Пачаўся суд над журналістам-фрылансерам Андрэем Толчыным


У Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд справы над відэааператарам-фрылансерам Андрэем Толчыным. 64-охгадовага журналіста вінавацяць у нібыта стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, але якія канкрэтна дзеянні ставяць у віну, невядома. У Андрэя Толчына гіпертанія і праблемы з нагамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Няма ў мяне спадзяванняў на тое, што чалавек у мантыі суддзі, праводзячы закрыты суд над Андрэем Толчыным, прыме да ўвагі нейкія акалічнасці: узрост, стан здароўя ці іншае. Пакарае так, як яму скажуць», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Беларусь у 2023 годзе заняла першае месца ў Еўропе паводле колькасці журналістаў, якія застаюцца ў зняволенні. На час рыхтавання штогадовага дакладу Платформы Рады Еўропы для прасоўвання абароны журналістыкі і бяспекі журналістаў іхная колькасць дасягала 38-мі чалавек. У тройку ўвайшлі таксама Расея (27 журналістаў за кратамі) і Турцыя (20 журналістаў за кратамі).

Журналіст-фрылансер Андрэй Толчын.
Крыніца: Илья Миронов / Facebook

На сёння, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», за кратамі застаюцца 33 журналісты. Агулам жа палітвязнямі прызналі 1 412 чалавек. Шмат каго з іх судзяць некалькі разоў. Гэтак, сёння ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля разглядаюць крымінальную справу супраць Вольгі Маёравай. Яе вінавацяць у нібыта зацятым непадпарадкаванні адміністрацыі Гомельскай калоніі, дзе палітзняволеная адбывае 20-цігадовы тэрмін.

«Найхутчэй яна не ідзе на ніякую супрацу, не падпісвае дакументы, яна змагаецца з рэжымам нават у зняволенні. І рэжым не можа нічога зрабіць, апроч як знаходзіць у яе дзеяннях нейкія парушэнні. Гэта злачынства супраць чалавечнасці», – кажа прадстаўнік «BYPOL» Станіслаў Лупаносаў.

Не спыняюцца і адвольныя затрыманні. За мінулы год ГУБАЗіК узяў больш за 1 100 чалавек па гэтак званых экстрэмісцкіх злачынствах. Такі лік агучыў у эфіры СТВ кіраўнік гэтай структуры Андрэй Ананенка. І ў той жа час заклікаў вяртацца:

«Раскаяўшыся і напісаўшы яўку з павіннай ці заяву, што сапраўды прызнаюць, разабраліся ў сітуацыі і тыя дзеянні былі памылковыя, гатовыя кампенсаваць, калі мы гаворым пра данатараў, пэўны ўрон – у гэтай сітуацыі ніякіх праблем, можа вярнуцца».

У рэчаіснасці ж ледзь не штодня з’яўляюцца новыя звесткі пра затрыманні тых, хто пастанавіў вярнуцца ў Беларусь, і пра крымінальныя справы супраць тых, хто раней «скампенсаваў шкоду». Распачынаюцца справы і супраць тых, хто вяртацца не збіраецца. Гэтак, завочна будуць судзіць праваабаронцу Леаніда Судаленку, які паўгода таму выехаў за мяжу пасля адбыцця тэрміну ў зняволенні.

«Гэтая крымінальная справа якраз сведчыць пра тое, што яны баяцца майго голасу, таму што я кажу, што я выжыўшы сведка, я не маўчу, распавядаю пра ўсё тое, што там адбываецца», – кажа Леанід Судаленка.

Але здараюцца ў Беларусі і апраўдальныя прысуды. У Крупках суд пастанавіў спыніць справу аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні вайскоўца. Падчас паседжання той заявіў, што падпісаўся на каналы «Мая Краіна Беларусь» і «Типичный Борисов» даўно і распаўсюджваць інфармацыі не збіраўся.

«Найхутчэй (не магу на 100 адсоткаў сцвярджаць, але найхутчэй) чалавека падпісала служба выведкі, каб ён працаваў на іх. Такім чынам яму гарантавалі: вось табе апраўдальнае рашэнне. Ён шчаслівы, ён аказаўся на волі, ён мае рацыю там, дзе мільён беларусаў не маюць рацыі», – кажа Станіслаў Лупаносаў.

Гэтак, не на карысць Алены Мінчанкі, пенсіянеркі з Воршы, прыйшлося рашэнне суда. Яна мусіць выплаціць вялікі штраф – 1 200 рублёў за падабайку пад публікацыяй са свечкай і зычэннем Царства нябеснага. Пры гэтым пенсія ў жанчыны – 340 рублёў. Жанчына намагалася дабіцца растэрміноўкі ў сплочванні гэтай сумы, аднак ёй адмовілі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»