Латвія вырашыла не забараняць руху па краіне аўтамабілям з беларускімі нумарамі


Сейм Латвіі 21 сакавіка вярнуў у адказную камісію папраўкі да Закону аб дарожным руху, якія мусілі распаўсюдзіць на аўтамабілі з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі тыя ж абмежаванні, якія дзеюць для аўтамабіляў з нумарамі РФ, ток бок забараніць іх рух на тэрыторыі краіны, піша rus.lsm.lv.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: av.by

Народна-гаспадарчая камісія не прыняла законапраекту, пададзенага Нацыянальным аб’яднаннем. Як патлумачыла старшыня камісіі Скайдрытэ Абрама, папраўкі былі слаба падрыхтаваныя – у іх былі проста скапіяваныя абмежаванні для расейскіх аўтамабіляў:

«Трэба было прадугледзець грунтоўныя выключэнні. Напрыклад, што ўцекачы вывозяць свае сем’і, каб уратаваць іх ад жахаў рэжыму Лукашэнкі. Праблема і з прапановамі, што рабіць з машынамі: канфіскоўваць, блакаваць колы? Былі і дыскусіі пра штрафы».

Паводле МЗС Латвіі, забарона руху аўтамабіляў з беларускімі нумарамі ў Латвіі – пытанне палітычнай волі. Таксама ведамства ўказвае, што санкцыі ЕЗ, уведзеныя супраць Расеі і Беларусі, адрозніваюцца, і санкцыі супраць Беларусі не забараняюць увозу аўтамабіляў, зарэгістраваных у РБ, у Еўропу. Не ўвялі такой забароны праз меркаванні гуманнасці і Літва, і Польшча.

Hавiны
Усе краіны Балтыі забаранілі ўезд аўтамабіляў з расейскімі нумарамі на сваю тэрыторыю
2023.09.13 12:32

МЗС нагадвае, што цяпер улічваюцца абставіны пасля нелегітымных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, а таксама жорсткія рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзянскай супольнасці, праз што шмат якія беларусы вымушаныя эміграваць. Прадстаўнікі беларускай апазіцыі неаднаразова прасілі латышскі бок не ўжываць абмежаванняў да транспартавых сродкаў з беларускімі нумарамі. У МЗС Латвіі гатовыя дыскутаваць пра неабходнасць забароны і ўмовы яе ўвядзення.

З 15 лютага 2024 года па дарогах Латвіі забаронена перасоўвацца аўтамабілям з расейскімі нумарамі. Цягам месяца дзеяння забароны адзін аўтамабіль «Lada» сканфіскавалі, а яго ўласніка аштрафавалі на 750 еўраў.

Святлана Ціханоўская заклікала латышскія ўлады размяжоўваць рэжым Лукашэнкі і беларусаў ды зазначыла, што «для шмат якіх беларусаў магчымасць выехаць за мяжу, магчымасць атрымаць візу Латвіі – гэта адзіны спосаб пазбегчы рэпрэсіяў, адзіны спосаб не сесці на дзясятак гадоў у турму за падтрыманне ўкраінскай арміі, напрыклад».

Hавiны
Балгарыя ад сёння забараняе ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабілям на расейскіх нумарах
2023.10.02 12:08

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў