Рада Еўразвязу прыняла санкцыі за забойства Навальнага і заклікала да новых санкцыяў на Беларусь


Рада Еўрапейскага звязу 22 сакавіка прыняла санкцыі супраць 33 чалавек і дзвюх калоніяў у сувязі з раптоўнай смерцю расейскага апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага. У асобным рашэнні Рада Еўразвязу заклікала падрыхтаваць новыя пакеты санкцыяў адносна Беларусі, Ірану і Паўночнай Карэі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі акцыі ў памяць аб Аляксеі Навальным трымаюць яго партрэт насупраць будынку пасольства Расейскай Федэрацыі ў Варшаве пасля навін пра смерць Аляксея Навальнага. Варшава, Польшча. 16 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Пад новыя санкцыі трапілі дзве калоніі, у якіх Аляксей Навальны быў ад ліпеня 2022 года да смерці ў лютым 2024-га, а таксама супрацоўнікі гэтых калоніяў, суддзі і чыноўнікі Міністэрства юстыцыі Расеі. Дырэктар Федэральнай службы выканання пакаранняў Расеі Аркадзій Госцеў у гэты пакет санкцыяў не трапіў, бо ўжо быў пад санкцыямі Еўразвязу.

Хоць афіцыйна смерць Навальнага не называюць непасрэдным забойствам, у рашэнні аб санкцыях называюць адказных за ўмовы, у якіх трымалі палітвязня і якія прывялі да яго смерці. Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль заявіў:

«Павольнае забойства Аляксея Навальнага крамлёўскім рэжымам з’яўляецца яскравым напамінам пра яго поўную непавагу да чалавечага жыцця. Сённяшнія санкцыі дэманструюць нашую рашучасць прыцягнуць палітычнае кіраўніцтва і ўлады Расеі да адказнасці за працяг парушэнняў правоў чалавека ў Расеі. Пры гэтым мы ведаем, што Пуцін — гэта не Расея, і Расея — гэта не Пуцін. Мы працягнем падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Расеі і незалежныя галасы».

У публікацыі пра санкцыі на сайце Рады Еўразвязу адзначаюць таксама працяглае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Расеі:

«Незаконная, неапраўданая і несправакаваная агрэсіўная вайна Расеі супраць Украіны яшчэ больш паскорыла ўнутраныя рэпрэсіі ў краіне, рэзка абмежаваўшы свабоду меркаванняў і іх выказвання, а таксама свабоду медыяў, і ўвёўшы ваенную цэнзуру».

У асобным заключэнні, якое тычылася перадусім Украіны і Блізкага Усходу, Рада Еўразвязу згадала мінулы 13-ы пакет санкцыяў і тое, што застаюцца шляхі абыходу санкцыяў. Каб максімальна абмежаваць абыход санкцыяў, Рада Еўразвязу заклікала Вярхоўнага прадстаўніка і Еўракамісію падрыхтаваць далейшыя санкцыі супраць Беларусі, Паўночнай Карэі і Ірану.

Агляд
Як уводзілі санкцыі адносна Беларусі: за рэпрэсіі, самалёт і вайну, але не за палітвязняў
2024.03.13 17:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў