«Аховы быццам бы не было». Што кажуць відавочцы маскоўскага расстрэлу


Вечарам 22 сакавіка перад канцэртам гурту «Пікнік» у маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» адбылася масавая страляніна, гучалі выбухі. Было забіта не менш за 40 чалавек, параненыя не менш за сотню. «Белсат» сабраў аповеды відавочцаў тэракту.

Абнаўляецца
Тэракт на канцэрце ў Маскве: загінулі мінімум 40 чалавек. Глядзіце спецэфір «Вот Так»
2024.03.22 20:49

На відэа тэракту бачныя некалькі ўзброеных аўтаматамі чалавек у вайсковым адзенні. Паводле розных крыніцаў, нападнікаў было ад трох да пяці. Карэспандэнт «РИА Новости», які быў сведкам нападу, распавёў, што нападнікі не толькі стралялі з аўтаматычнай зброі, але і кінулі гранату або дымавую шашку.

На момант публікацыі Расгвардыя працягвае пошук нападнікаў і эвакуюе людзей з будынку, розныя крыніцы паведамляюць пра некалькі затрыманняў, у тым ліку пра затрыманне мужчыны, які спрачаўся з байцамі АМАП перад канцэртнай залай.

Як расказвае Telegram-канал «Можем объяснить», паліцыянты жорстка адштурхваюць журналістаў ад месца нападу, «тут лятуць камяні, б’юць прыклáдамі».

Журналістка «Осторожно Media», якая была ў «Крокусе» ў момант тэракту, расказала, што страляніна была з розных напрамкаў, «стралялі зверху і знізу, бегчы не было куды», страляніна трывала некалькі хвілінаў.

Шматлікія сведкі паведамляюць пра паніку і штурханіну. Прынамсі некаторыя выхады з будынку аказаліся зачыненымі:

Аўтар гэтага відэа расказаў, што людзі спрабавалі выбрацца праз тэхнічныя памяшканні, бо страляніна была каля галоўнага выхаду. «Куды мы ні беглі, мы ўпіраліся ў зачыненыя дзверы», – дадаў ён. У выніку ў адным памяшканні дзверы ўдалося выламаць.

Сын адной з наведніц канцэрту расказаў выданню «7×7», што ягоная маці бачыла нападнікаў:

«Убеглі ў канцэртную залу нейкія мужчыны ў балаклавах. Хтосьці без балаклавы. Яны былі, як яна сказала, падобныя да чачэнцаў, да нейкіх арабаў. Пачалі крычаць, закідваць дымавымі шашкамі і страляць. Тэрарысты крычалі з такім акцэнтам, яна сказала, каўказскім нейкім. Аховы як быццам не было, ці іх адразу расстралялі».

УВАГА! ВУСЦІШНЫ ЗДЫМАК! Целы людзей, забітых у «Крокус Сіці Хол» падчас страляніны. Краснагорск, Расея. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Адзін з наведнікаў канцэрту расказаў выданню «Фонтанка», што захадаў бяспекі перад канцэртам не было:

«Дагляду не было, не было ні спяцоў, ні бяспекі ніякай не было. Рамкі пішчалі, але ніхто не тармазіў. Мы чакалі каля рамкі, каб патрапіць на другі паверх. Праходзіць 20 хвілін – і пачынаецца страляніна. Я павярнуўся, убачыў з барадой чалавека… Ніхто нічога не зразумеў, была паніка. Там была сцяна, праход невялікі справа, мы ўцяклі направа. А хто быў наперадзе, каля ўваходу, тых, прабачце, паклалі».

Выданне «Можем объяснить» са спасылкай на відэа з камераў блізу месца тэракту заяўляе, што сілавікі і пажарныя прыбылі на месца толькі праз паўгадзіны з пачатку страляніны.

Hавiны
ЗША і іншыя краіны папярэджвалі пра магчымы тэракт за два тыдні да маскоўскага расстрэлу
2024.03.22 22:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў