«Каб было на што абаперціся». Фонд медычнай салідарнасці распачаў кампанію грамадскага маніторынгу сістэмы аховы здароўя


Фонд медычнай салідарнасці распачаў кампанію грамадскага маніторынгу сістэмы аховы здароўя. У стварэнні праўдзівага вобразу беларускай медыцыны можа ўзяць удзел кожны медработнік або пацыент. Чаму так важна дзяліцца інфармацыяй і ведаць праўду пра сённяшні стан сферы аховы здароўя? Пра гэта распавяла «Белсату» каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Задача маніторынгу – атрымаць адэкватную інфармацыю аб сітуацыі ў сферы аховы здароўя ўнутры краіны. Адэкватную, а не тую, якую нам скормліваюць дзяржаўныя СМІ ў выглядзе па-вар’яцку сфальсіфікаваных справаздачаў. Праўдзівая інфармацыя патрэбная для таго, каб абараняць інтарэсы беларускай медычнай супольнасці ў міжнародных арганізацыях і для таго, каб тады, калі рэжым рухне, у нас было на што абаперціся», – кажа Лідзія Тарасенка.

Па словах каардынатаркі Фонду медычнай салідарнасці, беларуская медыцына сёння – разваленая, а Міністэрства аховы здароўя не мае эфектыўнай сістэмы збору інфармацыі. Між тым, калі прыйдзе час аднаўляць і адбудоўваць галіну, важныя рашэнні можна будзе прымаць толькі на падставе абʼектыўных звестак.

«Без адэкватных лічбаў не будзе на што абапірацца і будзе цяжка прымаць рашэнні. Таму мы хочам узнавіць, наколькі гэта магчыма, адэкватную карціну таго, што ў нас адбываецца ў краіне. Мы разумеем, што ўсёй інфармацыі не збяром і ўсе важныя пункты не ўлічым, але хочам сабраць хаця б тое, што можам, – з дапамогай медычнай супольнасці і пацыентаў», – тлумачыць Лідзія Тарасенка.

Якія звесткі дасылаць

Арганізатары праекту стварылі бяспечны канал абмену інфармацыяй, праз які просяць дасылаць дакументальныя (фота) звесткі:

  • Медыкаў: інфармацыю аб недахопе абсталявання, расходнікаў, лекавых сродкаў ва ўстановах аховы здароўя Беларусі, а таксама – пра парушэнні працоўных правоў.
  • Пацыентаў: фотаздымкі выпісных эпікрызаў са стацыянараў са схаванымі асабістымі звесткамі. Гэта неабходна, каб зразумець, наколькі лячэнне ў беларускіх лякарнях адпавядае міжнародным пратаколам.

«Мы выдатна разумеем рызыкі, звязаныя з дасыланнем такой інфармацыі, але фота ўласных медычных дадзеных пакуль яшчэ не стала нагодай для рэпрэсіяў. Калі нам нешта дасылаеце, ананімізуйце дадзеныя – сцірайце прозвішчы, даты, адрасы. Але пажадана пакідаць назву ўстановы», – зазначае Лідзія Тарасенка.

Гэтыя ананімныя звесткі будуць прааналізаваныя і сістэматызаваныя. На іх падставе адмыслоўцы дадуць незалежную ацэнку стану сістэмы аховы здароўя Беларусі.

«Немагчыма зрабіць медыцыну ў дыктатуры»

Паводле назіранняў Лідзіі Тарасенкі, беларуская медыцына пачала абвальвацца падчас пандэміі COVID-19. «Калі да ковіду назіралася хоць нейкая бачнасць медыцыны, то каронавірус выбіў апошнюю хісткую ножку з-пад зэдліка – і ўсё павалілася», – гаворыць нашая суразмоўца. На яе погляд, зараз у медычнай галіне ўсё імкліва пагаршаецца, адбываецца «катастрафічны абвал».

Каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка. Фота з асабістага архіву Лідзіі Тарасенкі

«Праблема ў тым, што нічому не даюць развівацца. Любыя парасткі ініцыятывы, нават на ўзроўні двух-трох чалавек, не кажучы пра аддзяленне, душацца. Лаяльнасць – найперш, прафесіяналізм жа наагул не бярэцца ў разлік. Зразумела, што ў такіх умовах нічога немагчыма пабудаваць. Немагчыма зрабіць медыцыну ў дыктатуры, як немагчыма без кіслароду выгадаваць рамонак», – гаворыць Лідзія Тарасенка.

На яе думку, лукашэнкаўскія функцыянеры ад медыцыны добра ведаюць, што ўсё кепска. Але не разумеюць, што з гэтым рабіць, бо зусім адарваліся ад рэчаіснасці.

«Яны ўжо не ведаюць іншых метадаў, апроч рэпрэсіяў. Толькі рэпрэсіямі могуць дзеяць, і рэпрэсіі будуць узмацняцца. Але вынік будзе такі, як і да гэтага – усё будзе толькі пагаршацца», – лічыць каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Беларусі.

«Чарговае псіхапатычнае трызненне»

Заявы Аляксандра Лукашэнкі падчас так званай «вялікай размовы аб ахове здароўя» 23 траўня Лідзія Тарасенка назвала «чарговым псіхапатычным трызненнем».

«Тое, што кажа Лукашэнка, мы будзем выкарыстоўваць толькі хіба падчас псіхіятрычнай экспертызы. Выбачайце, але гэта трызненне. Спрабаваць яго ацаніць, убачыць логіку ў ягоных словах, нейкі сэнс – гэта як варажыць на кававай гушчы. Ён даўно выкарыстоўвае маніпуляцыйныя прыёмы, але з узростам структура асобы ўсё больш падлягае разʼяданню.

Усе гэтыя рэчы становяцца ўсё больш псіхапатычныя», – ацаніла выказванні Лукашэнкі падчас нарады 23 траўня Лідзія Тарасенка.

Яе субʼектыўны дыягназ беларускай медыцыне – фібрыляцыя перадсэрдзяў (мігатлівая арытмія), пры якой сэрцавая дзейнасць робіцца неэфектыўнай, а сэрца не ў стане пампаваць кроў да арганізму.

Беларусь страціла і страчвае вялікую колькасць дактароў і медычных спецыялістаў. Беларускія медыкі ўсцяж зʼязджаюць у іншыя краіны, шукаючы бяспекі ды адчування свабоды. Паводле ініцыятывы «Белыя халаты», Польшча з 2020 года выдала больш за 800 ліцэнзіяў медыкам з Беларусі. Некаторыя спецыялісты, якія пакінулі радзіму, пастанаўляюць пакінуць прафесію. У Беларусі ж трывае пераслед і рэпрэсіі супраць іхных калегаў. Паводле Фонду медычнай салідарнасці, 13 медыкаў цяпер застаюцца за кратамі паводле палітычна матываваных крымінальных справах, у дачыненні сотняў заводзіліся адміністратыўныя справы. Згодна з інфармацыяй агульнабеларускай базы вакансіяў, медычныя ўстановы краіны патрабуюць каля 6,5 тыс. працаўнікоў.

Гісторыі
«Я не пакідаю прафесіі». Гутарым з былою доктаркаю цэнтру «Ладэ» Ірынаю Маркелаваю
2023.05.14 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў