Пастар-марафонец Цялькоўскі: Не пераставайце шукаць магчымасці падтрымаць палітвязняў


Лёгкаатлет і рэфармацкі пастар Тарас Цялькоўскі праехаў 850 кіламетраў на ровары праз Латвію, Літву і Польшчу ўздоўж мяжы Беларусі з Еўразвязам, каб звярнуць увагу на праблемы палітычных вязняў і выказаць ім падтрыманне і салідарнасць. У інтэрвʼю «Белсату» самы хуткі беларус у Польшчы расказаў, якіх вынікаў дабіўся сваім роварным прабегам, што ім рухае і чаму трэба падтрымліваць сваіх суайчыннікаў у турмах.

Тарас Цялькоўскі падчас роварнага прабегу для падтрымання палітычных вязняў уздоўж мяжы Беларусі з ЕЗ. Латвія – Літва – Польшча, 9–11 ліпеня 2023 года. Фота з архіву Т. Цялькоўскага

Каб пераадолець маршрут, Тарасу спатрэбілася 36 гадзінаў. Выехаўшы 9 ліпеня з крайняга пункту мяжы Латвіі з Беларуссю, ён завяршыў прабег на крайнім пункце мяжы Польшчы з Беларуссю.

«Лямант, каб людзі задумаліся пра тых, хто пражывае экстрэмальны час у сваім жыцці»

Тарас успамінае, што ідэя роварнага прабегу з’явілася спантанна. Проста нарадзілася ў сэрцы ідэя праявіць чарговы раз салідарнасць з вязнямі сумлення. Спартовец і святар разумее, што не можа заставацца абыякавым і павінен нешта зрабіць, каб нагадаць пра палітзняволеных і выказаць ім сваю салідарнасць, згуртаваць людзей вакол ідэі дапамогі:

«Мне падалося, прабег уздоўж мяжы Беларусі нагадае, што мы зусім побач і не забываем людзей, несправядліва прыгнечаных».

Цялькоўскі пастанавіў зрабіць нешта экстрэмальнае: можна было б і прабегчы, натрэнаванасць дазваляла. Але бег без прыпынку ўздоўж мяжы заняў бы не менш за тыдзень. На такі працяглы тэрмін даволі складана знайсці каманду падтрымання і ёсць рызыка не даць рады з нагрузкаю. Таму спыніўся на ідэі экстрэмальнага роварнага прабегу за 2–3 содняў:

«У 2020 годзе мноства людзей падумала, што ў нас можа быць лепшая будучыня для краіны, дзе да людзей будзе зусім іншае стаўленне. Я таксама так падумаў, і нашыя гісторыі перапляліся. Сёння я адчуваю сябе адказным за тое, як гэтая гісторыя будзе развівацца далей».

Тарас Цялькоўскі падчас роварнага прабегу для падтрымання палітычных вязняў уздоўж мяжы Беларусі з ЕЗ. Латвія – Літва – Польшча, 9–11 ліпеня 2023 года. Фота з архіву Т. Цялькоўскага

На рахунку Тараса Цялькоўскага – шматдзённы марафон на 500 кіламетраў, які ён у 2017 годзе пераадолеў у гонар 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам першай беларускай Бібліі. Тады спартовец прабягаў за дзень 100 кіламетраў, пяць дзён запар. Экстрэмальная дыстанцыя далася не проста. 500 кіламетраў – гэта без малога 12 марафонаў за адзін раз. Успамінае, што тады найбольш перапала нагам і суставам – апухлі ступакі, пазногці на пальцах пачарнелі і адслаіліся. Але і сёння ён перакананы, што гэта таго каштавала:

«Марафон на 500 кіламетраў тады і роварны прабег на 850 кіламетраў цяпер параўнальныя матывацыяй, якая ляжыць у іх аснове. І там, і там я натхняўся галоўнай асобаю Бібліі – Ісусам Хрыстом. І тады, і цяпер менавіта Біблія матывавала мяне нешта зрабіць».

Тарас кажа, што забег у гонар 500-годдзя першай беларускай Бібліі зрабіў, каб сказаць людзям, што Біблія – не проста рэлігійная кніга або помнік старажытнай літаратуры, а «жывая кніга, якая аднойчы вельмі моцна паўплывала на мноства працэсаў у беларускім грамадстве». Выходзячы ж на роварны прабег, хацеў сказаць, што «Біблія гаворыць пра тое, каб людзі былі справядлівымі і міласэрнымі».

«У гэтай старажытнай кнізе змяшчаюцца словы, у якіх, я веру, Бог кажа пра неабходнасць заўсёды клапаціцца пра чатыры групы людзей: мігранты, удовы, сіроты і бедныя людзі. І мы, хрысціяне, дый усе людзі добрай волі пакліканыя ўвасабляць гэтае пасланне ў сваіх дзеяннях у дачыненні прыгнечаных людзей. Мусіць, і марафон, і роварны прабег – гэта і ў нейкім сэнсе лямант, каб людзі задумаліся пра тых, хто праходзіць экстрэмальны час у сваім жыцці. І пра падтрыманне іх», – адзначае суразмоўца.

«Цалкам ірацыянальная карціна і дзеянне на фоне варʼяцкай агрэсіі вакол»

Параўноўваючы супермарафон 2017 года і роварны прабег 2023 года, Тарас кажа, што ў абодвух выпадках яму давялося заплаціць пэўную фізічную цану. Тады бег пяць дзён па 10 гадзінаў, потым еў і спаў уначы. Але ад працяглага бегу ногі ўсё роўна траўмаваліся, спатрэбілася дастаткова шмат часу на іх поўнае аднаўленне. Гэтым разам праехаў спачатку без перапынку 700 кіламетраў і не спаў 40 гадзінаў. Пасля кароткага адпачынку апошні адцінак дыстанцыі – 150 кіламетраў – ехаў з здранцвелымі пальцамі ног:

«Яны нібы страцілі адчувальнасць. І да гэтага часу, амаль праз тыдзень пасля роварнага прабегу, яшчэ не адышлі, адчувальнасць не вярнулася пакуль. Ехаць на ровары таксама было няпроста, але ў цэлым аднаўленне ідзе хутчэй».

Тарас Цялькоўскі падчас роварнага прабегу для падтрымання палітычных вязняў уздоўж мяжы Беларусі з ЕЗ. Латвія – Літва – Польшча, 9–11 ліпеня 2023 года. Фота з архіву Т. Цялькоўскага

Падчас экстрэмальнага роварнага прабегу Тарас адчуваў і каласальны маральны ціск. Кажа, здавалася, што ўсё гэта выглядае крыху наіўна і не зусім дарэчы. Бо ўва ўсёй гісторыі – жахлівы фон: у Беларусі – тысячы палітычных вязняў, іх катуюць, пакутуюць іхныя семʼі. Ва Украіне ідзе вайна, ляцяць ракеты і бомбы на мірныя гарады, кожны дзень гінуць людзі:

«І тут нейкі хлопец надзявае на сябе аблеглую роварную форму і едзе ўздоўж мяжы, быццам крычыць: «Людзі, адумайцеся!» Зусім ірацыянальная карціна і дзеянне на фоне варʼяцкай агрэсіі вакол».

Вынікі роварнага прабегу перавысілі Тарасавы чаканні. Для сямʼі канкрэтнага вязня сабралі нядрэнную суму, яна нават большая, чым спартовец першапачаткова разлічваў. Цяпер жонцы гэтага вязня будзе лягчэй паклапаціцца пра дзяцей у эміграцыі:

«Я вельмі рады дабрачыннаму выніку, што ўдалося згуртаваць людзей для дапамогі канкрэтнай сямʼі. Але ёсць і каласальны маральны эфект. Было шмат словаў падтрымання, шмат малітваў за палітычных вязняў і іхныя семʼі. І былі вестачкі ад сваякоў асобаў, якія застаюцца ў турмах. Яны перадалі, што такія знакі салідарнасці і нават месцамі наіўнай ахвярнасці для іх шмат значаць. Для іх каштоўна, калі людзі, якія памятаюць пра іх, трымаюць іх у сваіх сэрцах».

«Чаму адныя людзі, суайчыннікі, здольныя прыгнятаць сабе падобных? Што не так з намі?»

Яшчэ адзін вынік, які Тарас лічыць таксама вельмі важным, – магчымасць дзякуючы роварнаму прабегу данесці некаторыя ідэі да людзей:

«Я думаю, беларусам пасярод нашага нацыянальнага крызісу і нават пасярод дапамогі палітычным вязням неабходнае глыбокае асэнсаванне. Чаму адныя людзі, суайчыннікі, здольныя прыгнятаць сабе падобных? Што не так з намі? Што не так з гэтым светам? Наіўна думаць, што праблема толькі ў палітычнай сістэме. Няўжо новая палітычная сістэма будзе здольная стрымаць гэтую фенаменальную прагу ўлады людзей над людзьмі, гэтае жаданне дамінаваць і прыгнятаць?»

Святар перакананы, што адказ – у глыбіннай прыродзе людзей: «Ведаю, што шмат каго карабаціць нават згадка гэтай ідэі. Але Біблія апісвае людзей як цудоўнае тварэнне, якое, аднак, зусім і незваротна сапсаванае. Біблія гаворыць пра чалавечую каштоўнасць і нашае падзенне адначасова ды ставіць усіх людзей у стан патрэбы ў Богу, ягонай мудрасці. Я не магу не нагадаць пра гэта. Інакш усе мае дзеянні трацяць важную частку сэнсу».

Тарас Цялькоўскі падчас роварнага прабегу для падтрымання палітычных вязняў уздоўж мяжы Беларусі з ЕЗ. Латвія – Літва – Польшча, 9–11 ліпеня 2023 года. Фота з архіву Т. Цялькоўскага

Адказваючы на пытанне, што ён будзе рабіць далей, святар і спартовец Цялькоўскі кажа, што працягне трэнавацца ў бегу і веласпорце, якімі займаецца даўно:

«Без штодзённых трэнаванняў на працягу больш як дваццаці гадоў я б не наважыўся ні на марафон, ні на роварны прабег. За фасадам любых публічных дасягненняў стаяць працяглыя незаўважныя практыкаванні. Таксама я працягну рабіць і тое, што незаўважна і без агалоскі рабіў усе гэтыя гады маёй духоўнай практыкі. Працягну служыць у царкве і клапаціцца пра тыя самыя чатыры катэгорыі людзей, пра якіх ужо казаў: мігранты, удовы, сіроты, бедныя. Усе хрысціяне без выключэння да гэтага пакліканыя».

Тарас адзначыў, што вельмі ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся і падтрымаў яго ў правядзенні роварнага прабегу: «Я адзін бы не справіўся, але былі хлопцы з нашай царквы, добраахвотнікі, суправаджалі на дзвюх машынах, змяняючы адзін аднаго, яны вельмі падтрымалі. Падтрымала сямʼя – жонка і дзеці, у вачах якіх я выглядаў проста гераічна [смяецца]. Хаця яны ведаюць, што далёка не заўсёды я герой, як і ўсе мы. Але яны вельмі мяне натхняюць, а я натхняю іх, каб у нашае стагоддзе лічбавых тэхналогіяў яны шанавалі простыя дзеянні жывых людзей і не баяліся ўзвышаць голасу за пакрыўджаных і прыгнечаных».

«Па літоўскім участку мы ехалі напярэдадні саміту NATO»

Цялькоўскі расказаў і пра некаторыя тэхнічныя дэталі прабегу. Спачатку, калі пракладаў маршрут на навігатары, то ад пачатковага да канчатковага пункту было роўна 1000 кіламетраў. Але калі пачаў ехаць па пракладзенай трасе, зразумеў, што дакладна прытрымлівацца навігатара не ўдасца. Першапачатковая траса праходзіла ў тым ліку па прасёлкавых і жвіровых дарогах, па якіх на шашэйным ровары ехаць аказалася немагчыма:

«Таму паехаў па шырэйшай і роўнай дарозе ўздоўж усіх трох участкаў мяжы – латвійскага, літоўскага і польскага. Калі даехаў да канца, сістэма адсочвання маршруту паказала крыху больш за 850 кіламетраў, чысты час на ровары – крыху больш за 36 гадзінаў. Я не нервуюся з гэтай нагоды, хоць лічба 1000 кіламетраў, вядома, выглядала б больш прыгожа. Але першапачаткова задача была праехаць ад аднаго крайняга пункту мяжы Беларусі з ЕЗ да другога. Задача выкананая».

Тарас Цялькоўскі падчас роварнага прабегу для падтрымання палітычных вязняў уздоўж мяжы Беларусі з ЕЗ. Латвія – Літва – Польшча, 9–11 ліпеня 2023 года. Фота з архіву Т. Цялькоўскага

На роварны прабег Тарас не атрымліваў ніякага спецыяльнага дазволу. Але адзін раз на самым пачатку шляху ў Латвіі ля старту маршруту да іх падʼехаў паліцэйскі аўтамабіль, паліцыянты праверылі дакументы і растлумачылі правілы паводзінаў у памежнай зоне:

«Мы, вядома, па беларускай звычцы ўціснуліся ў сядзенні, калі зразумелі, што гэта паліцыя і яны ехалі за намі некалькі кіламетраў. А ў нас у камандзе я з дакументамі аб міжнароднай абароне, кіроўца – грамадзянін Беларусі з польскімі дакументамі, відэографка з дакументамі грамадзянкі ЗША. Але ў выніку ўсё прайшло спакойна, я растлумачыў, хто мы і навошта мы тут. І падпісаў дакумент, што разумею адказнасць перабывання ў прымежнай зоне і разумею адказнасць, якая надыходзіць за перавоз нелегальных мігрантаў. Да канца маршруту прадстаўнікі ўладаў больш на нас увагі не звярталі, хаця па літоўскім участку мы ехалі напярэдадні саміту NATO».

Тарас расказвае, што на адным з пачатковых участкаў шляху рухаўся па жвіровай дарозе, якая прывяла яго ўшчыльную да мяжы. Паводле навігатара, было не больш за 50 кіламетраў да Браслава:

«Раней я вельмі любіў адпачываць на Браслаўскіх азёрах. Цяпер паглядзеў на Беларусь звонку. Гэта было даволі моцнае настальгічнае адчуванне».

На іншым адцінку навігатар праклаў маршрут па дарозе, частка якой праходзіць па беларускай тэрыторыі:

«Павялічыўшы мапу, я зразумеў, што далей праехаць не змагу, каб не сустрэцца з беларускімі памежнікамі. Давялося павярнуць і зрабіць круг. Даволі іранічны момант атрымаўся».

Тарас Цялькоўскі падчас роварнага прабегу для падтрымання палітычных вязняў уздоўж мяжы Беларусі з ЕЗ. Латвія – Літва – Польшча, 9–11 ліпеня 2023 года. Фота з архіву Т. Цялькоўскага

У Беларусі Тарас Цялькоўскі атрымаў вядомасць у 2017 годзе, прабегшы 500 кіламетраў у гонар 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам Бібліі. У 2020-м пастар выступіў з асуджэннем гвалту супраць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі, яго самога затрымлівалі на акцыях пратэсту. У 2021-м святар з сямʼёю зʼехаў з краіны.

У Польшчы Цялькоўскі выступіў адным з заснавальнікаў беларуска-ўкраінскай рэфармацкай царквы «Святая Тройца». І працягнуў займацца марафонскім бегам, беручы ўдзел у марафонах і паўмарафонах і займаючы прызавыя месцы, за што атрымаў завочна мянушку – самы хуткі беларус у Польшчы.

Пасля роварнага прабегу Тарас Цялькоўскі апублікаваў у сваім Instagram кароткую відэасправаздачу:



Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў