Былога журналіста-фрылансера Андрэя Толчына асудзілі на 2,5 года калоніі


У Гомлі палітвязня Андрэя Толчына асудзілі на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у «паклёпе на Лукашэнку» і «судзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе БАЖ.

Журналіст Андрэй Толчын.
Фота: Гомельская вясна / Telegram

Дзяржабвінаваўца прасіў пакараць Толчына трыма гадамі пазбаўлення волі. 21 сакавіка прысуд агучыў суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Казлоў.

Відэааператара-фрылансера затрымалі ў верасні 2023-га. Доўгі час прычыны затрымання і змяшчэння пад варту былі невядомыя. Судовы працэс пачаўся 5 сакавіка 2024 года. На патрабаванне пракурора суд зняў з Андрэя Толчына абвінавачанне паводле артыкулу «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», якое выставіў Следчы камітэт.

Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара-фрылансэра супрацоўнічаў з незалежнымі медыямі. За гэта яго шмат разоў штрафавалі і арыштоўвалі на падставе адміністратыўных пратаколаў.

У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асвятленне пратэстаў, афіцыйна – нібыта за ўдзел у масавых беспарадках. Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА № 3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязняў Міколы Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам з іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканні ізалятару.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў