Культурная спадчына Украіны падчас вайны: як яе абараняюць і што было страчана беззваротна


Гісторыка-культурная спадчына – адна з самых уразлівых перад вайной сфераў. Баявыя дзеянні знішчаюць каштоўныя будынкі мінулага, археалагічныя помнікі, творы мастацтва. Некаторыя з іх можна аднавіць у тым жа выглядзе, але ніколі не вернеш іх аўтэнтыку – галоўную каштоўнасць спадчыны. Ва Украіне за два гады былі знішчаныя ці значна пашкоджаныя сотні помнікаў гісторыі і культуры. Вядома пра шматлікія выкраданні і вываз каштоўнасцяў за межы краіны. Пра агульны маштаб шкоды і як украінцы ратуюць сваю спадчыну – чытайце ў нашым матэрыяле.

Рабочыя пераносяць частку Багародчанскага іканастаса ў Нацыянальны музей імя Андрэя Шаптыцкага падчас падрыхтоўкі да магчымых ракетных абстрэлаў. Львоў, Украіна. 4 сакавіка 2022 года.
Фота: Bernat Armangue / AP Photo / East News

Шкода на 3,5 мільярды долараў

Культурнай спадчыне Украіны за два гады вайны нанесеная шкода ў памеры 3,5 мільярдаў долараў, паведамляе ЮНЭСКО. Год таму шкода ацэньвалася ў 2,6 мільярдаў долараў. Акрамя таго, паводле ААН, галіны культуры і турызму пасля ўварвання Расеі 24 лютага 2022 года згубілі 19 мільярдаў долараў даходаў.

Па стане на 16 лютага 2024 г. ЮНЭСКО пацвердзіла пашкоджанне ці знішчэнне 342 аб’ектаў спадчыны з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны. Сярод іх: 127 рэлігійных абʼектаў, 150 будынкаў, якія ўяўляюць гістарычны і/або мастацкі інтарэс, 31 музей, 19 помнікаў, 14 бібліятэк, 1 архіў. Агулам за час вайны пацярпелі 4 779 культурных і турыстычных аб’ектаў, паведамляюць украінскія ўлады.

Паводле намесніцы Міністра культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны Анастасіі Бондар, у выніку расейскіх абстрэлаў былі зруйнаваныя больш за 1700 аб’ектаў культурнай інфраструктуры і больш за 870 помнікаў культурнай спадчыны.

Два аб’екты Сусветнай спадчыны ЮНЭСКО – сярэднявечны цэнтр Львову і гістарычны цэнтр Адэсы – апынуліся сярод найбольш пацярпелых ад расейскіх удараў. Асобна прадстаўніца ЮНЭСКО ва Украіне Кьяра Дэцы Бардэскі адзначае Спаса-Праабражэнскі сабор Адэсы, які быў сур’ёзна пашкоджаны ў выніку ўдару ў ліпені 2023 года. Храм быў пабудаваны ў 1794 годзе, у 1936 – разбураны савецкай уладай, у 2000-х гадах адноўлены. Пасля пашкоджання падчас абстрэлу ўлетку 2023 года больш не выкарыстоўваецца. У бліжэйшы час ЮНЭСКО пры падтрымцы Італіі плануе ўсталяваць у храме часовы дах. Гістарычны цэнтр Адэсы ў студзені 2023 года ўключылі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО і адразу далучылі да каштоўнасцяў, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння.

Якія помнікі пацярпелі за два гады вайны

Цалкам былі знішчаныя (спіс няпоўны):

  • Іванкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей у Кіеўскай вобласці. Згарэў у выніку расейскага ракетнага абстрэлу напрыканцы лютага 2022 года. У музеі захоўваліся творы народнай творчасці, у прыватнасці, карціны Марыі Прымачэнкі і тэкстыльныя працы Ганны Верас. Частку карцін Прымачэнкі і іншых экспанатаў мясцовыя жыхары выратавалі з палаючага будынку.
  • Мастацкі музей ім. Архіпа Куінджы ў Марыупалі. Быў знішчаны ў сакавіку 2022 года прамым трапляннем авіябомбы. Марыупальская гарадская рада паведамляла, што расейскія войскі вывезлі карціны Куінджы і Айвазоўскага з фондаў музею ў Данецк.
  • Музей рэтракамп’ютараў у Марыупалі. Быў разбураны ў сакавіку 2022 года. У ім захоўваліся больш за 500 узораў камп’ютарнай тэхнікі ад 1950 да пачатку 2000 гадоў.
  • Марыупальскі краязнаўчы музей. Амаль цалкам быў знішчаны бамбаваннямі і пажарам. Часткова ці цалкам згарэла шмат экспанатаў.
  • Музей украінскага філосафа Рыгора Скаварады. У траўні 2022 года ў будынак трапіў снарад, распачаўся пажар, які пакінуў ад музею толькі сцены. На шчасце, экспанаты былі загадзя вывезеныя ў бяспечнае месца.
  • Георгіеўская царква ў вёсцы Заворычы Кіеўскай вобласці. Пабудаваная ў 1873 годзе. Згарэла ад прамога трапляння снараду 7 сакавіка 2022 года. Відавочцы сцвярджалі, што абстрэл быў мэтанакіраваным.
  • Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Кісялёўка Мікалаеўскай вобласці, пабудаваны ў 1852 годзе. Цалкам знішчаны расейскімі снарадамі.

Сярод пашкоджаных і абрабаваных:

  • У Харкаве быў сур’ёзна пашкоджаны дом «Слова», пабудаваны на мяжы 1920-х і 1930-х гадоў адмыслова для пісьменнікаў. На будынку месцілася мемарыяльная шыльда з імёнамі 122 літаратараў, якія жылі ў гэтым доме потым былі расстраляныя. У сакавіку 2022 года расейскія вайскоўцы абстралялі дом.
  • Трасцянецкі раённы краязнаўчы музей, будынак якога – помнік архітэктуры XVIII – XIX стагоддзяў, быў пашкоджаны абстрэламі і абрабаваны.
  • Музей «Зірка Полин» у Чарнобылі быў абрабаваны.
  • Музей Мемарыяльнага цэнтру Галакосту «Бабін Яр» быў пашкоджаны ракетным ударам.

Як расейцы крадуць украінскую спадчыну

Акрамя знішчэння культурнай спадчыны абстрэламі, расейскія войскі рабуюць музеі ды археалагічныя запаведнікі і вывозяць экспанаты з Украіны. Так, у жніўні 2023 года ў Нацыянальным запаведніку «Кіева-Пячэрская лаўра» распакавалі 14 культурных каштоўнасцяў – старажытную зброю ад часоў неаліту да сярэднявечча, якую расейскія войскі скралі на часова акупаваных тэрыторыях і намагаліся вывезці ў ЗША. Амерыканскі бок перадаў гэтыя прадметы амбасадзе Украіны ў ЗША і потым яны былі вернутыя ва Украіну.

Нацыянальны запаведнік «Кіева-Пячэрская лаўра» вярунула 14 культурных каштоўнасцяў. Кіеў, Украіна. 20 жніўня 2023 года.
Фота: mcip.gov.ua

На часова акупаваных тэрыторыях расейскія войскі разбурылі ўжо шмат археалагічных помнікаў падчас будаўніцства сваіх умацаванняў. Найбольш археалагічная спадчына Украіны пацярпела на поўдні і ўсходзе краіны.

Нацыянальная агенцыя Украіны па пытаннях супрацьдзеяння карупцыі запусціла праграму «Скрадзеная спадчына» у межах праекту «Вайна і мастацтва». Праграма накіраваная на перадухіленне незаконнага гандлю прадметамі мастацтва і даўніны, якія былі скрадзеныя расейцамі падчас акупацыі. Адмысловая база ўжо налічвае 245 культурных аб’ектаў.

«Разам з культурнымі каштоўнасцямі Расея намагаецца скрасці частку нашай гісторыі. Так, гэта ваенныя злачынствы. Калі сёння мы дазволім захопнікам зруйнаваць базавыя прынцыпы абароны сусветнай культуры, якую спадчыну мы пакінем наступным пакаленням? <…> у супрацы з Рэгіянальным цэнтрам правоў чалавека стварылі інструмент, які дапаможа аднавіць справядлівасць. Адзіная база культурных каштоўнасцяў, скрадзеных падчас вайны з украінскіх прыватных і дзяржаўных калекцыяў дазволіць кожнаму далучыцца да перамогі. Нашая з вамі агульная задача – знайсці кожны скрадзены РФ маленькі кавалачак культурнай спадчыны свету і вярнуць яго», – казаў кіраўнік Агенцыі Аляксандр Новікаў.

Паводле Агенцыі, расейскія вайскоўцы крадуць украінскую культурную спадчыну Украіны на акупаваных тэрыторыя яшчэ з 2014 года. Скрадзеныя каштоўнасці перамяшчаюцца на тэрыторыю Расеі, становяцца часткай выставаў, прыватных калекцыяў расейцаў.

Пра лёс вялізнай колькасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў на акупаваных тэрыторыях нічога не вядома.

«Калі мы вярнулі Херсон і зайшлі ў музейныя ўстановы, асабліва ў Херсонскі мастацкі музей, мы ўбачылі, што з 13 тысячаў экспанатаў там засталося толькі 3. Што адбываецца на тэрыторыях, якія, на жаль, акупаваныя ўжо 10 гадоў, мы можам толькі здагадвацца. Статус амаль 85 тысячаў каштоўнасцяў культуры невядомы», – казаў часова выконваючы абавязкі Міністра культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны Расціслаў Карандзееў.

Самая маштабная кампанія па ўратаванні спадчыны

Паводле Bloomberg, кампанія па ўратаванні ўкраінскай культурнай спадчыны – адна з самых маштабных у ХXІ стагоддзі і можа параўнацца з кампаніяй у Еўропе падчас Другой сусветнай вайны. У кампаніі прымаюць удзел як украінцы, так і замежныя партнёры і арганізацыі.

Драўляныя шчыты абараняюць помнік Багдану Хмяльніцкаму ад магчымага разбурэння падчас расейскіх ракетных абстрэлаў. Кіеў, Украіна. 16 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Музей Адэсы пачаў рыхтавацца да выратавання сваіх экспанатаў і іх эвакуацыі на захад краіны яшчэ ў студзені 2022 года. Іншыя музеі на пачатку вайны перамясцілі свае самыя каштоўныя экспанаты ў бяспечныя таемныя месцы. Сярод іншых, чатыры музеі ў Вінніцы, Жытоміры, Сумах і Чарнігаве знялі з экспазіцыі і схавалі асноўныя экспанаты.

Нерухомыя помнікі ў розных гарадах ад пачатку вайны пачалі абкладаць мяшкамі з пяском, дошкамі ці абгортвалі пластыкам. У Львове частку аб’ектаў гістарычнай спадчыны дэмантавалі і перамясцілі ва ўкрыцці, а помнікі, статуі, фантаны і царкоўныя вітражы, якія нельга было дэмантаваць, абаранілі драўлянымі канструкцыямі і абгарнулі пластыкам ці іншым матэрыялам.

Дзеячы галіны культуры і неабыякавыя ўкраінцы з іншых сфераў дзейнасці пачалі ствараць грамадскія арганізацыі і фонды па абароне спадчыны.

Дырэктарка львоўскага музею «Територія Терору» Вольга Ганчар стварыла крызісны фонд «Хуткая музейная дапамога», які падтрымала Еўракамісія. Таксама валанцёры стварылі міжнародны праект «Уратаваць украінскую культурную спадчыну онлайн» (SUCHO). Яго мэта – архівацыя лічбавых культурных каштоўнасцяў – кантэнту сайтаў, прысвечаных культуры. У праекце ўзялі ўдзел больш за 1000 бібліятэкараў, архівістаў і даследчыкаў.

У сакавіку 2022 года Нацыянальны музей Рэвалюцыі годнасці і ГА «Тустань» стварылі Штаб выратавання спадчыны.

Мяшкі з пяском абараняюць помнік Княгіні Вользе ад магчымага разбурэння падчас расейскіх ракетных абстрэлаў. Кіеў, Украіна. 16 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Ва ўмовах вайны ўкраінцы імкнуцца выкарыстоўваюцца нематэрыяльныя метады абароны культурнай спадчыны. Напрыклад, быў створаны цыкл радыёпраграмаў і падкастаў «Маленькія гісторыі вялікага Кіеву», які распавядае пра драматычныя гісторыі з жыцця паспяховых бізнесменаў, мастакоў і архітэктараў ХІХ стагоддзя і як яны стваралі Кіеў.

Дапамога міжнароднай супольнасці

У абароне гісторыка-культурных помнікаў Украіна шчыльна супрацоўнічае з іншымі краінамі. Так, Швецыя дапамагае Украіне ствараць сучасныя сховішчы для самых каштоўных музейных экспанатаў.

Дапамогу ўраду Украіны ў абароне культурных каштоўнасцяў з вясны 2022 года аказвае ЮНЭСКО. За апошнія два гады арганізацыя сабрала больш за 66 мільёнаў долараў для змякчэння наступстваў вайны ва Украіне ў галіне культуры. Значную суму выдзеліла Японія – амаль 26 мільёнаў долараў. Гэтыя сродкі пайшлі на дзясяткі праектаў у галіне культуры, адукацыі і СМІ. Таксама ЮНЭСКО адкрыла ў Кіеве прадстаўніцтва, дзе цяпер працуюць каля 20 чалавек. У сярэдзіне 2024 года з дапамогай фінансавання Іспаніі ў Львове адкрыецца культурны цэнтр ЮНЭСКО.

ЮНЭСКО распачало інвентарызацыю і 3D-алічбоўку культурных каштоўнасцях у Кіеве, Львове, Адэсе і Чарнігаве. Гэта павінна стаць падставай для рэканструкцыі і паспрыяць барацьбе з незаконным абаротам культурных каштоўнасцяў.

25 аб’ектаў культурнай спадчыны Украіны ЮНЭСКО ўнесла ў Міжнародны спіс культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца пад узмоцненай абаронай. Сярод іх:

  • Сабор Святой Сафіі і звязаныя з ім манастырскія будоўлі Кіева-Пячэрскай Лаўры;
  • ансамбль гістарычнага цэнтру Львова;
  • некалькі драўляных цэркваў Карпацкага рэгіёну;
  • рэзідэнцыя Букавінскіх і Далматынскіх мітрапалітаў;
  • некалькі кропак Геадэзічнай дугі Струвэ;
  • астранамічная абсерваторыя Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту;
  • культурны ландшафт каньёну ў Камянцы-Падольскім;
  • дэндралагічны парк «Софіївка»;
  • магіла Тараса Шаўчэнкі;
  • будынак Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатру оперы і балету і некаторыя іншыя.

Напярэдадні другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ў Вашынгтоне, перад Кангрэсам ЗША і ў Музеі Бібліі былі адчыненыя выставы фотаздымкаў зруйнаваных расейцамі храмаў ва Украіне «…Але будуть відроджені у славі і силі».

Агляд
Расея бамбіць музеі, якія расказваюць і пра іх культурную спадчыну
2023.07.21 20:55

Колькі грошай патрэбна на аднаўленне і дзе іх узяць

Эксперты ААН, ЮНЭСКО, Сусветнага банку і Еўрапейскай камісіі падрыхтавалі справаздачу, у якой прыходзяць да высновы, што на аднаўленне пашкоджаных аб’ектаў спадчыны Украіне спатрэбіцца амаль 9 мільярдаў долараў на працягу наступных 10 гадоў, калі вайна скончыцца цяпер. Год таму гэтая сума была на 30% меншай.

Напрыканцы мінулага года Міністэрства культуры Украіны і Усеўкраінская Асацыяцыя Аховы культурнай спадчыны, разам з Міжнароднай радай па ахове помнікаў і гістарычных мясцінаў ICOMOS правялі Міжнародны форум на тэму «Рэстаўрацыя і аднаўленне культурнай спадчыны Украіны пасля вялікай вайны». Падчас форуму выконваючы абавязкі Міністра культуры і інфармацыйнай палітыкі Расціслаў Карандзееў паведаміў, што ў 2024 годзе каля 250 мільёнаў грыўняў даходу ад ліцэнзіяў на гульнявы бізнес будуць накіраваныя на неадкладныя працы па захаванню культурнай спадчыны.

Таксама было агучана, што адным з галоўных выклікаў у галіне рэстаўрацыі культурнай спадчыны з’яўляецца недахоп грошай – з гэтай прычыны па сродкі часта звяртаюцца да замежных партнёраў. У прыватнасці, былі заключаныя дамовы з італьянскімі партнёрамі ў пытаннях аднаўленне помнікаў Адэсы, Марыупалю, Чарнігава. Усе працы паводле дамоваў будуць выкананыя пасля сканчэння вайны.

Супрацоўнік Мастацкага музею ў Херсоне паказвае абрабаваную скарбніцу, дзе бачныя некалькі твораў постсавецкага мастацтва. Большасць экспанатаў былі выкрадзеныя расейскімі салдатамі падчас акупацыі гораду і цяпер выстаўлены ў розных расейскіх музеях. Херсон, Украіна. 19 лютага 2024 года.
Фота: Wojciech Grzedzinski / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Украіна шукае ў тым ліку прыватныя інвестыцыі на аднаўленне помнікаў. Ганна Гаўрыліў, заснавальніца ініцыятывы «Спадщина.UA» і дырэктарка кампаніі «Палац Розділ» прапанавала абвесціць масавыя аўкцыёны на арэнду і прыватызацыю гістарычных збудаванняў.

Украіна будзе прыцягваць Расею да адказнасці за знішчэнне спадчыны

Пасля сканчэння вайны Украіны мае намер запатрабаваць рэпарацыі з Расеі ў тым ліку на аднаўленне знішчанай і пашкоджанай культурнай спадчыны.

«Вораг зруйнаваў безліч аб’ектаў культурнай спадчыны па ўсёй Украіне. <…> украінскія цэрквы, помнікі, музеі, бібліятэкі, тэатры і філармоніі працягваюць руйнавацца. Іх захаванне – гэта пытанне нацыянальнай бяспекі, бо вораг намагаецца знішчыць наш культурны код, – казаў Аляксандр Нікорак – кіраўнік Усеўкраінскай Асацыяцыя аховы культурнай спадчыны. – Дзейнічаць трэба неадкладна, ужо цяпер. Мы збіраем усіх прадстаўнікоў прафесійнай грамадскасці дзеля дапамогі ды супрацы з дзяржавай у справе ратавання нашай культурнай спадчыны. У першую чаргу мы мусім разгледзець лёс помнікаў нацыянальнага значэння, а выдаткі на спадчыну павінны стаць часткаю рэпарацыяў».

Найпрасцей прыцягнуць да адказнасці можна будзе за знічшэнне аб’ектаў са Спісу спадчыны ЮНЭСКО, лічаць адмыслоўцы.

«Калі аб’ект ёсць у спісах Сусветнай спадчыны ЮНЭСКО, гэта можа быць прамым доказам парушэнняў правілаў вядзення вайны з боку Расеі, што будзе хутчэй разглядацца міжнароднымі судамі. Калі справа датычыць такіх аб’ектаў, ЮНЭСКО шырока інфармуе пра факты падобных злачынстваў і сусветная супольнасць рэагуе больш актыўна», – казаў сузаснавальнік Штабу выратавання спадчыны Ігар Пашывайла.

Аналітыка
«За рэпарацыйныя грошы ад Расеі потым усё адновім». Як Украіна абараняе ад вайны культурную спадчыну
2022.03.15 13:00

Украіна дакументуе парушэнні міжнароднага права ў галіне абароны культурнай спадчыны на сваёй тэрыторыі, аднак вызначыць асобаў, дакладна вінаватых у знішчэнні каштоўнасцяў, будзе складана, зазначаў кіраўнік дэпартаменту дакументавання вайсковых злачынства Украінскага Хельсінкскага камітэту правоў чалавека Сяргей Моўчан.

«Міжнародны крымінальны суд не будзе прыцягваць усіх. <…>. Міжнародны крымінальны суд не засяроджаны на культурнай спадчыне і не разглядае гэтую катэгорыю злачынства для сябе перспектыўнай. Мы мусім зрабіць усё, каб прыцягнуць Расею да адказнасці на ўзроўні дзяржавы. Гэта павінна быць альбо завочны прысуд альбо на лаве падсудных, калі гэтыя асобы трапяць у палон», – сказаў праваабаронца.

Украіна плануе ўвесці ў навучанне вайскоўцаў праграмы па нормах міжнароднага гуманітарнага права ў галіне аховы культурных каштоўнасцяў падчас вайны. Таксама цяпер разам з ЗША Украіна распрацоўвае стратэгію супрацы датычна расследавання злачынстваў РФ супраць культурнай спадчыны.

Спецыялізаваная група ФБР па барацьбе са злачынствамі ў галіне мастацтва і культурнай спадчыны выказала гатовасць разам з украінскімі чыноўнікамі абараняць гісторыка-культурныя каштоўнасці Украіны і дапамагаць ва ўмовах канфлікту.

Расейская Федэрацыя ўварвалася ва Украіну 24 лютага 2022 года. Гэта стала новым этапам расейска-ўкраінскай вайны, распачатай у 2014 годзе. Цяпер вайна стала поўнамаштабнай і распаўсюдзілася на ўсю краіну. Паводле некаторых ацэнак, гэтая вайна стала самай маштабнай у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны.

Hавiны
Расея напала на Украіну. Агляд галоўных падзеяў першага дня вайны
2022.02.24 23:43

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў