Пайшла з жыцця ўдзельніца беларускага антысавецкага падполля Марыя Бялевіч


Удзельніцы паваеннага антысавецкага падполля Марыі Бялевіч (Бабіч) было 95 гадоў. Пра яе смерць паведамляе Рада БНР.

Марыя Бялевіч. Скрыншот: Represii Muziej / YouTube

Паводле звестак «Нашай Нівы», беларуская дзяячка пайшла з жыцця яшчэ ў снежні 2023 года, але агульнавядома пра гэта стала толькі цяпер.

Марыя Бялевіч нарадзілася ў 1928 годзе ў Бабічах. Гэта вёска ў той частцы Беларусі, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы. Марыя была студэнткай Глыбоцкай педагагічнай вучэльні і ў 1946 годзе далучылася да арганізацыі «За Беларусь».

«За Беларусь» пазней увайшла ў Саюз беларускіх патрыётаў. Чальцы арганізацыі папулярызавалі беларускую мову і культуру, прасоўвалі ідэю незалежнасці Беларусі і супрацьстаялі русіфікацыі навучальнага працэсу.

25 сакавіка 1946 года Марыя Бялевіч прыняла прысягу на вернасць беларускаму народу, а ў 1947 годзе яе арыштавалі разам з братам Іванам. Судзілі не толькі іх, але і маці Ганну з дзядзькам Аляксеем Бабічам. Сваякі былі пакараныя за тое, што не данеслі на Марыю і Івана. Кожны з сям’і быў асуджаны на 10 гадоў лагераў.

Марыя Бялевіч адбывала тэрмін у Комі АССР і ў Кіраўскай вобласці, працавала на будаўніцтве чыгункі Тайшэт – Брацк, а потым у Мардоўскай АССР. Яе вызвалілі ў лютым 1956 года, і яна вярнулася ў Беларусь.

У 2019 годзе Рада БНР узнагародзіла дысідэнтку медалём у гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Hавiны
«Казалі, што лепш бы мы дзесяць чалавек забілі». Як у СССР змагаліся з вывешваннем нацыянальных сцягоў
2022.02.03 07:48

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў