«Пакуль трэба не здавацца». Памёр Аляксей Навальны. Якім быў шлях расейскага апазіцыянера


Палітык Аляксей Навальны памёр у калоніі. Пра гэта паведаміла ФСВП Расеі. Навальнаму было 47 гадоў. «Белсат» узгадвае, які шлях прайшоў апазіцыянер і як ён не здаваўся да канца.

Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны стаіць у клетцы падчас слуханняў справы па абвінавачванні ў паклёпе ў судзе Масквы, Расея. 12 лютага 2021 года.
Фота: Babuskinsky District Court Press Service / AP / East News

«У папраўчай калоніі № 3 асуджаны Навальны А. А. пасля прагулкі адчуў сябе дрэнна, практычна адразу страціўшы прытомнасць», – гаворыцца ў паведамленні ФСВП.

У Аляксея Навальнага засталася жонка Юлія Навальная і двое дзяцей – дачка Даша і сын Захар.

Ад «абароны масквічоў» да выкрыцця Мядзведзева і Пуціна

Аляксей Навальны нарадзіўся 4 чэрвеня 1976 года ў вёсцы Бутынь Маскоўскай вобласці ў сям’і вайскоўца. Ён атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі – юрыдычную і эканамічную. Некаторы час працаваў юрыстам і адвакатам, аднак адвакацкага статусу быў пазбаўлены расейскімі ўладамі.

У 2004 годзе ён заснаваў «Камітэт абароны масквічоў». Абʼяднанне змагалася за спыненне будоўляў, якія пагаршалі якасць жыцця людзей. Пазней Навальны пачаў расследаваць карупцыю ў дзяржструктурах. У 2008 годзе ён зрабіўся вядомым, апублікаваўшы доказы крадзяжу ў буйных расейскіх дзяржкарпарацыях. Як юрыст ён вёў працэсы супраць такіх арганізацыяў, як«Газпром», «Роснефть», «Транснефть» і «Газпромнефть», спрабуючы абараніць дробных акцыянераў і дамагчыся празрыстасці і падсправаздачнасці кампаніяў. Навальны таксама аналізаваў дзяржзакупкі і змагаўся з парушэннямі ў гэтай сферы.

Hавiны
У апошняй публікацыі Навальны прызнаваўся ў каханні жонцы, а на відэа выглядаў бадзёрым
2024.02.16 15:10

У 2011 годзе Навальны стварыў «Фонд барацьбы з карупцыяй», які падрыхтаваў мноства расследаванняў. Аднымі з самых знакамітых сталі «Ён вам не Дзімон» (2017) – пра карупцыйную імперыю Дзмітрыя Мядзведзева – і расследаванне пра палац Уладзіміра Пуціна ў Геленджыку з аквадыскатэкай і складам бруду (2021). Фільм ФБК «Чайка» (2015) пра тое, якім чынам генпракурор РФ Юрый Чайка звязаны з мафіёзнаю групоўкаю.

На выбары не пусцілі

У 2013 годзе Навальны спрабаваў стаць мэрам Масквы. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за яго прагаласавала 27 % выбарнікаў.

Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны жэстыкулюе падчас выступу на мітынгу ў Маскве, Расея. 9 верасня 2013 года.
Фота: Ivan Sekretarev / AP Photo / East News

Цалкам чакана, што актыўнасць Навальнага выклікала негатыўную рэакцыю расейскіх уладаў. У турму трапіў ягоны малодшы брат Алег. Як сцвярджаў сам Навальны, паводле ілжывага абвінавачвання. Таксама ў кватэры і офісе ФБК праходзілі ператрусы, яшчэ ў пачатку 2010-х Навальны больш за год прабыў пад хатнім арыштам, аднак ад сваёй дзейнасці ён не збіраўся адмаўляцца.

Да прэзідэнцкіх выбараў 2018 года Аляксей Навальны стаў самым папулярным апазіцыйным палітыкам Расеі. Валанцёрамі ў ягоны перадвыбарчы штаб запісаліся больш за 80 тысяч асобаў, за ягонае вылучэнне было сабрана 380 тысячаў подпісаў. Каманда Навальнага сабрала ўсе неабходныя дакументы для рэгістрацыі палітыка кандыдатам у прэзідэнты, аднак ЦВК Расеі адмовіў у рэгістрацыі, паколькі ў Аляксея Навальнага была судзімасць. Паводле абвінавачання, Навальны нібыта займаўся крадзяжом маёмасці дзяржпрадпрыемства «Кировлес», калі працаваў дарадцам губернатара Кіраўскай вобласці Мікіты Белых. Палітык назваў гэтую справу сфабрыкаванай.

Пільна!
У Расеі паведамілі пра смерць Аляксея Навальнага. Што вядома – спецэфір «Вот Так»
2024.02.16 15:55

Атручэнне і арышт

У жніўні 2020 года Аляксей Навальны быў атручаны і цудам выжыў. Як высветліла ФБК, гэта была аперацыя ФСБ. Аляксею стала дрэнна падчас пералёту з Томску ў Маскву. Самалёт давялося экстранна саджаць у Омску. Там палітыка ўвялі ў штучную кому і падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Праз два дні яго перавезлі ў клініку «Charité» у Берліне. Паплечніца Навальнага Марыя Пеўчых распавядала ў інтэрвʼю Юрыю Дудзю, што на ўсіх этапах чыноўнікі і адміністрацыя лякарні ў Омску перашкаджалі транспартаванню Навальнага і спрабавалі схаваць ягоны стан.

У Нямеччыне ён прайшоў цяжкую рэабілітацыю. Яму давялося зноўку вучыцца хадзіць і гаварыць.

«Зусім нядаўна я не пазнаваў людзей і не разумеў, як размаўляць. Кожную раніцу да мяне прыходзіў доктар і казаў: Аляксей, я прынёс дошку, давайце прыдумаем, якое на ёй напісаць слова. Гэта прыводзіла мяне ў адчай, таму што хоць я ўжо і разумеў у цэлым, чаго хоча доктар, але не разумеў, дзе браць словы. У якім месцы галавы яны ўзнікаюць? Дзе знайсці слова і як зрабіць так, каб яно нешта азначала?», – пісаў палітык.

Урад Нямеччыны заявіў, што Навальны быў атручаны рэчывам нервова-паралітычнага дзеяння «Навічок». Словы палітыка дазваляюць меркаваць, што гэта была не першая спроба яго атруціць. З падобнымі сімптомамі атручэння, але больш слабымі, сутыкалася ягоная жонка Юлія.

Пасля лячэння Навальны вярнуўся ў Расею. Ён прыбыў у Шарамецьева 17 студзеня 2021 года і адразу быў арыштаваны ў межах справы «Ив Роше», якая была распачатая яшчэ ў 2012 годзе. Паводле абвінавачвання, Навальны нібыта шляхам падману выкраў сродкі ў кампаній ООО «Ив Роше Восток» і ООО «Многопрофильная процессинговая компания». Затым палітыку дадалі яшчэ абвінавачванняў і на свабоду ён так і не выйшаў.

Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны сядзіць побач са сваёю жонкаю Юліяй у самалёце авіякампаніі «Победа», які накіроўваецца ў Маскву перад вылетам з аэрапорту «Берлін-Шэнэфэльд» ля Берліну, Нямеччына. 17 студзеня 2021 года.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

У сакавіку 2022 года яго пакаралі дзевяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за «махлярства і непавагу да суда». А ў жніўні 2023 года – 19 гадамі калоніі асобага рэжыму за стварэнне «экстрэмісцкай супольнасці».

Паплечнікі апазіцыянера казалі, быццам ён разумеў, што яго чакае зняволенне ў Расеі. Як можна меркаваць з лістоў і тых паведамленняў ад Навальнага, якія транслявала ягоная каманда, палітык стараўся да апошняга захоўваць бадзёрасць духу і з іроніяй распавядаў пра сваё жыццё ў няволі.  На судах ён не прамінаў магчымасці пажартаваць. Напрыклад, адна са справаў супраць яго была за «паклёп» на 94-гадовага ветэрана Ігната Арцёменка. На судзе ў лютым 2021 года суддзя прыгразіла, што за прамовы Навальнага выдаліць яго з залы.

«Вам таксама заўвага, Высокі Суд, я вас хутка таксама выдалю», – адказаў Навальны.

14 лютага прэс-сакратар палітыка Кіра Ярмыш пісала, што Навальнага ў 27-ы раз адправілі ў штрафны ізалятар (ШІЗА). Праз адваката палітык распавядаў і пра іншыя метады ціску на яго. Напрыклад, іншым зняволеным забаранялі з ім размаўляць, ці палітыка саджалі ў адну прастору з чалавекам з псіхічнымі парушэннямі.

«Ямальская калонія вырашыла пабіць Уладзімірскі рэкорд халуйства і дагаджання маскоўскаму начальству. Толькі што далі 15 сутак ШІЗА. То бок, гэта 4-ае ШІЗА за менш чым 2 месяцы, якія я тут. Жорстка», – гаворыцца ў апошнім твіце Аляксея Навальнага ад 14 лютага ў X.

Зняволены расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны прысутнічае па відэасувязі ў судзе з калоніі ІК-3 падчас разгляду ягонай скаргі на абмежаванне доступу да кніг і матэрыялаў для чытання ў турме. Масква, Расея. 11 студзеня 2024 года.
Фота: Vera Savina / AFP / East News

«Перамога непазбежная»

17 студзеня 2024 года ў сацсетках Навальнага зʼявіўся пост з тлумачэннем, чаму ён вярнуўся.

«Тры гады я сяджу. І тры гады адказваю на адно і тое ж пытанне. Зэкі задаюць яго проста і непасрэдна. Супрацоўнікі турэмных адміністрацыяў – асцярожна, пры выключаных рэгістратарах. “Ты навошта вярнуўся?” <…> У мяне ёсць мая краіна і мае перакананні. І я не хачу адмаўляцца ні ад краіны, ні ад перакананняў. І я не магу здрадзіць ні першаму, ні другому. Калі твае перакананні чагосьці вартыя, ты павінен быць гатовы адстаяць іх. І, калі трэба, пайсці на нейкія ахвяры. <…> Мае перакананні не экзатычныя, і не сектанцкія, і не радыкальныя. Наадварот, усё, у што я веру, заснаванае на навуцы і гістарычным досведзе. Людзі ва ўладзе мусяць мяняцца. Найлепшы спосаб абраць уладу – сумленныя і свабодныя выбары. Усім патрэбны сумленны суд. Карупцыя разбурае дзяржаву. Цэнзуры быць не павінна.

За гэтымі прынцыпамі будучыня. <…> Пуцінская дзяржава нежыццяздольная. Аднойчы мы паглядзім на яе месца, і яе не будзе. Перамога непазбежная. Але пакуль трэба не здавацца і трымацца сваіх перакананняў», – гаворыцца ў пасце.

Hавiны
Ціханоўская: Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым
2024.02.16 15:30

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў