Больш за 1300 чалавек затрымалі ў Расеі на акцыях супраць мабілізацыі


Учора 21 верасня па ўсёй Расеі прайшлі акцыі пратэсту супраць частковай мабілізацыі, абвешчанай раніцай таго ж дня Уладзімірам Пуціным. На раніцу 22 верасня ў 38 расейскіх гарадах затрыманы 1314 чалавек, паведамляе праваабарончы праект «ОВД-Инфо».

Супрацоўнікі расейскай паліцыі затрымліваюць пратэстоўца ў час несанкцыянаванага мітынгу, пасля таго як актывісты апазіцыі заклікалі да вулічных пратэстаў супраць мабілізацыі рэзервістаў па загадзе прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Масква, Расея. 21 верасня 2022 года.
Фота: Reuters / Форум

Больш за ўсё затрыманняў у Маскве і Санкт-Пецярбургу (каля 500 чалавек у кожным з гарадоў). Аднак лічбы затрыманых могуць расці па меры паступлення інфармацыі аб іх.

Таксама паведамляецца, што сілавікі жорстка затрымлівалі пратэстоўцаў: збівалі дубінкамі, цягнулі іх па асфальце.

Фотарэпартаж
Масква пратэстуе. Людзі выйшлі на вуліцы супраць мабілізацыі
2022.09.21 21:53

Таксама паведамляецца, што затрыманым на акцыі пратэсту ў Маскве пачалі ўручаць позвы ў аддзелах паліцыі, перадае «Медиазона». Па словах жонкі аднаго з затрыманых, яе мужу ўручылі позву ў АУС. Яна расказала, што муж падпісаў позву, але тэлефанаваў не са свайго тэлефона і больш нічога паведаміць не паспеў. Пра тое, што затрыманым уручаюць позвы, таксама паведамляе «ОВД-Инфо».

Увечары ў Варшаве таксама прайшла акцыя пратэсту супраць мабілізацыі насупраць амбасады Расеі.

Раніцай 21 верасня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам і аб’явіў аб частковай мабілізацыі ў краіне. Адпаведны ўказ ужо падпісаны, мабілізацыйныя мерапрыемствы ўжо пачаліся. Міністр абароны Сяргей Шайгу ў сваю чаргу заявіў, што мабілізаваць плануецца 300 тысяч тых, хто знаходзіцца ў запасе. У адказ на гэта расейскі дэмакратычны рух «Вясна» абвясціў усерасейскую акцыю пратэсту супраць мабілізацыі, актывісты заклікалі жыхароў краіны выходзіць на цэнтральныя вуліцы расейскіх гарадоў.

Аналітыка
«Сітуацыя стане ахавай». У Расеі заклікаюць падпальваць ваенкаматы і не толькі
2022.09.21 23:44

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў