ЦВК Беларусі: на датэрміновых выбарах прагаласавалі 24,44 % выбарнікаў


Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла, што за тры дні датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў ужо ўзялі ўдзел 24,4 % ад агульнай колькасці выбарнікаў. Выданне «Позірк» паглядзела, што гэта новы рэкорд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

У Гомельскай вобласці яўка за тры дні склала 30,68 %, у Магілёўскай – 26,07 %, у Берасцейскай – 25,48 %, у Менскай – 23,56 %, у Віцебскай – 23,39 %, у Менску – 21,35 %, у Гарадзенскай вобласці – 20,30 %.

Паводле падлікаў выдання «Позірк», гэта новы рэкорд у гісторыі правядзення выбарчых кампаніяў у Беларусі. Падчас парламенцкіх выбараў 2019 года яўка ў выніку трох дзён датэрміновага галасавання была абвешчаная на ўзроўні 19,43 %, у 2016-м – 16,71 %, у 2012-м – 12,5 %, у 2008-м – 12,3 %, у 2004-м – 9,6 %.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года гэты паказнік складаў 22,47 %, 2015-га – 18,69 %, 2010-га – 11,7 %, 2006-га – 9,1 %. На канстытуцыйным рэферэндуме 2022 года ў выніках трох дзён яўка была 24,08 %.

Датэрміновае галасаванне працягнецца да 24 лютага, асноўным днём для галасаванне станецца 25 лютага. Выбары праходзяць на фоне маштабных рэпрэсіяў, разгорнутых рэжымам у дачыненні грамадзянаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў