У Ерэване ўзброеныя людзі ўчынілі напад на аддзел паліцыі


Каля 17:00 24 сакавіка трое ўзброеных мужчынаў спрабавалі прарвацца ў аддзел паліцыі раёну Нор-Норк у сталіцы Арменіі.

Ачапленне перад будынкам аддзелу паліцыі ў ерэванскім раёне Нор-Норк.
Фота: SputnikARM / Telegram

Як паведамляе «Арменпресс» са спасылкай на МУС Арменіі, нападнікі падарвалі гранату перад будынкам паліцыі. Двое з іх ад выбуху атрымалі аскепкавыя раненні і былі шпіталізаваныя. Трэцяга ўдзельніка нападу цяпер спрабуюць абясшкодзіць армянскія сілавікі. Тэрыторыя вакол аддзелу паліцыі ачэплена.

Некаторыя мясцовыя медыі выказваюць здагадку, што да нападу можа мець дачыненне арганізацыя «Баявое братэрства». «Баявое братэрства» крытычна настроена да дзейных уладаў Арменіі і выступае рэзка супраць кампрамісаў з Азербайджанам у пытаннях спрэчных тэрыторыяў. Раней 24 сакавіка паліцыя правяла масавыя затрыманні чальцоў арганізацыі па падазрэнні ў незаконным захоўванні зброі і боепрыпасаў.

«Баявое братэрства» зняпраўджвае інфармацыю наконт сваёй датычнасці да нападу ў Ерэване і падкрэслівае, што арганізацыя плануе дзейнічаць выключна ў межах закону.

У МУС Арменіі не кажуць, ці былі звязаныя нападнікі з «Баявым братэрствам». Улады падкрэсліваюць, што ўсе затрыманыя сябры арганізацыі ўжо вызвалены, паведамляе «Sputnik Армения».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў