«Белыя халаты»: Мы частка той сілы, якая працуе на развіццё грамадзянскай супольнасці


Колькасць медыкаў, якія з’ехалі з Беларусі, фатальная, а спробы замяніць іх інтэрнамі вядуць да сурʼёзнага зніжэння якасці медычных паслугаў у краіне, сцвярджае ініцыятыва «Белыя Халаты», якая мае на мэце кансалідаваць медычную супольнасць і стаць яе рупарам у Беларусі і за межамі радзімы. Чаму ініцыятыву ніхто не рэпрэзентуе ў Каардынацыйнай Радзе і ці дапамагае «Белым Халатам» Пераходны кабінет? Пагутарылі пра гэта з адным з лідараў ініцыятывы, які папрасіў аб ананімнасці.

Лекарка ў белым халаце глядзіць у акно. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Белсат»: – Дык «Белыя Халаты» – гэта арганізацыя, абʼяднанне ці проста назва тэлеграм-каналу?

«Белыя Халаты»: – Мы не зʼяўляемся зарэгістраванай арганізацыяй, не зʼяўляемся таксама НДА, хоць маем унутраную структуру і рэгламент.

«Белыя Халаты» – гэта ініцыятыва беларускіх медыкаў, якая ўзнікла ў адказ на беспрэцэдэнтны гвалт «сілавікоў» супраць пратэстоўцаў у жніўні 2020 года – калі мы на ўласныя вочы пабачылі жахлівыя наступствы іх «працы», выбухаў светлашумавых гранатаў і гумавых куляў. Ніхто з нашых калегаў ніколі ў жыцці не сутыкаўся з падобным, бачылі такое хіба што ў фільмах пра вайну. Колькасць пацярпелых і характар траўмаў паказвалі, што людзей сапраўды масава і мэтанакіравана катавалі, расстрэльвалі ва ўпор і збівалі да паўсмерці…

Натуральна, пасля такога медыкі не маглі маўчаць і выйшлі на вуліцы разам з сотнямі тысячаў беларусаў. Нашыя калегі валанцёрылі каля ізалятараў, РАУС і турмаў, аказвалі першую дапамогу пацярпелым на маршах.

Канал у тэлеграме зʼявіўся як рупар для агучвання рэакцыі на падзеі ў краіне і асвятлення праблемаў у ахове здароўя, ім ён застаецца і дагэтуль. Мы таксама хочам даць магчымасць выказацца медычным работнікам, у якіх на сённяшні дзень практычна адабралі права голасу. Лічым важным кансалідаваць медычную супольнасць і даносіць праўду да людзей.

– «Рупар» – прыгожая метафара. Ці азначае яна, што «Белыя Халаты» – гэта найперш медыйны праект?

– Ведаеце, каб быць сапраўдным рупарам прафесійнай супольнасці, трэба, каб такія паўнамоцтвы нам дала адпаведная сацыяльная група. У сучасных умовах няма магчымасці правесці апытанне медыкаў і вылучыць іх прадстаўніка шляхам дэмакратычных працэдураў. Амаль усе ініцыятывы, за рэдкім выключэннем, – гэта сурагатныя прадстаўнікі. Але мы ёсць часткай той сілы, якая працуе на развіццё грамадзянскай супольнасці. Нашая задача – даць голас працаўнікам медыцыны і расці разам з грамадствам.

Сказаць, што мы адпавядаем крытэрыям медыйнага праекту, будзе занадта саманадзейна. Але мы хочам такім быць і авансам прымаем такое азначэнне.

«Не быць падпісаным на «Белыя Халаты» – гэта ілюзія бяспекі»

– Колькі чалавек працуе ў камандзе «Белых халатаў»

– У мэтах бяспекі не можам адказаць на гэтае пытанне. Але, як толькі сітуацыя дазволіць, назавем усіх чальцоў каманды. Маем таксама планы афіцыйнай рэгістрацыі.

– Як паўплываў на сітуацыю ў сферы аховы здароўя той факт, што Беларусь пакінулі тысячы лекараў?

– Так, беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсіяў у значнай ступені закранула і медыкаў. Рэпрэсіі не сціхаюць дагэтуль. Таму сапраўды вялізная колькасць нашых калегаў вымушаная была пакінуць радзіму. Колькасць кваліфікаваных спецыялістаў, якія зʼехалі, фатальная. Спробы замяніць іх інтэрнамі прыводзяць да вельмі сурʼёзнага зніжэння якасці аказання медычных паслугаў. Шмат хто ў Беларусі ўжо сутыкнуўся з тым, што добрага спецыяліста не адшукаць удзень са свечкай.

Іронія ў тым, што закранула гэта і тых, хто рэпрэсаваў медыкаў. Палітыка рэпрэсіяў і запалохванняў прывяла сістэму аховы здароўя ў жаласны стан. І далей будзе толькі горш.

Пратэст медыкаў
Акцыя салідарнасці з медыкамі 9-й больніцы сталіцы, якіх затрымалі 13 верасня на Маршы герояў. Іхныя калегі са шпіталя выйшлі на вуліцу з імёнамі рэпрэсаваных. Менск, Беларусь. 14 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

– Вы кажаце пра фатальную колькасць медыкаў, якія зʼехалі. Але ці можаце сказаць, колькі гэта, хоць прыкладна?

– Ніхто не ведае дакладнай лічбы. Можам толькі сказаць, што Польшча пачынаючы з 2020 года выдала больш за 800 ліцэнзіяў беларускім медыкам. Палітзняволенымі ў Беларусі прызнаныя 17 медработнікаў, частка з іх ужо адбыла «пакаранне».

– У кастрычніку 2021 года тэлеграм-канал «Белыя Халаты» і аднайменны чат былі прызнаныя ў РБ «экстрэмісцкімі». Што гэта змяніла?

– Вядома ж, гэта паўплывала на колькасць нашых падпісчыкаў. Хаця сёння гэта наўрад ці ёсць індыкатарам настрояў у грамадстве. Большасць людзей запалоханая і хоча максімальна засцерагчыся, хаця ёсць выпадкі, калі супрацоўнікі МУС самі падпісвалі затрыманых на «экстрэмісцкія» каналы і адпраўлялі за гэта «на суткі». Таму не быць падпісаным на «Белыя Халаты» – гэта адно ілюзія бяспекі.

За час нашага існавання мы распрацавалі камунікацыйную стратэгію і разумеем, што мы хочам сказаць грамадству. Можам цвердзіць, што «Белыя Халаты» захоўваюць свой рэсурс і маюць бачанне, як працаваць далей.

«Белыя Халаты» – цалкам аўтаномная структура»

– Не адшукаў прадстаўнікоў вашай ініцыятывы ў спісе сябраў абноўленай Каардынацыйнай Рады. Іх там няма? Чаму?

– Згодна з нашай унутранай дамоўленасцю, мы не можам станавіцца чальцамі або прадстаўнікамі якой-небудзь палітычнай структуры. А паводле палітыкі бяспекі, усе ўдзельнікі ініцыятывы павінны заставацца ананімнымі.

– Але, як заяўляецца, Каардынацыйная Рада – гэта прадстаўнічы орган усяго беларускага дэмакратычнага грамадства. Хто ў ім прадстаўляе медычную супольнасць? Бо «Фонд медычнай салідарнасці» ў КР таксама не мае прадстаўнікоў.

– У Каардынацыйнай Радзе ёсць прадстаўнікі медычнай супольнасці.

– Ці наладзілі «Белыя Халаты» супрацу з Абʼяднаным пераходным кабінетам Святланы Ціханоўскай?

– Мы аказваем інфармацыйную падтрымку дэмакратычным структурам, чые дзеянні нам падаюцца правільнымі і адэкватнымі, але казаць пра сурʼёзную супрацу пакуль не выпадае.

– Кабінет нейкім чынам дапамагае вам?

– «Белыя Халаты» – цалкам аўтаномная структура. Актыўна супрацоўнічаем хіба што з Фондам медычнай салідарнасці, але не залежам ад яго, і праектам «Е-Здароўе». Дапамагчы нам сапраўды можа кожны, калі будзе расказваць нам у наш бот пра стан сістэмы аховы здароўя, аб парушэнні правоў медыкаў або пацыентаў.

– у 2020-21 гадах «Белыя Халаты» вельмі актыўна дапамагалі журналістам у пошуках экспертаў-медыкаў, якія каментавалі сацыяльныя і палітычныя падзеі ў Беларусі. Цяпер жа атрымаць каментар ад беларускага лекара – нават на выключна медычную тэму – бывае вялікай праблемай. Чаму так адбываецца?

– Мы стараемся даваць каментары ў СМІ па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю кагосьці з нашых калег, ці калі валодаем самі нейкай важнай інфармацыяй. Былі выпадкі, калі мы адмаўляліся ад каментароў праз адсутнасць часу, але гэта адзінкавыя выпадкі. Ну і, будзем шчырымі, калегі, якія засталіся ў Беларусі, асцерагаюцца за сваю бяспеку, таму многія адмаўляюцца даваць каментары незалежным СМІ, якія ўжо практычна ўсе прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Машына хуткай дапамогі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

– На мой апошні запыт у сярэдзіне студзеня 2023 года пра новы штам омікрону «кракен» з просьбай дапамагчы з экспертам у чат-боце мне адказалі, што наўрад ці хто будзе каментаваць, бо «ўсе вельмі стомленыя». Ці не падаецца вам, што лекары, якія эмігравалі з Беларусі, пачынаюць змаўкаць і знікаць?..

– Нам не падаецца. Гэта абсалютна дакладна так і ёсць.

Паводле звестак службаў занятасці, на канец 2022 года ў Беларусі бракавала больш за 8 тысяч медычных працаўнікоў. Тым не менш рэпрэсіі супраць медыкаў працягваюцца. 27 лютага ў Горадні пачалі судзіць палітзняволенага фельчара хуткай дапамогі Артура Хлуса. У Менску 1 сакавіка не выйшаў на волю пасля 27 сутак за кратамі пластычны хірург Аляксей Дужы. Лекара са Смаргоні Яўгена Бужынскага прысудзілі да 6 гадоў калоніі за распальванне варожасці і знявагу Лукашэнкі. На 2 сакавіка палітычнымі вязнямі ў Беларусі прызнаныя 1459 чалавек.

Інтэрв’ю
«У Нямеччыне буду зарабляць 2800 еўраў на старце». Беларускі хірург распавёў пра жыццё і працу ў эміграцыі
2022.07.30 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў