вы набудзеце іхныя вырабы, гэта будзе выдатным падтрыманнем.

СП belsat.eu

Стужка навінаў