«Думала, пачаўся канец свету»: аўтары серыялу «Працэсы» пра тое, як яго здымалі ў Варшаве


Серыял пра Беларусь будучыні, цалкам зняты ў Польшчы. «Працэсы» Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя неўзабаве будуць паказаныя гледачу. Прадукцыя «Белсату» выйдзе на самім тэлеканале, а таксама ў варшаўскіх кінатэатрах. Дзве новыя серыі будуць паказаныя на кінафестывалі «Бульбамуві» 25 лістапада, а ўсе чатыры – 10 снежня ў кінатэатры «Кінатэка». Сцэнарысты расказалі ў інтэрв’ю «Белсату» пра кур’ёзы падчас здымання, нечаканыя мастацкія прыёмы, а таксама пра тое, чаму ў кастынгу апынулася расейская акторка.

Прэм’ера першай серыі «Ператрымка» адбудзецца 25 лістапада. Глядзець можна ў эфіры «Белсату», на YouTub-каналах «Белсат life» і «Вот так», а таксама ў аплікацыі для смартфонаў і тэлевізараў «Belsat Smart». Наступная серыя «Патрыятычнае практыкаванне» з’явіцца ў сацыяльных медыях 2 снежня.

Актор Міхаіл Зуй (злева) і рэжысёр Андрэй Кашперскі (справа) падчас здымання навелы «Ператрымка». Варшава, Польшча. 12 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

– У апісанні серыялу напісана, што «аўтараў натхнілі» рэпрэсіі, затрыманні, вайна. Чаму ў якасці жанру вы абралі абсурдную камедыю?

Андрэй: Вельмі магутнае слова «натхненне» ў гэтым кантэксце, адразу ўзнікае кантрапункт, а гэты мастацкі прыём важны для стылістыкі «Працэсаў». Мы хацелі падысці да сур’ёзнай, жорсткай тэмы праз сатыру і чорную камедыю так, каб фармат камунікацыі быў прывычны для гледача. То бок усе чатыры навелы – жанравае кіно. Але яно прымушае падумаць пра тое, што адбываецца вакол і што ў Беларусі яшчэ можа адбыцца. Да таго ж асабіста я такім чынам магу больш шчыра выказваць свае эмоцыі і перажыванні.

Міхаіл: Мне здаецца, калі ты ўнутры сітуацыі, яе складана асэнсоўваць, а жанр абсурду, камедыі і гэты штучны свет ствараюць неабходную дыстанцыю. Мы абмяркоўвалі паміж сабой, што беларусу можа быць цяжка глядзець серыял, але праз тое, што тут ёсць умоўнасць, што гэта іншая, трошку абсурднейшая, Беларусь, можна глядзець і рэагаваць без моцнай траўмы.

Здымачны працэс навелы рэжысёра Андрэя Кашперскага «Ператрымка». Варшава, Польшча. 12 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Андрэй: У прыватнасці кантрапункт нараджае новы дзіўны сэнс, больш складаную эмоцыю. Навела «Ператрымка» расказвае, што было б, калі б у турмах Беларусі скончыліся б месцы для затрыманых і амапаўцам прыйшлося б браць іх на ператрымку. Яна пачынаецца з гумарыстычных сцэнаў, практычна гэгаў, а заканчваецца абсалютна не смешна. І глядач, мне здаецца, не разумее, чаму ён смяяўся першую палову серыі, а другую – не, пры тым, што мастацкія прыёмы адны і тыя ж.

Міхаіл: Асабіста на мяне ўжо не ўздзейнічаюць творы, у якіх зразумела, як трэба рэагаваць.

Хочацца выбіць гледача з зоны камфорту (калі ты ведаеш, як на што рэагаваць), у якой мы ў пэўным сэнсе застаёмся з 2020 года. Што, калі пераканаўча, без падміргвання гледачу, паказаць логіку амапаўца, чыноўніка, генерала КДБ і «ябацькі»?

– Як у вас ствараецца гумар на аснове нашай рэчаіснасці?

Андрэй: З Мішам складана не рабіць гумар, мы на інерцыі, пачынаючы з «ЧынЧынЧэнела», выкарыстоўваем яго як інструмент і коцімся гэтым шляхам. Мы чытаем навіны – і хочацца на іх неяк рэагаваць.

Мне здаецца, серыял з’явіўся, бо ты чытаеш навіны, афігеваеш ад таго, наколькі гэта лютая дзіч, але калі дзелішся з сябрамі, лягчэй не становіцца.

Мы пачалі прыдумляць «Працэсы» у 2021 годзе, тады з неверагоднай хуткасцю сталі з’яўляцца абсурдныя законы. У асобныя сюжэты ў нас з часам назбіралася шмат анекдатычных гісторыяў, а перад пітчынгам «Белсату» мы іх перачыталі і аказалася, што шмат збылося. Адзін з сюжэтаў, напрыклад, быў пра расейскіх вайскоўцаў ва Украіне, якія крадуць бытавую тэхніку.

Многія навелы спачатку былі фантастычнымі, а сталі заснаванымі на рэальных падзеях.

Урэшце самы фантастычны сюжэт, які мы змаглі прыдумаць, такі: чалавек выходзіць на мітынг за свабоду, яго збівае амапавец, чалавек падае ў суд і выйграе, амапаўца садзяць у турму. Мы зразумелі, што пакуль пішам гэтыя гісторыі, яны становяцца далёкімі ад сатыры, што меркавалася ў пачатку, і пераўтвараюцца ў нешта зусім іншае – змрочнае, страшнае, дзіўнае.

Здымачны працэс навелы рэжысёра Андрэя Кашперскага «Ператрымка». Варшава, Польшча. 12 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Міхаіл: У навеле «Праграма перадачаў» адзін персанаж кажа «священная спецоперация» і, шчыра кажучы, нават падчас здымання здавалася, што гэта неяк занадта. А нядаўна расейскія спевакі Цыгановы выкарысталі гэты тэрмін у інтэрв’ю.

– Падзеі серыялу адбываюцца ў 2024 годзе, і ў яго першай серыі ідуць пратэсты. Ці вы ўкладалі ў сюжэты нейкае сваё бачанне будучыні або надзею?

Міхаіл: Я толькі цяпер пра гэта падумаў, што гэта 2024 год і пратэсты. Але мы ж не з каналу, дзе праз крыштальны шар прадказваюць будучыню.

Андрэй: Для мяне свет «Працэсаў», які мы прыдумалі, – гэта нешта з паралельнай рэальнасці. Тое, што гэта нейкім чынам спалучаецца з рэчаіснасцю, гэтак жа дзіўна, як тое, што рэчаіснасць спалучаецца з «Уладаром пярсцёнкаў».

Міхаіл: Дарэчы, калі мы стваралі першы эпізод, акурат звярталіся да творчага метаду Толкіна. Толкін стварыў для оркаў асобную мову, і мы падумалі, што ў амапаўцаў таксама мусіць быць асобная мова – наш персанаж амаль увесь час размаўляе мацюкамі, гэтая мова таксама ў жонкі і малога сына.

Hавiны
Першы эпізод серыялу «Працэсы» заняў другое месца на кінафестывалі «Fantastic Fest 2023»
2023.09.27 09:30

– Увесь серыял здымаўся за мяжой – раскажыце пра пошук лакацыяў і як вы стваралі падабенства з Беларуссю?

Міхаіл: Было цяжка знайсці кватэру амапаўца. Мусіла быць такая безгустоўная кватэра, і мы зламалі ўсе дзіды, пакуль шукалі. У выніку з’явіўся проста вадаспад.

Андрэй: Мы ствараем штучную Беларусь, здымаючы ў Польшчы, і многія лакацыі ў нашых серыях утрымліваюць яшчэ адную штучную рэальнасць. У галоўнага героя «Ператрымкі» вялізныя фоташпалеры з вадаспадам. У чыноўніка ў навеле «Прыснілася» – на ўсю сцяну фоташпалеры з прыгожым берагам. У нашай гераіні з «Праграмы перадач» 3D-карціна з, ізноў жа, вадаспадам. Дзве з паловай серыі мы здымалі ў Палацы навукі і культуры ў цэнтры Варшавы – там шмат інтэр’ераў, падобных да постсавецкіх кабінетаў і залаў, але мы адначасова шукалі такі падыход, каб выпампаваць паветра з серыялу, каб там не засталося прасторы для рэальнасці, каб ён быў больш містычны.

Здымкі апошняй серыі серыялу «Працэсы» у Варшаве, Польшча. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

– А дзе здымалі чацвёртую серыю?

Андрэй: Наш мастак Саша Адамаў з пустога памяшкання зрабіў краму, якая называецца «Белроссоюзгоспродмаг № 1». Мы арыентаваліся на фотаздымкі крамаў Паўночнай Карэі і крамаў у Савецкім Саюзе эпохі застою. Там былі яшчэ скульптуры, як на Дажынкі робяць, з кардону і ўсяго, што трапляецца ў рукі, – у нас гэта танк і ядравы грыб.

Міхаіл: Міма праходзілі мясцовыя жыхары, некалькі чалавек заходзілі ў краму.

Адная жанчына зайшла і спыталася, што гэта такое. Думала, кажа, пачаўся канец свету.

Андрэй: У адной са сцэнаў «Патрыятычнага практыкавання» пра супрацоўнікаў КДБ, якія вярбуюць школьнікаў, у сцэне з трэнаваннем у бескантактавым баі мелася быць масоўка. Мы палічылі, што гэта дорага, і я падумаў, што можна раздрукаваць дваццаць кардонных людзей, прычым напалову. Мы выкарысталі іх як гледачоў, і гэта стала важным мастацкім вобразам, што дапаўняе апавяданне.

– Вы адныя з першапраходцаў, якія мусілі наладзіць працэс стварэння беларускага кіно за мяжой. Як лёгка было арганізоўваць гэта ў Варшаве?

Міхаіл: Палац навукі і культуры вельмі прыязна паставіўся. Для нас было важна, што мы адныя з першапраходцаў, мы часам адно адному казалі: людцы, мы ў Варшаве, у Палацы навукі і культуры, здымаем сваё кіно, пра Беларусь, і без аніякага ціску!

Фота са здымачнай пляцоўкі серыі «Патрыятычная асвета» серыялу «Працэсы» ля Палацу навукі і культуры. Варшава, Польшча. 1 Красавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Андрэй: Прадзюсары Ягор Яфімаў і Алена Судзіна ўзялі арганізацыйны ўдар на сябе, гэта сапраўды было складана, але мы натрапілі на спагадлівых людзей. Уладальнік памяшкання, дзе мы зрабілі краму, быў вельмі рады дапамагчы беларусам, ён так загарэўся, што дазволіў мантаваць краму дзень і ноч, як мы хочам, і потым прыходзіў на здыманне. Думаю, у тым ліку дзякуючы гэтаму мы зрабілі ўсё, як хацелі. Калі мы шукалі лакацыі для чарговай навелы, камунікавалі з дырэктаркай «Кінатэкі», і яна прапанавала нам правесці там прэм’ерны паказ. Ён адбудзецца ў «Кінатэцы» 10 снежня.

– Вы сапраўды не зазнавалі якіх-кольвек абмежаванняў або парадаў наконт сцэнары?

Міхаіл: Пасля аднаго з працоўных праглядаў нам задалі пытанне пра агульны пасыл: ці будзе нейкая надзея, хэпі-энд хоць у адным з эпізодаў? У выніку ў адным з эпізодаў, магчыма, ёсць хэпі-энд.

Андрэй: Або ў некалькіх, а можа быць, ні ў якім. Кіраўніцтва нас вельмі падтрымлівала, не было цэнзуры або мастацкай парады, прычым з некаторымі эпізодамі яны не былі згодныя, але ставіліся з павагай да нас як аўтараў. Гэта вельмі прыемна, адчуваць творчую свабоду.

Акторка Яна Траянава падчас здымання апошняй серыі серыялу «Працэсы» у Варшаве, Польшча. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

– Вы не думалі, што многія беларусы палічаць зневажальным запрашэнне на галоўную ролю адной з серыяў расейскай акторкі Яны Траянавай?

Міхаіл: Для мяне, калі ідзе вайна, грамадзянства, канешне, важнае, але важней зразумець, свой гэта чалавек ці чужы, вораг ці паплечнік. Яна Траянава – паплечніца, яна акрэслена выказала сваю пазіцыю, таму я б не дакалупваўся да ейнага пашпарта. А ўявім сітуацыю, што беларусы ўступілі ў вайну – паводле такой логікі мы не зможам здымаць і беларусаў.

Андрэй: Я б не хацеў, каб мае словы гучалі, як апраўданне, але ў ролі гераіні Зоі мне вельмі хацелася папрацаваць з адной беларускай акторкай. Мы для гэтага рабілі ўсё, але мой ідэальны кастынг не адбыўся. Потым я падумаў яшчэ пра дзвюх акторак, якія б ідэальна ўпісаліся ў ролю, але яны ў Беларусі. Згадваючы адно з папярэдніх пытанняў, у нас не было праблемаў з пошукам лакацыяў, але былі – з пошукам актораў, якія не баяліся б паўдзельнічаць у такім праекце. Да таго ж мне вельмі падабаецца Яна Траянава, падабаецца, што яна зрабіла ў фільмах «Жыць» або «Краіна Оз», і я рады, што ў мяне была магчымасць з ёй папрацаваць і што яна паўдзельнічала ў праекце і зрабіла яго яшчэ больш асаблівым, прынамсі, асабіста для мяне. Для нас абсалютная ўдача папрацаваць з усімі беларускімі і ўкраінскімі акторамі. Андрэй Новік, Валянціна Гарцуева і Зоя Белахвосцік, Алег Гарбуз і Ігар Сігоў – гэта цудоўны акторскі склад.

Інтэрв’ю
Першую навелу серыялу «Белсату» «Працэсы» пакажуць на прэстыжным «Fantastic Fest» у ЗША
2023.09.23 08:00

– «Беларусьфільм» звычайна запрашаў на галоўныя ролі расейскія пазнавальныя твары, а беларускім акторам аддаваў другарадныя. Вам не падаецца, што «Працэсы» працягваюць гэтую ганебную практыку?

Міхаіл: Для мяне як беларускага актора гэта была балючая тэма: калі ў Беларусі здымаюць нейкі серыял, нават калі здымаюць беларусы, на галоўныя ролі запрашаюцца расейскія медыйныя твары. Гэта пастка, бо калі ты не запрашаеш сваіх, ты зорак і не створыш. Мы разумелі, што ёсць рызыка спрэчак, але ў чатырох серыях галоўныя ролі, за адным выключэннем, выконваюць беларусы. Нават у апошняй серыі, хоць у Траянавай і галоўная роля, ёсць бенефіс Зоі Белахвосцік, там паводле ўздзеяння на гледача дзве акторкі амаль роўныя. Да таго ж ёсць таксама такая штука, як ансамбль: персанажы мусяць складацца ў пазл. І гэты пазл не складаўся, пакуль не з’явілася Яна Траянава.

Андрэй: Я думаю, гэты кастынг, на жаль, паўплывае на глядацкае ўспрыманне, але, спадзяюся, частка аўдыторыі будзе ўспрымаць «Працэсы» проста як серыял, які можна паглядзець вечарам, нядрэнна прабавіць час і легчы спаць.

– А наколькі вялікая здымачная група і ці цалкам яна беларуская?

Андрэй: Гэта некалькі дзясяткаў чалавек. У асноўным беларусы, але ёсць і ўкраінцы, і палякі. А ўся творчая каманда – беларусы.

– Што беларускі глядач мусіць ведаць ці пачуць ад вас перад праглядам?

Міхаіл: Не бярыце да галавы.

Андрэй: Гэта вельмі «дэмакратычны» серыял, чатыры серыі паміж сабой практычна не звязаныя, можна глядзець як заўгодна – можна першую серыю або трэцюю, а потым другую, калі спадабаецца, можна ўсе паглядзець, а калі не, нічога страшнага. Я стараўся знайсці розны падыход да серыяў і зрабіць так, каб яны глядзеліся як знятыя рознымі рэжысёрамі. Так што камусьці можа спадабацца адная серыя, а камусьці – іншая.

Міхаіл: Як будзе, так будзе. І глядач мае права на любыя эмоцыі, таксама і негатыўныя, у тым ліку ў наш бок.

Квіткі на паказ дзвюх новых серыяў «Працэсаў», што адбудзецца 25 лістапада падчас фестывалю «Бульбамуві» (кінатэатр «Ілюзіён», вул. Нарбута, 50а), можна набыць тут.

Інтэрв’ю
«Беларусы нагледзеліся ўжо фільмаў аб пратэстах». Дырэктар фестывалю «Bulbamovie» пра тое, чаго прагне беларускі глядач
2023.11.19 07:00

Ірэна Кацяловіч  belsat.eu

Стужка навінаў