Дакументальны фільм «Навальны» намінаваны на «Оскар»


Дакументальны фільм «Навальны» аб расейскім апазіцыйным палітыцы Аляксеі Навальным намінаваны на кінапрэмію «Оскар». Карціна канадскага рэжысёра Дэніэла Роэра прадстаўлена ў катэгорыі «Лепшы поўнаметражны дакументальны фільм», паведамляецца на сайце Амерыканскай акадэміі кінамастацтва.

Кадр Аляксея Навальнага з дакументальнага фільму. Крыніца: CNN Films

Фільм распавядае пра Аляксея Навальнага і падзеі, якія адбываліся ў 2020, калі палітыка атруцілі. Здымкі пачаліся пасля выхаду Навальнага з комы ў верасні 2020 года і працягваліся да яго арышту ў студзені 2021 года. Здымачная група была побач з Навальным нават на памежным кантролі ў аэрапорце.

Цяпер Навальны адбывае тэрмін у калоніі строгага рэжыму №6 у Мелехава Уладзімірскай вобласці. Здымкі адбываліся ажно да арышту Аляксея Навальнага ў 2021 годзе. Сам рэжысёр абазначыў жанр свайго фільму як палітычны трылер і апісаў яго як «гісторыю аднаго чалавека і яго барацьбы з аўтарытарным рэжымам».

У гэтай жа катэгорыі намінаваны ўкраінскі фільм «Дом з аскепкаў». Гэта фільм пра ўкраінскіх дзяцей, якія жывуць у прытулку, размешчаным побач з лініяй фронту. Фільм паказвае жыццё не толькі дзяцей, але дарослых: украінскіх сацыяльных работнікаў, якія спрабуюць стварыць дзецям камфортныя ўмовы жыцця ў такой складанай сітуацыі.

На перамогу ў самай прэстыжнай катэгорыі – за лепшы кінафільм – прэтэндуюць наступныя фільмы:

  • «На заходнім фронце без пераменаў» (All Quiet on the Western Front)
  • «Аватар: Шлях вады» (Avatar: The Way of Water)
  • «Баншы Інішэрына» (The Banshees of Inisherin)
  • «Элвіс» (Elvis)
  • «Усё ўсюды і адразу» (Everything Everywhere All At Once)
  • «Фабельманы» (The Fabelmans)
  • «Тар» (Tar)
  • «Топ Ган: Мэверык» (Top Gun: Maverick)
  • «Трыкутнік смутку» (Triangle of Sadness)
  • «Гавораць жанчыны» (Women Talking)

Цырымонія ўручэння прэміі «Оскар» пройдзе 12 сакавіка.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў