Мужчына, які падпаліў сваю машыну ў Рэчыцы, памёр


У лякарні памёр 66-гадовы пенсіянер, які 17 верасня падпаліў свой легкавы аўтамабіль ў двары шматкватэрнага жылога дома на вуліцы Маладзёжная ў Рэчыцы. Пра гэта паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Мужчына памёр ад апёкаў, якія ён атрымаў, арганізаваўшы пажар. Навошта ён падпаліў сваё аўто, у МНС не распавялі.

Нагадаем, жыхары аднаго з дамоў на вуліцы Маладзёжнай у Рэчыцы ноччу 17 верасня прачнуліся ад моцнага выбуху. Калі яны выйшлі надвор, то ўбачылі на паркоўцы аўтамабіль у агні, а побач з ім гаспадара аўта. Ён адкаціў на газон падпаленую машыну, але далёка ад яе не адыходзіў.

Калі ж на месца прыехалі ратаўнікі, каб тушыць пажар, мужчына не падпускаў іх блізка, трымаючы ў руках нож. Гаспадара аўтамабіля давялося паліць вадою з пажарнага шланга, а пасля яго перадалі міліцыі.

Выданне Primenews.by сцвярджае, што 66-гадовы мужчына апошнім часам паводзіў сябе нервова, гэта выяўлялася і ў небяспечнай манеры кіравання аўтамабілем. Тады жонка папрасіла сваякоў, каб яны часцей карысталіся машынай, тым самым абмяжоўваючы мужу доступ да яе. Яна лічыла, што такім чынам зменшыць рызыку няшчаснага выпадку.

Як паведамляў Onliner са спасылкай на міліцыю, пасля гэтага ў ноч з 17 на 18 верасня мужчына патэлефанаваў жонцы, каб тая выходзіла і забірала «вугалькі ад машыны», якая яму «на тым свеце не спатрэбіцца». Нейкі час мясцовы жыхар знаходзіўся ўнутры машыны, аднак потым экстрана пакінуў салон, папярэдне атрымаўшы шматлікія апёкі. Паводле міліцыі, мужчына знаходзіўся ў нецвярозым стане.

Hавiны
У Рэчыцы мужчына падпаліў сваю машыну і не даваў ратаўнікам яе тушыць
2023.09.18 11:32

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў