Беларусь можа страціць сотні мільёнаў еўраў ад збожжавых санкцыяў ЕЗ. Але ці гэта балюча?


Ужо неўзабаве Еўразвяз можа ўвесці чарговыя – на гэты раз харчовыя – санкцыі супраць Беларусі і Расеі. Пад абмежаванні трапяць збожжавыя і алейныя культуры. Гэта ў тым ліку мусіць суцішыць пратэсты еўрапейскіх фермераў, якія выступаюць супраць украінскага збожжа. А як гэта адаб’ецца на эканоміцы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Еўракамісія 22 сакавіка афіцыйна апублікавала свае прапановы адносна ўвядзення павышанага імпартнага мыта на збожжа, алейныя культуры і прадукты іх перапрацоўкі з Беларусі і Расеі. Згодна з імі, мыта мусіць быць у памеры 95 еўраў за тону, або 50 % ад кошту тавару.

Мыта закране збожжавыя, алейныя і прадукты іх перапрацоўкі, што класіфікуюцца ў раздзелах 10, 12, 14, 15 і 23 Камбінаванай наменклатуры. Таксама для Беларусі і Расеі закрыюць доступ да квотаў Еўразвязу на збожжа, прадугледжаных абавязкамі ЕЗ перад Сусветнай гандлёвай арганізацыяй.

У Еўракамісіі лічаць прапанаванае мыта дастаткова высокім, каб спыніць імпарт збожжавых і алейных у Еўразвяз. Паколькі ж санкцыі закрануць не толькі РФ, але і Беларусь, то гэта «не дазволіць Расеі выкарыстоўваць Беларусь для абыходу новых тарыфаў і накіравання сваіх тавараў на рынак ЕЗ».

Пры гэтым прапановы не закранаюць транзіт збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі з Расеі і Беларусі ў трэція краіны.

«Гэта паказвае, што Еўрапейскі Звяз надалей цалкам адданы справе забеспячэння харчовай бяспекі ва ўсім свеце, асабліва калі вядзецца пра краіны, што развіваюцца», – заявілі ў Еўракамісіі.

Дакумент яшчэ мае зацвердзіць Еўрапейская рада.

Аб’ёмы невялікія ні для каго

У Еўракамісіі адзначылі, што Расея ў 2023 годзе скіравала ў Еўразвяз 4,2 млн тонаў збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі на € 1,3 млрд. З Беларусі паступіла 610 тысяч тонаў гэтых тавараў на € 246 млн. Сумарна гэта складае 6,3 % ад леташняга імпарту Еўразвязам збожжавых і алейных.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Перавозка збожжа з Расеі ў Рызе, Латвія. 8 ліпеня 2022 года.
Фота: Victor Lisitsyn / Russian Look / Forum

У агульным жа спажыванні алейных і збожжавых у ЕЗ доля Беларусі ды Расеі яшчэ меншая – менш як 1,5 % з 350 мільёнаў тонаў, заявіў у каментары «Белсату» Вітальд Арлоўскі, прафесар акадэміі фінансаў і бізнесу «Vistula» (Польшча). Невялікая доля гэтых культур і ў агульным экспарце дзвюх краін. Калі ва Украіне два гады таму на збожжа і алейныя прыходзілася да 40 % ад агульнага аб’ёму экспарту, то ў Расеі прадукты харчавання, збожжа і таму падобнае складаюць толькі 3 % экспарту, сказаў прафесар.

«Так што з гледзішча расейскай эканомікі гэта [абмежаванні экспарту збожжавых і алейных у Еўразвяз. – рэд. belsat.eu], відавочна, не вельмі балючая рэч. З пункту гледжання Еўропы я б сказаў амаль не заўважная», – заявіў Арлоўскі.

Спроба залагодзіць фермераў

Эканаміст адзначыў, што Еўразвяз у пытаннях, звязаных са збожжам, імкнецца да падтрымання адпаведных даходаў фермераў, бо «нават адносна невялікія парушэнні, напрыклад, лішкі збожжа, якія з’яўляюцца на рынку, могуць выклікаць сурʼёзныя ўскладненні для ўнутранай палітыкі». Як зараз гэта вылілася ў пратэсты фермераў у Польшчы, Нямеччыне ці Францыі. Таму, сказаў Арлоўскі, пытанне збожжавых важнейшае менавіта важней з пункту гледжання сацыяльных праблемаў, чым з пункту гледжання яе рэальнага эканамічнага значэння.

Прафесар адзначыў, што з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі ва Украіне Еўразвяз значна лібералізаваў імпарт збожжа з Украіны і выніку чаго зʼявіліся пэўныя лішкі. І хоць адносна агульнага спажывання ЕЗ гэта «не так ужо і шмат», аднак гэты прафіцыт «крыху дэстабілізаваў рынак, прымусіў фермераў скардзіцца». Таму, на думку Арлоўскага, асноўнай мэтай павышэння мыта на імпарт збожжа з Расеі і Беларусі з’яўляецца не нанясення «моцнага ўдару» па эканоміках Беларусі і Расеі, а заспакаенне ўнутранай сітуацыі. Бо з мытам у 50 % ад кошту тавару імпартаваць збожжа і алейныя ў Еўразвяз з Беларусі і Расеі стане папросту нявыгадна.

Аб’ектыў
Польскія фермеры блакуюць дарогі па ўсёй краіне
2024.03.20 20:50

«Гэта не прынцыповая рэч ні з пункту гледжання ЕЗ, ні з пункту гледжання Расеі, а справа ў тым, каб пагасіць хваляванні сярод фермераў. Маўляў, збожжа занадта шмат, дык давайце хаця б мець тое збожжа, якое мы можам пераварыць, часам крыху больш, чым павінна быць. Няхай гэта будзе ўкраінскае збожжа, а не расейскае», – сказаў прафесар.

Пры гэтым ён не разумее, чаму гэтыя захады не былі ўжытыя яшчэ два гады таму.

Пэўная краіна падагравае пратэсты

Разам з тым Арлоўскі не ўпэўнены, што мыта на збожжавыя і алейныя з Беларусі і Расеі здолеюць залагодзіць фермераў, якія пратэстуюць. Ён адзначыў, што наяўныя звесткі не паказваюць такой вялікай праблемы, як пра гэта кажуць пратэстоўцы.

«Калі верыць лічбам, гэтага павінна быць дастаткова, каб палегчыць праблему», – заявіў прафесар.

Пры гэтым ён не выключыў, што праблему могуць паглыбляць махінацыі са збожжам, якое трапляе ў ЕЗ для транзіту ў краіны Афрыкі ці Усходы, але туды не даязджае і прадаецца на мясцовым рынку.

«Ёсць падазрэнні, што некаторыя з гэтых пратэстаў падагравае пэўная краіна на ўсход ад нас, якая вельмі зацікаўленая ў тым, каб пасеяць у Польшчы, Нямеччыне, Францыі столькі замяшання, колькі магчыма», – сказаў Арлоўскі.

Прафесар таксама падкрэсліў, што «як толькі настроі становяцца вельмі радыкальнымі, напрыклад, у фермераў, іх ужо не так проста супакоіць».

Як сведчаць звесткі Еўрастату, агульны аб’ём экспарту Беларусі ў ЕЗ скарачаецца апошнія два гады – з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Калі ў 2021 годзе Беларусь прадала ў Еўразвяз тавараў на € 5,63 млрд, то ў 2022 годзе – на € 3,18 млрд, а ў 2023 – усяго на € 1,44 млрд.

Агулам харчоў, сельскагаспадарчай прадукцыі, жывёльнага алею і тлушчоў у 2022 годзе было прададзена на € 555 млн, што складала больш як 17 % усяго экспарту ў Еўразвяз. У 2023 годзе гэтых жа тавараў было прададзена на € 310 млн, ці 21,5 %.

€ 310 млн у агульным беларускім экспарце за 2023 год складае каля 0,8 %. Доля збожжавых і алейных, якія трапяць пад абмежаванні Еўразвяз, яшчэ меншая.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў