Раней невядомыя доказы масавых катаванняў і збіванняў 9–13 жніўня 2020-га. У тым ліку пацверджанне згвалтавання


Журналісты Альянсу расследавальнікаў Беларусі пры падтрымцы «Кіберпартызан» на прыкладзе ізалятару часовага ўтрымання і Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна ў Менску тлумачаць, чаму беларускім сілавікам не дапамогуць пазбегнуць адказнасці ні адключэнне відэакамераў, ні знішчэнне відэаархіваў, ні спаленне папяровых тэчак са справамі.

Паводле афіцыйных звестак, з 9 да 14 жніўня 2020 года падчас мірных акцый у Менску затрымана больш за 13000 чалавек. Больш за 3000 з іх сілавікі «прагналі» праз ЦІП, разлічаны ўсяго на 110 затрыманых, адкуль цэлыя содні даносіліся крыкі і стогны людзей, увесь час выязджалі машыны хуткай дапамогі. Сваякоў затрыманых, якія літаральна начавалі каля ізалятару, кіраўніцтва цэнтра ігнаравала. Лекараў хуткіх, якія, паводле кіраўніцтва ІЧУ, апынуліся занадта чуллівымі, але нядобранадзейнымі, выдалялі як непатрэбных сведак, а дакументальныя пацверджанні рэжым намагаўся знішчыць. Менавіта ўпэўненасць у тым, што знішчылі ўсе доказы і давала падставы хлусіць вышэйшым чыноўнікам рэжыму. Генерал міліцыі, намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў сцвярджаў, што ў камерах на Акрэсціна нікога не білі. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава распавядала пра тое, што ніхто не пацярпеў. Сам Аляксандр Лукашэнка агучыў версію, што сінякі намаляваныя на азадках сіняй фарбай, пабілі толькі тых, хто кідаўся на «мянтоў» у самым ізалятары. Лукашэнка сцвярджаў, што катаванні на Акрэсціна – «гэта фэйк, гэта няпраўда».

Але ўсё зачысціць ім не ўдалося. Дзякуючы працы «Кіберпартызан», шмат скапіявана і надзейна абаронена. У прыватнасці, база МУС «Адзіная кніга рэгістрацыі заяў і паведамленняў аб злачынствах і правапарушэннях і асобах, якія іх учынілі», у якую таксама ўносяцца тэлефанаванні на спецлінію «102  МУС», куды, паводле інструкцыі, медыкі абавязаны паведамляць аб усіх выпадках цялесных пашкоджанняў.

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна ў Менску.
Фота: Белсат

АРБ атрымаў ад «Кіберпартызан» выбарку па запісах спецлініі «102 МУС» за перыяд з 9 да 13 жніўня, якая сфарміраваная па ключавых словах пошуку «Акрэсціна» і «цялесныя пашкоджанні». Гэта каля 600 запісаў, у якіх задакументаваныя дыягназы з падрабязным апісаннем траўмаў, нанесеных сілавікамі ў момант неабгрунтаваных затрыманняў, падчас транспарціроўкі ў ІЧУ і ЦІП, непасрэдна на Акрэсціна. Гэта далёка не поўны пералік збітых і пакалечаных, але гэтая лічба ўжо кажа пра тое, што не проста білі, а білі жорстка і, што галоўнае, – сістэматычна.

Характар і ступень цяжару цялесных пашкоджанняў, абставіны іх прычынення, а таксама сістэматычнасць паказваюць, што дадзеныя злачынствы адносяцца да катэгорыі публічных, для ўзбуджэння спраў па якіх не патрабуецца заяў пацярпелых. Дастаткова самога факту. Такім чынам, дзяжурныя супрацоўнікі РУУС, якія прымалі і фіксавалі тэлефанаванні па спецлініі «102» з медустановаў таксама парушылі закон, пакінуўшы злачынствы сваіх калегаў без належнай рэакцыі.

Пры жаданні выбарку можна пашырыць як у адпаведнасці з часовым дыяпазонам, так і паводле геаграфіі, каб усталяваць максімальную колькасць ахвяр і злачынцаў. У дакуменце траўмы рознай ступені цяжкасці: ад лёгкіх цялесных пашкоджанняў, да больш цяжкіх у выглядзе пераломаў падстаў збору чэрапа, галёначных костак ды іншых спалучаных траўмаў.

Дакумент передадзены рэдакцыі
Дакумент передадзены рэдакцыі
Дакумент перададзены рэдакцыі

Таксама зафіксаваныя наступствы сексуальных злачынстваў, факты якіх Наталля Качанава дэманстратыўна адмаўляла:

Дакумент перададзены рэдакцыі

Збівалі на ўсім шляху – ад затрымання і да выхаду з Акрэсціна. Вось толькі некалькі сведчанняў:

Дакумент перададзены рэдакцыі
Дакумент перададзены рэдакцыі
Дакумент перададзены рэдакцыі

Людзей збівалі не толькі ў ЦІП на Акрэсціна, у аўтазаках або на вуліцах Менску, лютавалі таксама супрацоўнікі ўсіх РУУС.

Аналіз выбаркі дэманструе, што ў ЦІП на Акрэсціна прывозілі затрыманых, якіх да гэтага збівалі ў РУУС і ў аўтазаках. Выбарка змяшчае дакументальныя доказы пра збіццё мінімум двух чалавек, якія звярнуліся па медычную дапамогу пасля адбыцця содняў на Акрэсціна, але месцам атрымання траўмаў яны паказалі Ленінскае РУУС Менску, кіраўніком якога на той час быў палкоўнік міліцыі Віталь Вітальевіч Капілевіч; яшчэ 5 чалавек паказалі, што іх збівалі ў Заводскім РУУС, у той час кіраўніком РУУС быў палкоўнік міліцыі Кірыл Станіслававіч Кіслоў; 4 чалавекі збілі ў Кастрычніцкім РУУС, камандаваў якім палкоўнік міліцыі Аляксандр Міхайлавіч Рыдзецкі, пазней пераведзены на цёплае месца кіраўніка Упраўлення ўласнай бяспекі Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз; 6 збітых у Маскоўскім РУУС, кіраўнік – Сяргей Аляксандравіч Варэйка; 11 у Савецкім РУУС, дзе на той момант кіраўніком быў Сяргей Леанідавіч Каліннік; 12 у Першамайскім РУУС, кіраўнік – Андрэй Сяргеевіч Бакач; 12 у партызанскім, кіраўнік – Дзмітрый Яўгенавіч Бурдзюк, літаральна напярэдадні выбараў атрымаў званне палкоўніка міліцыі; 6 у Цэнтральным, кіраўнік – Артур Уладзіміравіч Шахлай; у сумна вядомым Фрунзенскім РУУС збітыя 20 чалавек і гэта толькі тыя, якія пазней звярнуліся па медычную дапамогу. Камандаваў гэтымі карнікамі палкоўнік міліцыі Аляксандр Уладзіміравіч Палулех. Супрацоўнікамі Менскай ДАІ збітыя не менш за 8 чалавек, кіраўніком на той час быў Сяргей Васільевіч Бабіч.

Збівалі і ў аўтазаках, калі развозілі з перапоўненага Акрэсціна ў жодзінскую турму і ІЧУ Слуцкага РАУС. Пасля такіх паездак па меддапамогу звярнулася 44 чалавекі.

У выбарцы прысутнічаюць 570 мужчын і 15 жанчын. На іх прыйшліся 101 чэрапна-мазгавая траўма, 43 пераломы розных костак, 249 траўмаў ягадзіц, 158 траўмаў грудной клеткі, 152 траўмы сцягна. У 14 выпадках дактары зафіксавалі спалучаныя траўмы. Быў як мінімум адзін факт гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару. У трох ахвяр зафіксаваныя электратраўмы ад элеткрошокера.

Гісторыі
Бакіевы-Пятровы-Саліевы. Беларуская праграма абароны дыктатараў: змена асобы без змены полу
2023.11.11 14:07

У выбарцы толькі інфармацыя аб збітых грамадзянах, якія 9–13 жніўня прайшлі праз жахі Акрэсціна і пазней змаглі звярнуцца па меддапамогу. У Менскі шпіталь хуткай медычнай дапамогі і гарадскія паліклінікі звярнулася не менш за 500 чалавек, у НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, а таксама медычны цэнтр «Ладэ» – больш за 57, у Менскі абласны клінічны шпіталь – 7 чалавек. Зафіксавана два звароты ў знакамітую 33-ю студэнцкую паліклініку, і гэта ўлічваючы, што жнівень з’яўляецца канікулярным месяцам.

12 жніўня Віктара М. затрымалі на прыпынку «Гвардзейская», збіваць яго пачалі ў аўтазаку, пакуль везлі ў Партызанскі РУУС, там збіццё не спыніліся, як і на Акрэсціна.

Дакумент перададзены рэдакцыі

11 жніўня Павел К. знаходзіўся каля McDonalds па праспекце Незалежнасці, калі на яго напалі людзі ў шлемах і камізэльках, адразу пачалі біць, удары наносілі дубінкамі па ўсім целе і галаве, пазней збіццё працягнулася ў аўтазаку і Фрунзенскім РУУС, затым над ім здзекаваліся на Акрэсціна, прымусіўшы стаяць на каленях.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Сілавікі затрымлівалі і збівалі заведама непаўнагадовых.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Уладзіміра Д. затрымалі 10 жніўня 2020 года ў раёне станцыі метро «Пушкінская», пасля чаго – 5 содняў на Акрэсціна. Толькі 20 жніўня ён самастойна змог звярнуцца ў шпіталь хуткай медычнай дапамогі. Дыягназ: спалучаная траўма, закрытая чэрапна-мазгавая траўма, страсенне галаўнога мозгу, агняпальная рана ад гумовай кулі мезагастральной вобласці злева. Пяць содняў на Акрэсціна з такімі пашкоджаннямі яму не аказвалася медычная дапамога. У медычную ўстанову яго таксама не адвозілі. Ужо 26 жніўня 2020 года пасля новага затрымання Уладзіміра пераводзяць з ІЧУ ў жодзінскую турму. Супрацоўнік Жодзінскай турмы №8 капітан Буракевіч фіксуе ў яго як сляды ад старога ранення ў выглядзе ранкі без коркі акруглай формы па пярэдняй паверхні брушной сценкі злева ад пупка, так і новыя пашкоджанні: квітнеючыя крывападцёкі па ўнутраных і вонкавых паверхнях правага сцягна.

Дакумент перададзены рэдакцыі

У прававой дзяржаве гэтай інфармацыі дастаткова для ўзбуджэння крымінальных спраў і прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых. Паводле арт. 88 КПК інфармацыя, якая змяшчаецца ў базе «102 МУС» з’яўляецца крыніцай доказаў.

Усе гэтыя выпадкі зафіксавала сама сістэма. Іх сотні. Акрамя звестак з базы «102», інфармацыя пра супрацоўнікаў, якія збівалі людзей, застаецца ў прадастаўленнях да ўзнагароджанняў ды загадах аб прэміраванні, дзе ў адпаведнасці з бюракратычнымі патрабаваннямі заўсёды згадваецца, за якія «подзвігі» супрацоўнік узнагароджваецца або прэміруецца.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Акрамя таго, рэжым сам сфармаваў базу, якую можна назваць «чыстасардэчныя прызнанні». Гэта матэрыялы праходжання паліграфа супрацоўнікамі, якія прызначаліся на вышэйшыя пасады пасля падзеяў жніўня 2020 года. Працэс апытання на паліграфе фіксуецца на відэа, якое не знішчаецца, а захоўваецца ў спецархівах МУС.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Падрабязна азнаёміцца з доказамі, зафіксаванымі самой сістэмай па спецлініі «102 МУС», паглядзець даступныя спісы сілавікоў, якія ўзнагароджваюцца і апытанняў на паліграфе можна ў расследаванні АРБ.

Дзякуем «Кіберпартызан» за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Альянс расследавальнікаў Беларусі

Іншыя расследаванні АРБ можна глядзець тут.

Падтрымаць каманду АРБ: Paypal: arb2021@protonmail.com

Bitcoin: bc1qyr365v0y6mgzljldhyfu5gx9nwemylfzzrh0zc

Авер / belsat.eu

Стужка навінаў