Беларусаў няма каму лячыць і вучыць. Якіх спецыялістаў бракуе ў краіне?


Колькасць вакансіяў у Агульнарэспубліканскім банку працягвае расці і ўжо амаль дасягнула ста тысяч, тады як рэзюмэ тых, хто яе шукае, у 10 разоў менш. Паглядзелі, каго шукаюць і якія заробкі прапаноўваюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

На сённяшні дзень у Агульнарэспубліканскім банку вакансіяў размешчана 99 953 прапановы працы. Пачынаючы з вясны 2022 года колькасць вакансіяў расла. Цяпер працэс крыху запаволіўся (у снежні 2022 года на сайце налічвалася 100 088 вакансіяў).

За апошні месяц у банк вакансіяў дадаліся 64 780 прапановаў працы – гэта на 16 353 вакансіі больш, чым лік за снежань 2022 года. Колькасць размешчаных там рэзюмэ істотна меншая: шукаюць працу 9269 чалавек (у канцы 2022 года гэты лік быў меншы – 8556 чалавек).

Лідарам у колькасці вакансіяў застаецца Менск – тут патрабуецца 25 878 спецыялістаў. Затым ідзе Менская вобласць (15 408), Гарадзенская (12 933), Гомельская (12 550), Берасцейская (11 885), Віцебская (11 723), Магілёўская (10 387).

Адзначым, што сёння ў Беларусі, каб уладкавацца на працу ў дзяржаўную ўстанову, трэба прайсці праверку ў сілавікоў і КДБ. Існуюць так званыя шэрыя і чорныя спісы. Часта на працу людзей з пратэставым ці «нядобранадзейным» бэкграўндам баяцца браць і прыватнікі. Таму шмат кваліфікаваных спецыялістаў – медыкаў, выкладчыкаў і г. д. – проста не могуць нікуды ўладкавацца і вымушаныя з’язджаць з краіны, каб пракарміць сябе і свае сем’і.

Катастрофа з медыкамі

Тэндэнцыя мінулага года – недахоп медыкаў – працягваецца і сёлета. Так, на снежань 2022-га налічвалася 6286 вакансіяў. У лютым 2023-га лік вырас да 6330. Праблема дэфіцыту медычных кадраў не пераадольваецца, а толькі паглыбляецца.

Самы вялікі заробак у гэтай сферы прапаноўваюць галоўнаму доктару ў гарадскім пасёлку Ушачы (Віцебская вобласць) – 3900 руб. Затым – тэрапеўту на 1,5 стаўкі ў Капцэвіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для старых і інвалідаў (Гомельская вобласць) – 2733 руб.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Найменшы заробак на 1 стаўку прапаноўваюць доктару-спецыялісту (педыятр, псіхіятр, неўролаг, лекар агульнай практыкі) у Вялікай Бераставіцы (Гарадзенская вобласць) – 550 руб. На такі ж заробак шукаюць спецыялістаў у Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Куды падзеліся кіроўцы і дзе ўзяць кіраўнікоў?

Праблема нястачы кіроўцаў у Беларусі таксама перацякла з мінулага года. Так, калі ў снежні мы знайшлі 6261 вакансію, то на пачатак лютага іх колькасць павялічылася да 6593. Найбольшы заробак 3000 руб. прапаноўваюць кіроўцу цяжкагрузаў для міжнародных перавозаў. Найменшы, 550 руб., атрымае кіроўца школьнага аўтобуса ў Буда-Кашалёве.

Падобная сітуацыя і з кіраўнікамі: у снежні мы знайшлі 1016 вакантных месцаў на кіроўныя пасады, у лютым 2023-га – 1106 вакансіяў.

На заробак 4000 руб. шукаюць кіраўніка ўпраўлення маркетынгу з добрай ангельскай мовай у «Керамін». Самы вялікі заробак прапаноўваюць старшыню праўлення «Статус Банку» – ад 5000 да 11 000 руб. Патрабаванні да кандыдатаў жорсткія – досвед кіроўнай працы ад 10 гадоў плюс свабоднае валоданне ангельскай мовай. Праблемы з кадрамі таксама назіраюцца ў Банку развіцця Беларусі. Тут ажно са жніўня мінулага года шукаюць і ніяк не могуць знайсці намесніка старшыні праўлення з заробкам да 12 000 руб. Агулам працадаўца шукае 30 спецыялістаў, у тым ліку на кіроўныя пасады.

Таксама вялікі заробак 9100 руб. прапаноўваюць намесніку дырэктара ў «Азон Рэтэйл». Асноўнае патрабаванне да прэтэндэнта – дасканалае веданне турэцкай і англійскай моваў, а таксама досвед кіравання сеткай рознічных крамаў адзення.

Расце попыт на будаўнікоў

Заўважылі рост колькасці вакансіяў будаўнічага профілю. На цяперашні дзень патрабуецца 871 спецыяліст. У той час як у мінулым годзе колькасць вакансіяў з красавіка памяншалася і дайшла ў снежні да 793.

Максімальны заробак 2600 руб. абяцаюць майстру рамонтна-будаўнічых работаў у «Мастабудзе» (Горадня). Заробак 2000–2500 руб. прапаноўваюць слесару-рамонтніку сельскагаспадарчага і прамысловага абсталявання на Бярозаўскім маторарамонтным заводзе.

Найменшы заробак у гэтай сферы на стаўку 554 руб. заплоцяць работніку плодагадавальніку ў Жлобінскім ПМС.

Беларускіх дзяцей няма каму вучыць і выхоўваць

Назіраецца сталы недахоп настаўніцкіх кадраў. Так, на сёння знаходзім 379 вакансіяў настаўніка. У снежні іх было 355. Ажно 16 спецыялістаў на заробак 2000–3000 руб. шукае прыватная Міжнародная школа ў Менску. Патрабаванні высокія: валоданне нормамі англійскай мовы на высокім прафесійным узроўні (адпаведным узроўню носьбітаў мовы), досвед працы ў сістэме міжнародных школаў «Quality school international».

Сярод дзяржаўных установаў адукацыі найбольшы заробак 1200 руб. абяцаюць настаўніку пачатковых класаў у сярэднюю школу № 114 г. Менску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Найменшы заробак 554 руб. прапаноўваюць настаўніку Прудкоўскай школы Мазырскага раёну.

Застаецца праблема з выхавальнікамі ў дзіцячых садках. На люты знаходзім 637 вакантных месцаў працы, у той час як у снежні іх было 622. Найбольшы заробак тут – 1150–1250 руб. – для старэйшага выхавальніка ў берасцейскім Цэнтры развіцця футболу. Заробак 1040–1250 руб. абяцаюць таксама выхавальнікам у Дзіцячым доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Менску. Тут патрабуецца тры спецыялісты, але кожнаму прыйдзецца працаваць на 2,25 стаўкі.

Найменшы заробак 554–700 руб. прапаноўваюць выхавальнікам у дзіцячых садках Горадні і Горак. Адзначым, што ў раённых дзіцячых садках праблема з кадрамі стаіць больш востра.

Што там у IT?

Згодна інфармацыі dev.by, у лістападзе 2022 года ў галіне працавалі 5,5 тысячы спецыялістаў. Гэта на 30 % менш, чым у траўні 2022-га, і на 22 % менш, чым год таму, у лістападзе 2021-га. Доля самых высокааплатных IT-спецыялістаў знізілася з 10,4 % (у траўні 2022-га) да 8,4 % пад канец 2022-га. Медыянная зарплата айцішнікаў у лістападзе 2022-га аказалася мінімальнай за апошнія два гады – 3,8 тысячы рублёў.

Такое скарачэнні беларускага IT-сектару і падзенне медыяннага заробку тлумачыцца адтокам спецыялістаў, у тым ліку высокакваліфікаваных, зыходам IT-кампаніяў у іншыя краіны. Вядома, што некаторыя IT-кампаніі ставяць умоваю далейшай супрацы з чалавекам яго рэлакацыю з Беларусі.

Саша Гоман  belsat.eu

Стужка навінаў