Польшча не выпускае ў Беларусь транзітных аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра


Польшча перастала выпускаць у Беларусь транзітныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра. Паведамленне пра гэта са спасылкаю на кіраўніка польскай мытні і фотаздымак адпаведнай абвесткі на мяжы з’явіліся ў тэлеграм-чаце «Граница Польша».

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: DW

Абмежаванне закранае аўтамабілі «BMW» і канцэрну VAG, які выпускае маркі «Volkswagen», «Audi», «Seat», «Škoda» ды іншыя. Уласнікі аўтамабіляў пералічаных марак мусяць падаць на мытні дакумент ад вытворцы, які пацвярджае права на экспарт машыны па-за межы Еўразвязу.

У гэтым дакуменце мае быць указана, што вытворца ведае, хто прадае і хто купляе аўтамабіль, а ўгода не выклікае перасцярог датычна магчымага абыходу міжнародных санкцыяў. Акрамя таго, вытворца мусіць пацвердзіць, што ведае канчатковага ўласніка аўтамабілю і ўпэўнены, што машына будзе перамяшчацца транзітам праз тэрыторыю Беларусі ці Расеі ў трэцюю дзяржаву і падчас транзіту не будзе перапрададзеная.

Акрамя таго, уласнік аўтамабіля мусіць падпісаць заяву, што ведае пра адказнасць за фальшаванне такога дакументу.

Абвестка аб пропуску праз мяжу аўтамабіляў з аб’ёмам рухавікоў, большым за 1,9 літра.
Фота: Граница Польша / Telegram

У канцы абвесткі пра новае абмежаванне даецца спасылка на санкцыйную пастанову Рады Еўразвязу № 833/2014.

Hавiны
Латвія вырашыла не забараняць руху па краіне аўтамабілям з беларускімі нумарамі
2024.03.22 15:39

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў