«Як удары ў розныя часткі цела». Палітыкі і эканамісты абмеркавалі эфектыўнасць санкцыяў супраць рэжыму


Пад эгідай Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі 22 сакавіка ў Варшаве адбылася дыскусія наконт дзейснасці санкцыйнай палітыкі супраць рэжыму Лукашэнкі. Ці працуюць санкцыі, і ці патрэбныя яны ўвогуле? Праблему падчас сустрэчы ў Музеі вольнай Беларусі абмеркавалі вядомыя палітыкі і эканамісты. «Белсат» пабываў на дыскусіі.

Падчас круглага стала, які разглядаў эфектыўнасць санкцыяў.
Фота: Белсат

У сустрэчы ўзялі ўдзел намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, навуковы супрацоўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у пытаннях эканамічных рэформаў Алесь Аляхновіч і кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Ва ўступным слове Павел Латушка зазначыў, што пытанне санкцыяў ёсць самым абмяркоўваным сёння ў беларускім грамадстве. Ці працуюць яны, як адбіваюцца на палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, ці могуць прывесці да вызвалення палітвязняў? Гэта толькі частка пытанняў, на якія спрабавалі адказаць удзельнікі дыскусіі.

Латушка: Санкцыі – цывілізаваны інструмент адказнасці

«Санкцыі не панацэя, якая вырашыць усе праблемы, але – дзейны і цывілізаваны міжнародны інструмент адказнасці за злачынствы», – заявіў Павел Латушка.

Ён паведаміў, што 7 сакавіка 2023 года Абʼяднаны кабінет прыняў сваёй пастановай стратэгію санкцыйнага ціску пад назвай «Эканамічны прымус». Паводле дакументу, санкцыйны ціск неабходны, каб пазбавіць Аляксандра Лукашэнку фінансавых магчымасцяў працягваць рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні грамадзянаў Беларусі і саўдзельнічаць у агрэсіі Расеі супраць Украіны. Мэта такога ціску – вызваленне палітвязняў, пакаранне вінаватых у гвалце, новыя дэмакратычныя выбары і вывядзенне расейскіх войскаў з краіны.

Латушка паведаміў таксама, што пастанова Кабінету прадугледжвае стварэнне працоўнай групы для эканамічнага ціску – Камітэту санкцыяў. У яго ўвойдуць прадстаўнікі Кабінету і дыяспары, беларускія актывісты і экспертныя арганізацыі.

«Санкцыі – гэта рэсурс ціску, які мы маем на сёння. На жаль, мы не валодаем вялікім наборам такога рэсурсу. Санкцыі ўводзяць дэмакратычныя краіны – нашыя партнёры, і менавіта ў іх руках гэты інструмент», – зазначыў Павел Латушка.

Паводле яго, тэзіс пра неэфектыўнасць санкцыяў – няслушны. Як прыклады іх дзейснасці ён згадаў уздзеянне санкцыяў на СССР у 1980-я гады, нядаўняе вызваленне палітвязняў у Нікарагуа ды іншыя. Раней, у 2006 і 2010 гадах, санкцыі вымушалі і Лукашэнку змяняць палітыку і выпускаць з турмаў палітвязняў. Пасля падзеяў жніўня 2020 года Еўразвяз увёў 6 пакетаў санкцыяў супраць рэжыму (сёмы – абмяркоўваецца). Фінансавыя, сектаральныя і персанальныя абмежаванні ўводзілі і ЗША. Апроч ЕЗ і Штатаў, санкцыі ўвялі яшчэ 18 дзяржаваў.

«Але сітуацыя ў сённяшняй Беларусі беспрэцэдэнтная. Гэта звязана з маштабамі злачынстваў. Яны працягваюцца больш за два гады, і рэжым, нягледзячы на ціск, не ідзе на спыненне рэпрэсіяў. Усё таму, што Лукашэнка не ўпэўнены ў сваім палітычным палажэнні. Ён лічыць, што любыя паслабленні выклікаюць новую хвалю палітычнай актыўнасці ў грамадстве», – мяркуе Павел Латушка.

Стратэгія трох сілаў

Тым не менш, прадстаўнік Кабінету Павел Латушка ўпэўнены, што і ў існай сітуацыі санкцыі працуюць. Прынамсі – эканамічныя. Паводле Латушкі, за 2022 год золатавалютныя рэсурсы Беларусі скараціліся на амаль 500 млн долараў, замежнагандлёвае абарачэнне знізілася на 5 %, унутранае аптовае тавараабарачэнне – на 17,8 %, грузаабарачэнне – на 25,4 %. Вытворчасць калію ўпала на 60 %, яго экспарт – на 50 %. Вайсковы экспарт знізіўся на 37 %. ВНП у 2022 годзе скараціўся на 4,7 %.

Іншая рэч, што санкцыі нарошчваліся занадта павольна, і гэта «дазваляла рэжыму адаптавацца і здрабняць эфект уздзеяння».

«Санкцыі павінны быць кароткатэрміновымі. І гэта вельмі важна. Магутныя і рознабаковыя санкцыі скарачаюць тэрмін ад іх прыняцця да дасягнення выніку. І тут, на жаль, мы не атрымалі разумення ад нашых партнёраў, што і расцягнула ў часе іх эфект», – прызнае Латушка.

Павел Латушко, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Павел Латушка, намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету.
Фота: Белсат

Ён казаў і пра бюракратычныя перашкоды. Напрыклад, пра тое, што на ўвядзенне персанальных санкцыяў у еўрапейскіх структурах існуюць неафіцыйныя ліміты («5–10 чалавек, як нам прапанавалі, у апошні пакет ЕЗ, і не больш, хоць каманда НАУ падрыхтавала 340 прозвішчаў»).

Павел Латушка таксама адзначыў, што санкцыі маюць два бакі медаля: бʼюць па рэжыме, але закранаюць і інтарэсы простых людзей.

«І нашая задача – дамагацца, каб яны ў мінімальнай ступені закраналі грамадзянаў. Выступаем, напрыклад, супраць закрыцця межаў з Беларуссю для пасажырскіх перавозак», – паведаміў выступоўца.

Падводзячы вынік, Павел Латушка заявіў, што Кабінет у сваіх дзеяннях будзе прытрымлівацца стратэгіі трох сілаў. Гэта максімізацыя вонкавага ціску на рэжым Лукашэнкі, сілавая супрацьвага (беларускія добраахвотнікі) і нацыянальна-вызваленчы рух унутры Беларусі (план «Перамога»). Вынікам узаемадзеяння гэтых сілаў мае стаць свабодная, дэмакратычная і незалежная Беларусь.

«Таму наш адказ – працяг санкцыйнага ціску», – падкрэсліў напрыканцы прамовы Павел Латушка.

Дзмітрый Крук пра прызвычайванне і «пазітыўны шок»

Супрацоўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук прызнаўся падчас сустрэчы, што санкцыйная тэма «вельмі складаная», і што ён сам мае сумневы адносна таго, «што слушна, а што не». Ён заўважыў, што вельмі важна, каб пытанні санкцыяў не станавіліся камянямі спатыкнення ў супрацы розных дэмакратычных сілаў. На круглым стале Крук прэзентаваў уласны погляд на беларускую эканоміку ў «санкцыйным асяроддзі».

Паводле Крука, беларуская эканоміка цяпер «у дастаткова глыбокай рэцэсіі». Фактычныя страты выпуску за 2022 год склалі 4,7 %, а страты выпуску з улікам страчанай выгады – 10 %. Аналітык зазначыў, што гэта вельмі істотныя лічбы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва.
Фота: Белсат

Дзмітрый Крук патлумачыў, што не ўсе страты былі наўпроставымі наступствамі санкцыяў, бо санкцыйнае асяроддзе спараджае шэраг памежных эфектаў – такіх, як страта ўкраінскага рынку (з аднаго боку) і расейскія субсідыі ды пазітыўныя эфекты (з другога боку).

Эксперт расказаў, што санкцыі выклікаюць шок попыту, прапановы і намінальны шок. Самы балючы з іх – «шок попыту», калі выраблены тавар няма каму прадаць.

«Але гэтыя эфекты («шок попыту») балючыя толькі ў кароткатэрміновай перспектыве, але ў доўгатэрміновай – да гэтага асяроддзя надыходзіць прызвычайванне, і ўплыў такіх эфектаў вычэрпваецца», – кажа Дзмітрый Крук.

Ключавым складнікам «шокаў попыту», паводле Крука, ёсць «прасяданне экспарту». Яшчэ адзін паказнік – «інвестыцыйны попыт», у якім, як мяркуе спікер, хутчэй за ўсё, у Беларусі ўжо дасягнутае дно.

«Шок прапановы» (усё, звязанае з даступнасцю тэхналогіяў, бракам рабочай сілы і кваліфікаваных кадраў) працуюць інакш. Яны назапашваюцца ў часе і прыводзяць у доўгатэрміновай перспектыве да сурʼёзных і балючых вынікаў («Гэта такі рухавік, які калі аднойчы завялі, спыніць вельмі цяжка»).

«Санкцыі аказваюць на беларускую эканоміку такое ж уздзеянне, як удары ў розныя месцы па чалавечым арганізме. Адначасовыя удары ў розныя месцы. Гэта зліваецца ў адно цэлае», – тлумачыць аналітык.

Але санкцыі выклікалі і такія шокі, якія Дзмітрый Крук называе пазітыўнымі. Гэта цэнавая канкурэнтаздольнасць, зʼяўленне новых нішаў на расейскім рынку і эфект Urals / Brent (істотнае патанненне ўваходнай цаны расейскай нафты праз зніжэнне яе катыровак у сувязі з санкцыямі супраць РФ).

Як прагназуе Дзмітрый Крук, у 2023 годзе санкцыі будуць уплываць такім чынам, што Беларусь не зможа ўзнавіць узроўню экспарту калійных угнаенняў і дасягнуць ранейшага росту нафтапрадуктаў, адбудуцца новыя лагістычныя правалы. У доўгатэрміновай перспектыве гэта можа прывесці да стагнацыі, архаізацыі эканамічнага асяроддзя і да росту залежнасці ад Расеі.

Алесь Аляхновіч: Некаторыя санкцыі – шкодныя

На думку эканамічнага дарадцы Святланы Ціханоўскай Алеся Аляхновіча, санкцыі – сапраўды адзіны дзейсны інструмент, бо Лукашэнка разумее толькі сілу, але эканамічныя санкцыі – неэфектыўныя: «рэжым ужо адаптаваўся».

Алесь Аляхновіч, дарадца Святланы Ціханоўскай у эканамічных пытаннях.
Фота: Белсат

«Некаторыя ж санкцыі проста шкодныя. Напрыклад, накладзеныя на пасажырскія авіяперавозкі. Ці банкаўскія абмежаванні, праз якія ў беларусаў за мяжой паўстаюць праблемы з адкрыццём рахункаў», – кажа Алесь Аляхновіч.

Ён лічыць, што ў еўрапейскіх урадаў на сёння адсутнічае палітычная воля, каб накласці санкцыі на маёмасць беларускіх алігархаў і сямʼю Лукашэнкі. Польшча і Літва ў гэтым – хіба выняткі.

Алесь Аляхновіч прызнаўся, што мае скептычную пазіцыю наконт далейшага нарошчвання санкцыяў.

«Трэба знайсці палітычную волю ў міжнародных партнёраў, каб санкцыі, якія прымаюцца, былі больш эфектыўнымі і менш шкоднымі для беларускіх грамадзянаў», – кажа ён.

Выступоўца выказаўся за тое, каб павялічыць «эканамічны ціск з пазітыўным парадкам дня», што азначала б павелічэнне фінансавання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і за мяжою, спрашчэнне працэдураў легалізацыі для беларускіх бізнесаў у замежжы, інвестыцыйнае падтрыманне бізнесу ў Беларусі і г. д.

Кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч распавёў пра схемы абыходу санкцыяў і патлумачыў, чаму санкцыі супраць гаманцоў рэжыму маюць пакуль што нулявы эфект. Пра гэта ён казаў і падчас жывога эфіру праграмы «Студыя Белсат».

Hавiны
Літва прыпыняе выдачу грамадзянства і віз беларусам і расейцам?
2023.03.22 10:46

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў