«Я не пакідаю прафесіі». Гутарым з былою доктаркаю цэнтру «Ладэ» Ірынаю Маркелаваю


Калі размаўляем з беларускай Ірынаю Маркелавай, якая чатыры месяцы таму пакінула Беларусь, у Варшаве пахне бэзам і дзьмухаўцамі. І чымсьці яшчэ, тонкім і чыста варшаўскім, сакрэту чаго ні Ірына, ні мы пакуль не разгадалі. Хоць у вызначэнні пахаў і водараў Ірына – сапраўдная знаўца. З былой эндаскапісткаю медычнага цэнтру «Ладэ» гутарым пра пахі, ровары і чалавечае нутро.

Ірына Маркелава, беларуская актывістка і былая доктарка «Ладэ», якая ў пачатку 2023 года вымушаная была разам з сям’ёю зʼехаць з Беларусі. Варшава, Польшча. 9 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Ірына Маркелава 23 гады працавала ў Беларусі эндаскапісткай, але ў 2021-м яе выштурхнулі – па званку з міністэрства – і з медычнага цэнтру «Ладэ», і з любімай прафесіі. У эміграцыі да эндаскопу так і не вярнулася – пастанавіла прафесійна асвойваць тое, што раней лічыла сваім хобі. У Менску стварала натуральную касметыку і варыла мыла. У Варшаве пайшла вучыцца ў паліцэальную школу на тэхніка касметычных паслуг.

«Мы не збіраліся з’язджаць»

Згадваем знакаміты раман «Парфумер» Патрыка Зюскінда («Хто валодае пахам, той валодае сэрцамі людзей»), прынюхваемся адно да аднаго і заглыбляемся ва ўспаміны.

«У Менску мы жылі ў раёне Трактарнага заводу, дык пахла адпаведна. То «ліцейкаю», то прысмакамі, то шампанскім ці півам…» – смяецца Ірына.

Падхопліваю тэму паху шампанскага, які абавязкова калісь запануе ў беларускай сталіцы, і хілю размову ў бок палітыкі. Але тэма прыходзіць больш натуральным чынам.

«О, дык вы той самы фатограф, які зрабіў галоўны партрэт Віктара Бабарыкі? Памятаеце мяне? Вы мяне фатаграфавалі, калі я трымала ў руках ягоны партрэт на адным з маршаў», – звяртаецца жанчына да фотакарэспандэнта «Белсату» Паўла Крычка. Мой калега пасміхаецца і ківае галавою.

Ірына расказвае, што ніколі не галасавала за Аляксандра Лукашэнку, а свой голас у 1994 годзе аддала за Зянона Пазняка. Пазней, усвядоміўшы адсутнасць у Беларусі якіх-кольвек выбараў і палітыкі, прыйшлі з мужам Дзмітрыем да высновы: адзінае, што можна зрабіць у такой сітуацыі, – выхоўваць сваіх дзяцей сапраўднымі беларусамі ды актыўнымі грамадзянамі. Іхны старэйшы сын – Пётр Маркелаў, грамадскі актывіст і заснавальнік арганізацыі «Legalize Belarus». У 2020-м збіралі подпісы за Віктара Бабарыку ўсёю сямʼёю.

Ірына Маркелава падчас маршу пратэсту, які прайшоў у Менску, Беларусь. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: Павел Крычко

«І не толькі ў Менску. Едзем у вёску, бяром з сабой столік, расцяжку з Бабарыкам, а там людзі пытаюцца, ці доўга мы будзем стаяць, бо хочуць прывесці да нас сваіх блізкіх. Быў такі ўздым! І адчуванне хуткіх зменаў – вось яно, вось-вось… Людзі былі да іх гатовыя – усім надакучыў Лукашэнка. Нават у вёсках…» – успамінае Ірына Маркелава.

Ірыну тройчы затрымлівалі ў 2020 годзе. Пасля затрымання 8 лістапада распавядала пра катаванні газам і голадам, прызнавалася, што магла памерці ў аўтазаку. Імя Ірыны Маркелавай гучала ў лістападзе 2020-га на ​​форуме ў справе бяспекі і палітыкі «Riga Conference» з вуснаў Святланы Ціханоўскай.

У лютым 2022-га Ірыну схапілі разам з мужам, калі сужэнцы спрабавалі выказаць пратэст расейскаму ўварванню ва Украіну. Дзмітрыю Маркелаву (ён таксама доктар, хірург) прысудзілі тады чарговыя содні на Акрэсціна. А Ірыну, як кажа, «ратавала дзіця»: яе нечакана (на той момант – ужо «нечакана») адпусцілі як маці няпоўнагадовага дзіцяці (малодшаму сыну Міхасю было тады 10 гадоў).

«Але і пасля гэтага мы не збіраліся і не хацелі зʼязджаць. Хоць я была без працы з 2021 года. Муж працаваў у 9-й лякарні. Толькі тады, калі людзі ў форме пачалі прыходзіць і забіраць дактароў проста з аперацыяў, мы зразумелі, што не варта спакушаць лёсу. Бо мелі ўсе тыя ж пункты, за якія сядзяць людзі: і «перакрыццё дарог», бо хадзілі на пратэсты, і «фінансаванне тэрарыстычных арганізацыяў», бо дапамагалі іншым людзям, і гэтак далей. Зрабілі візы і выехалі. Не тое што тэрмінова, але – незапланавана, так», – расказвае Ірына.

«Пазванілі з міністэрства і сказалі вас звольніць»

Сямʼя Маркелавых 4 месяцы жыве ў Варшаве. 11-гадовы Міхась пайшоў у польскую школу («Яму падабаецца!»). Сярэдняя дачка Марыя яшчэ раней, пасля Коласаўскага ліцэю, паступіла ў варшаўскую палітэхніку і цяпер – побач з бацькамі (вучыцца на 4-м курсе). Пётр таксама ў бяспецы. Сама ж Ірына яшчэ пахне Беларуссю (не-не, пакуль што не шампанскім – трывогаю, чыгункаю, чаборам…).

«Але такія сны, ад якіх прачыналася ўначы ў Беларусі – з трывогі і страху, ужо зніклі, ужо не бывае іх. Крыху спакайней стала», – прызнаецца жанчына.

Трывогі і неспакою ў Беларусі – да гібелі. Па сутнасці, жанчыну пазбавілі на радзіме права на прафесію. Эндаскапісткаю працавала з 1998 года – спачатку ў Маладзечне, потым у 2-й клінічнай больніцы Менску, апошнія тры гады (2018–2021) – у медычным цэнтры «Ладэ». Адтуль была звольненая ў верасні 2021-га без якіх-кольвек уцямных тлумачэнняў:

«Проста сказалі: маўляў, нам пазванілі з Міністэрства аховы здароўя і загадалі вас звольніць. І ўсё. Прайшло паўгода, і я падумала, што, можа быць, я ўжо адбыла «пакаранне», і паспрабавала ўладкавацца на працу ў адну дзяржаўную ўстанову аховы здароўя. Але мяне не ўзялі…»

Ірына Маркелава перад пікетаваннем для збору подпісаў у адной з беларускіх вёсак. Фота з архіву Ірыны Маркелавай

Калі Ірына званіла з прапановаю сваёй кандыдатуры на вакансію, загадчык установы (гэта была ГКБ № 1 Менску – 1-ая гарадская клінічная больніца) вельмі ўсцешыўся, бо – «няма каму рабіць каланаскапіі». Прапанаваў падысці ў шпіталь, але чамусьці не ў аддзел кадраў, а ў іншы кабінет, у якім, паводле жанчыны, ёй давялося «сустрэцца з гэбістам», ці з асобаю, пасада якой у штатным раскладзе гучыць цяпер як «намеснік галоўнага доктара ў справе бяспекі». Размаўлялі з ім доўга, прызнаецца Ірына. Начальнік установы перазваніў ажно праз месяц. «Вас не бяруць», – паведаміў.

Жанчына спрабавала змагацца: напісала афіцыйны ліст на імя кіраўніцтва з пытаннем, чаму, не зважаючы на неабходную кваліфікацыю і досвед, ёй адмовілі ў працаўладкаванні. У адказ атрымала адпіску, дзе сцвярджалася, што ёй насамрэч не адмовілі – ейную кандыдатуру «разглядаюць на роўні з астатнімі прэтэндэнтамі».

«Пісала потым і вышэй, але таксама атрымала адпіску. Карацей, «мая кандыдатура разглядаецца». Мяркую, што аж дасюль», – смяецца Ірына Маркелава.

«Звыклася з тым, што я ўжо не доктарка»

Ірына не працавала паводле спецыяльнасці амаль паўтара года. Аднак рук не апусціла. Шукала сябе ў іншых кірунках, шчыльна звязаных са сфераю здароўя: скончыла курсы масажу, стварала натуральныя крэмы, варыла мыла (у тым ліку «Пахне чабор»). Пастанавілі з мужам заняцца агратурызмам і купілі дамок у вёсцы, каб зладзіць там цэнтр роварных маршрутаў. Планаў і мараў было багата…

Зрэшты, прагу да вандровак і любоў да ровараў сямʼя забрала з сабой у Варшаву. Першым вялікім набыткам у польскай сталіцы былі тры ровары – на кожнага сямейніка. Роварныя падарожжы – добры сродак для зняцця эмацыйнага стрэсу і дэпрэсіі, магчымасць даследаваць новую краіну і гарадскую прастору, адзначае нашая суразмоўца.

На сустрэчу з намі Ірына таксама прыехала на ровары. Сонечная і ўсмешлівая.

Ірына Маркелава, беларуская актывістка і былая доктарка «Ладэ», якая ў пачатку 2023 года вымушаная была разам з сям’ёю зʼехаць з Беларусі. Варшава, Польшча. 9 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Вы ж столькі гадоў працавалі эндаскапісткаю – зазіралі ў самае нутро чалавека. Што там? Ці ёсць там месца для несмяротнай душы?» – пытаемся паўжартам.

«Ну так, эндаскапія – вельмі інтымны занятак, – пасміхаецца беларуска. – Здаецца, адны і тыя ж даследаванні – ці страўнік ты глядзіш, ці кішачнік. Але заўсёды ёсць у гэтым доля экстрыму, бо ніколі не ведаеш, што там убачыш, што сустрэнеш. Асабліва калі працуеш у стацыянары і трэба прымаць экстранныя рашэнні, а ад твайго рашэння залежаць і дыягназ, і лячэнне чалавека, і ўвогуле… Душа, кажаце? Насамрэч любая справа – гэта праца, і ты да яе ставішся як да працы. Ясна, з душою».

Ірына прызнаецца, што за час, калі не было медычнай практыкі, маральна і псіхалагічна звыклася з тым, што яна «ўжо не доктарка». На ейную пастанову пайсці вучыцца на тэхніка касметыкі і зрабіць сваё хобі прафесіяй паўплывала і тое, як няпроста ў чужой краіне пацвердзіць беларускі дыплом. Муж Дзмітрый, дасведчаны хірург з вялікім стажам, вымушаны цяпер у Варшаве вучыць тое, што штудыяваў у медычным інстытуце 25 гадоў таму – пачынаючы з прапедэўтыкі і асноваў ЭКГ. І наперадзе – экзамен…

«Мяне заўсёды цікавіла не толькі тое, як можна лячыць хваробы, а і тое, як ім можна запабегчы. Здаровым харчаваннем, здаровым ладам жыцця. Натуральная касметыка і мыла – з той жа серыі. Так што я не сыходжу з прафесіі. Тое, чаму цяпер вучуся, – гэта таксама медыцына», – кажа Ірына Маркелава.

«Пакуль складаеш рэцэпт, ачышчаюцца думкі»

Цяпер даследаваць чалавека Ірына будзе не ссярэдзіны, а звонку («Чалавек усюды цікавы»). Дарэчы, масаж, крэмы ці мыла ў Ірыны можна замовіць хоць цяпер. Працэс варэння мыла яна называе «таямнічым (ізноў у думкі пракрадаецца Зюскінд!) і псіхатэрапеўтычным заняткам».

Ірына Маркелава, беларуская актывістка і былая доктарка «Ладэ», якая ў пачатку 2023 года вымушаная была разам з сям’ёю зʼехаць з Беларусі. Варшава, Польшча. 9 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Калі займаешся гэтым, твае думкі таксама ачышчаюцца нейкім чынам. Пакуль складаеш рэцэпт, пакуль кампануеш рэчывы – алеі, шчолак. І ўрэшце атрымліваецца мыла, якім можаш ачысціць і цела, і душу», – тлумачыць Ірына.

«А ўзяліся б зварыць мыла Аляксандру Лукашэнку, каб паспрабаваў адмыць рукі ад усяго таго, што ўчыніў нашаму народу?» – пытаемся.

Ірына адварочваецца, бярэ паўзу: «Я б не хацела пра гэтага чалавека ўвогуле размаўляць».

У вачах зʼяўляецца трывога. Жанчына ўсяго чатыры месяцы ў Варшаве. Тут пахне сонцам, бэзам і яшчэ чымсьці няўлоўна варшаўскім. І мы сядзім на тумбе з відам на 60-метровую мачту Свабоды (Maszt Wolności). Ці адчула жанчына сябе больш вольнай на чужыне – за паўтысячы кіламетраў ад дому?

«Не скажу, што адчула сябе больш вольнаю, бо не магу паехаць дадому. Якая ж гэта воля? Мы цяпер проста ў бяспецы. І разам. Гэта важна», – кажа Ірына Маркелава.

Беларусь страціла і страчвае вялікую колькасць дактароў і медычных спецыялістаў. Беларускія медыкі ўсцяж зʼязджаюць у іншыя краіны, шукаючы бяспекі ды адчування свабоды. Паводле ініцыятывы «Белыя халаты», Польшча з 2020 года выдала больш за 800 ліцэнзіяў медыкам з Беларусі. Некаторыя спецыялісты, якія пакінулі радзіму, пастанаўляюць пакінуць прафесію. У Беларусі ж трывае пераслед і рэпрэсіі супраць іхных калегаў. Палітзняволенымі ў Беларусі прызнаныя 17 медычных работнікаў (інфармацыя на сакавік 2023 года), частка з іх ужо адбыла пакаранне. Згодна з інфармацыяй агульнарэспубліканскай базы вакансіяў, медычныя ўстановы краіны патрабуюць каля 6,5 тысячы працаўнікоў.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў