У суботу, 24 верасня, у Расеі прайшлі новыя мітынгі супраць вайны і мабілізацыі. Па дадзеных «ОВД-Инфо» на 21:24 на акцыях затрымалі 752 чалавек у Маскве, Пецярбургу, Іркуцку, Томску, Новасібірску, Пермі, Іжэўску, Улан-Удэ – усяго ў 32 гарадах.
У Маскве як мінімум 334 затрыманых, у Пецярбургу – 150 затрыманых. У некаторых з іх забралі пашпарты і тэлефоны – пра гэта яны паведамляюць самі. Такое адбываецца ў некалькіх аддзелах паліцыі ў абодвух гарадах.
Паліцыянты зноў ужывалі да пратэстоўцаў гвалт, выкарыстоўвалі электрашокеры і дубінкі.
Вось некаторыя выпадкі сённяшніх затрыманняў. У Новасібірску сілавікі пашкодзілі руку затрыманаму і адмовіліся выклікаць хуткую дапамогу. У Саратаве сілавікі ўдарылі 16-гадовага юнака прыкладам па галаве і затрымалі яго. У Маскве паліцыянты ўдарылі маладога чалавека ў жывот і пагражалі яго забіць, паведаміла адна з затрыманых. У Пецярбургу на Сенечнай плошчы затрымлівалі выпадковых мінакоў, якія выйшлі з метро.
У цэнтры Масквы дзяўчына ў інваліднай калясцы разгарнула плакат «Хочешь как я?». Затрымліваць яе не сталі, але прэсу ад яе адагналі, а плакат забралі.
Затрыманым ізноў, як і пасля мінулых акцый пратэсту, уручаюць позвы. Вядома аб такіх выпадках у Маскве, Іркуцку і Самары. Позву ў тым ліку атрымаў журналіст, якога затрымалі ў Архангельску, нягледзячы на камізэльку «Прэса», пасведчанне і рэдакцыйнае заданне.
Усяго за тры дні з аб’яўлення мабілізацыі затрымалі ўжо больш за 2080 чалавек.
Пратэсты ў Расеі пачаліся пасля таго, як у сераду 21 верасня Уладзімір Пуцін абʼявіў у краіне частковую мабілізацыю. Паведамлялася, што будуць прызваны 300 тысяч чалавек.
Алена Рувіна belsat.eu