Змены для ІП адкладаюцца? Што чакае беларускіх прадпрымальнікаў


Да канца лістапада ў парламенце плануюць разгледзець у другім чытанні законапраект «Аб змене законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці». Дэпутаты павінны зацвердзіць механізм пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы, а таксама вырашыць, што рабіць са спісам відаў дзейнасці, дазволеных для ІП. Office Life даведаўся, якія варыянты магчымыя.

грошы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

Нагадаем, чыноўнікі хочуць урэзаць спіс відаў дзейнасці для ІП і перагледзець яго для самазанятых. Прадпрымальнікі, дзейнасць якіх не трапляе ў скарочаны пералік, будуць вымушаныя або закрыцца, або адкрыць юрыдычную асобу. Па падліках Мінэканомікі, змены закранулі б каля 49 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў.

Яшчэ ў чэрвені ў адкрытым доступе з’явіўся спіс відаў дзейнасці, якія будуць даступны для ІП. На тым этапе з яго былі выключаны юрыдычныя паслугі, онлайн-курсы, навучанне, аптовы гандаль, турыстычныя паслугі і іншыя. У верасні паведамлялася, што гэты дакумент некалькі разоў пераглядаўся і быў дапоўнены некалькімі відамі дзейнасці.

Змены для ІП планавалася ўвесці яшчэ 1 ліпеня, аднак законапраект раскрытыкавалі ў парламенце. Цяпер яго рыхтуюць да другога чытання, якое мусіла адбыцца ў канцы кастрычніка, але адклалася.

Як паведаміў Office Life намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун, папярэдні разгляд законапраекта Палатай прадстаўнікоў запланаваны на 28 лістапада. Пры гэтым пералік дазволеных для ІП відаў дзейнасці, хутчэй за ўсё, будзе зацвярджацца пазней урадам.

«Прынамсі, наколькі я ведаю, у апошняй рэдакцыі дакументу гэтага пераліку няма. Там ёсць толькі тое, што пералік будзе вызначаць Саўмін. Гэтае пытанне па-ранейшаму з’яўляецца дыскусійным», – пракаментаваў Андрэй Картун.

Аналітыка
Прапаганда раіць ІП не рвацца па прыбытак. Якія змены чакаюць прадпрымальнікаў у Беларусі
2023.09.29 10:00

Мяркуецца, што, калі парламент прыме законапраект у другім чытанні, у ім захаваецца механізм спрошчанага пераходу ІП у юрыдычныя асобы. Але спіс відаў дзейнасці будзе яшчэ абмяркоўвацца, паколькі кансэнсусу паміж органамі ўлады і бізнесам па гэтым пытанні пакуль няма.

Чаму «калі»? Існуе імавернасць, што прыняцце законапраекту ў прынцыпе можа быць адкладзена. Гэтую інфармацыю Office Life пацвердзіла іншая крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў