Бундэстаг прагаласаваў супраць рэзалюцыі аб перадачы Украіне дальнабойных ракетаў «Taurus»


Дэпутаты парламенту Нямеччыны пераважнай большасцю галасоў адхілілі праект рэзалюцыі аб пастаўцы Украіне дальнабойных крылатых ракет «Taurus». Замест гэтага была прынятая рэзалюцыя з заклікам перадаць ЗСУ проста «больш дальнабойных зброевых сістэм», без канкрэтных назваў ракетаў. 

Нямецкая ракета «Taurus».
Фота: n-tv.de 

Як паведамляе DW. вылучаным апазіцыйным кансерватыўным блокам ХДС/ХСС праекце рэзалюцыі за «сапраўдныя перамены нямецкай вонкавай палітыцы і палітыцы бяспекі» змяшчаўся заклік да «неадкладных паставак запытаных і існай у Нямеччыне збройных сістэмаў», уключаючы крылатыя ракеты «Taurus». У падтрымку гэтага дакументу выказаліся толькі 182 дэпутаты, 480 былі супраць і яшчэ пяцёра ўстрымаліся.

У іншым праекце рэзалюцыі, прадстаўленым дэпутатамі ад кіроўнай кааліцыі ў складзе сацыял-дэмакратаў, «зялёных» і свабодных дэмакратаў, урад Нямеччыны таксама заклікаюць да пастаўкі Украіне «дадаткова неабходных больш дальнабойных зброевых сістэм», але ракеты «Taurus» у ім не згадваюцца. Гэты дакумент быў ухвалены бундэстагам, у яго падтрымку выказаліся 382 дэпутаты, супраць прагаласавалі 284 парламентарыі, яшчэ двое ўстрымаліся.

Такім чынам, рашэнне бундэстагу пакідае прастору для розных інтэрпрэтацыяў. Напрыклад, прадстаўнік Украіны ў ПАРЕ Ягор Чэрнеў пасля галасавання напісаў у Фэйсбуку, што бундэстаг падтрымаў менавіта перадачу «Taurus», бо «іншых ракетаў для такіх мэтаў у Нямеччыны няма».

Аналітыка
Якой зброі Украіне бракуе для перамогі, і чаму Захад марудзіць з пастаўкамі
2023.08.21 16:58

Далёкасць нямецкіх крылатых авіяцыйных ракетаў «Taurus» можа складаць да 500 км. Раней заходнія палітыкі выказвалі занепакоенасць, што пры дапамозе дальнабойных ракетаў Украіна пачне біць углыб расейскай тэрыторыі, а гэта ў сваю чаргу прывядзе да эскалацыі канфлікту. Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц напярэдадні пацвердзіў, што выступае супраць перадачы «Taurus» Украіне.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў