Камітэт абароны журналістаў заклікаў неадкладна вызваліць Андрэя Толчына


Неадкладна вызваліць Андрэя Толчына заклікаў у заяве 22 сакавіка Камітэт абароны журналістаў (CPJ).

Журналіст-фрылансер Андрэй Толчын.
Крыніца: Илья Миронов / Facebook

Праграмны каардынатар арганізацыі ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід назвала прысуд «яшчэ адной праявай мсцівасці беларускіх уладаў у дачыненні да цяперашніх і былых прадстаўнікоў прэсы за іх незалежнае асвятленне масавых пратэстаў у краіне ў 2020 годзе». Яна заклікала «неадкладна зняць усе абвінавачванні з Толчына і вызваліць яго разам з астатнімі зняволенымі журналістамі».

21 сакавіка Гомельскі абласны суд прыгаварыў 64-гадовага былога журналіста Андрэя Толчына да 2,5 года пазбаўлення волі, інкрымінаваўшы яму ўчыненне злачынстваў паводле ч. 2 арт. 367 («Паклёп у дачыненні да прэзідэнта») і 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») Крымінальнага кодэксу. Першапачаткова яму інкрымінавалі таксама ч. 1 арт. 3614 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Андрэй Толчын – стваральнік гомельскай гарадской газеты «Гомельскія ведамасці», а таксама фрылансер, які супрацоўнічаў з некалькімі незалежнымі выданнямі. Яго неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць. Пасля падзей 2020 года Толчын сышоў з прафесіі.

Відэааператара-фрылансера затрымалі ў верасні 2023-га. Доўгі час прычыны затрымання і змяшчэння пад варту былі невядомыя. Судовы працэс пачаўся 5 сакавіка 2024 года. На патрабаванне пракурора суд зняў з Андрэя Толчына абвінавачанне паводле артыкулу «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», якое выставіў Следчы камітэт.

Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара-фрылансэра супрацоўнічаў з незалежнымі медыямі. За гэта яго шмат разоў штрафавалі і арыштоўвалі на падставе адміністратыўных пратаколаў.

У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асвятленне пратэстаў, афіцыйна – нібыта за ўдзел у масавых беспарадках. Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА № 3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязняў Міколы Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам з іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканні ізалятару.

Камітэт абароны журналістаў – міжнародная няўрадавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку, якая займаецца абаронай правоў журналістаў. Арганізацыя займаецца зборам інфармацыі пра рэпрэсіі і забойствы супрацоўнікаў СМІ па ўсім свеце.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў