«Мы павінны думаць, што будзе без Лукашэнкі». Польскі даследчык Беларусі


Аляксандр Лукашэнка разумее, што з Польшчай справы зайшлі занадта далёка. Ці спрабуе ён насамрэч наладзіць дачыненні з Варшавай, ці гэта толькі змена рыторыкі? Якіх крокаў ад яго чакае польскі ўрад? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Камілем Клысінскім, аналітыкам, які займаецца пытаннямі Беларусі ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў у Варшаве.

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі стаў упаўнаважаным Міністэрства міжнародных справаў Польшчы ў супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Адначасова ў Менску застаецца амбасадар Польшчы. У чым сутнасць такой амбівалентнай сітуацыі? Амбасадар будзе працаваць толькі з дэмакратычнымі сіламі – ці гэта амбасадар і для рэжыму Лукашэнкі? Што значыць гэта для Лукашэнкі? Ці паніжае гэта статус дыпламатычных дачыненняў з Польшчай?

Так, гэта скарачэнне і паніжэнне ўзроўню. Хоць гэта не новая якасць, або не новая адмоўная якасць, бо час такі і гэта не ўпершыню. З 2020 года мы назіраем глыбокі крызіс дачыненняў паміж Варшавай і Менскам. Ён беспрэцэдэнтны. Гэтыя адносіны вельмі тэхнічныя. Практычна мы не назіраем ніякіх афіцыйных візітаў з Польшчы і з Беларусі. Кантакты замарожаныя. Абмяркоўваюцца толькі самыя тэхнічныя, фармальныя пытанні, што выцякаюць з нашага суседства. Мы ж непасрэдныя суседзі, у нас агульная мяжа. Агульная мяжа, якая, дарэчы, ёсць яблыкам разладу. Мы не спрачаемся за тэрыторыю, у чым нас папракае Менск. Але мяжа ёсць тэрыторыяй нестабільнасці. Я маю на ўвазе, вядома ж, міграцыйны крызіс. Найперш міграцыйны ціск і тое, што мы мусілі закрыць большасць памежных пераходаў ці абмежаваць рух на частцы з іх. У такім кантэксце функцыі Артура Міхальскага – толькі пацверджанне таго, што адбывалася раней, але ўжо фармальнае. Амбасадара ў нас ужо няма. Мы засяродзімся на тым, што і рабілі – на кантактах з дыяспарай, дэмакратычнай супольнасцю, якая, спадзяюся, ёсць будучыняй Беларусі і будучай элітай ці часткай гэтае эліты.

 

Інтэрв’ю
Калі ў Беларусі будуць змены і як спраўляецца Ціханоўская? Вялікая гутарка з экс-амбасадарам Польшчы
2023.09.18 15:58

Я шмат разоў падкрэсліваў, што мы мусім думаць (наколькі я разумею, шмат заходніх элітаў так думае) пра тое, што будзе без Лукашэнкі і пасля Лукашэнкі – а не пра тое, як ізноў дамовіцца з Лукашэнкам. Ён не асоба, з якой рукаюцца. Спадзяюся, ужо шмат людзей гэта разумее.

Аляксандр Лукашэнка не губляе надзеі. Месяц таму ён агучыў спробу і даў загад чыноўнікам палепшыць дачыненні з Польшчай. Я працытую заяву 11 жніўня: «З палякамі трэба размаўляць. Я даручаў прэм’ер-міністру звязацца з імі. Калі яны жадаюць, давайце размаўляць, наладжваць адносіны. Мы суседзі, а суседзяў не выбіраюць. Яны ад Бога». На наступны дзень быў агучаны адказ польскага боку на ўзроўні намесніка міністра замежных справаў Яблоньскага, які сказаў, што, цытую, «папросту змяніць наратыў – абсалютна недастаткова. Калі Беларусь хоча мець добрыя дачыненні з Польшчай, шлях да гэтага вельмі просты – спыніць напады на нашую мяжу, вызваліць Анджэя Пачобута ды іншых зняволеных». У турмах Беларусі цяпер больш за тысячу чалавек, адзначыў Яблоньскі. Пасля гэтага Лукашэнка не здаўся і былі спробы, запрашэнне вайсковых назіральнікаў з Польшчы на вучэнні АДКБ у Беларусь. Яны туды не паехалі. Чаму польскі бок не прыняў запрашэння на вучэнні?

Адказ на гэтае пытанне хаваецца ў адказе Яблоньскага. Проста няма ніякіх рэальных крокаў, якія б пацвярджалі добрую волю з боку Менску. Ёсць толькі пустыя супярэчлівыя заявы. Яны адкрыта супярэчаць кантэксту і рэальным падзеям. Калі адсутнічае давер, няма і рэальных перадумоваў заставацца ў паважанай, але ўсё ж не еўрапейскай кампаніі іншых назіральнікаў вайсковых адносінаў з Манголіяй. Усё ж гэта не кампанія Еўразвязу ці NATO. Калі мы, як я гэта разумею, пастанавілі б назіраць за гэтымі вучэннямі, мы б зрабілі гэта разам з калегамі з NATO, каб супольна гэта рабіць. І ў кантэксце прынамсі мінімальнага даверу да Менску – а яго няма.

Усе гэтыя заявы з 11 жніўня і з 31 жніўня з паседжання Савету бяспекі, калі Лукашэнка запрасіў назіральнікаў, – гэта пустыя заявы. Яны маюць толькі адное значэнне: напэўна, Лукашэнка спалохаўся магчымай пастановы наконт поўнага закрыцця дзяржаўнае мяжы, асабліва грузавых плыняў, у тым ліку з Кітаю або ў Кітай, і спрабуе дээскалаваць канфлікт. Гэтыя заявы не ёсць пунктам для перамоваў. Для гэтага патрэбныя адпаведныя крокі з боку Менску. Хаця б вызваленне Анджэя Пачобута.

У чым праблема? Чаму не вызваліць Анджэя Пачобута? Лукашэнка – крывавы дыктатар і любіць саджаць людзей у турму, ён баіцца новых пратэстаў. Паўтары тысячы зняволеных. Чаму б аднаго не вызваліць? Гэта б ужо дало нейкі сігнал Варшаве і агулам Захаду. Гэта нейкая прынцыповая пазіцыя?

Гэта выцякае з агульнага кантэксту. Не толькі з нулявых дачыненняў паміж Менскам і Захадам, але і з блізкіх стасункаў з Масквой. Самых інтэнсіўных. І ў інтэнсіўнасці гэтых стасункаў паміж Менскам і Масквой хаваецца частка адказу на гэтае пытанне. Лукашэнка ведае, што вызваленне такой знакавай постаці было б успрынятае ў Маскве адмоўна. Як спроба падлашчвання да Захаду зноў. Як прыкмета адсутнасці лаяльнасці. Лаяльнасць для Пуціна, асабліва ў часе вайны, вельмі важная. Лукашэнка – практычна адзіны саюзнік у ролі прэзідэнта на постсавецкай прасторы. Такі сталы саюзнік, астатнія лідары паводзяцца па-рознаму. Я маю на ўвазе і Пашыньяна, і цэнтральнаазіяцкіх лідараў, і прэзідэнта Азербайджану, і гэтак далей. Пуцін разлічвае толькі на Лукашэнку. Лукашэнка пра гэта ведае і адчувае гэтую адказнасць, бо выбару няма.

Лукашэнка таксама разумее, што з Польшчай справы зайшлі занадта далёка. Застаецца толькі дээскалаваць, утрымліваць тое, што ўжо ёсць, і ратаваць мяжу, адкрытыя пераходы гэтымі заявамі. Нічога большага ён дазволіць сабе не можа.

А ў гэтым выпадку, на маю думку, ролю стрымальнага фактару грае і пазіцыя самога Анджэя. На якую ён, вядома ж, мае права як несправядліва асуджаны чалавек. Ён проста, відаць, адмаўляецца пісаць заявы наконт памілавання. Ён не будзе каяцца. Гэта не ягоны менталітэт.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «Прасвет» 15.09.2023

belsat.eu

Стужка навінаў