Як правільна спрачацца з «безыдэйнымі» прыхільнікамі вайны і Пуціна? Парады псіхолага


Як размаўляць з прыхільнікамі Уладзіміра Пуціна і расейскага нападу на Украіну, каб не пасварыцца, а змяніць меркаванне суразмоўцы? Ці магчыма гэта, калі суразмоўца супярэчыць сам сабе і мысліць ірацыянальна? «Белсату» пра гэта расказала псіхолаг Ала Марціновіч – склалі кароткую інструкцыю для гэткіх размоваў.

Оскар Кучэра і Юрый Дудзь. Калаж: Белсат / вДудь / Youtube

У Белнэце нарабіла шуму інтэрв’ю расейскага журналіста Юрыя Дудзя з расейскім акторам Оскарам Кучэрам. Адны абураліся тым, што беларусы працягваюць жыць у расейскай інфармацыйнай прасторы і цікавіцца расейскім кантэнтам, другія ж глядзелі, як тры гадзіны вядоўца спрабуе зразумець, чаму актор падтрымлівае расейскі напад на Украіну, хоць кажа, што ў прынцыпе супраць вайны.

Сярод прыхільнікаў вайны могуць быць людзі з выразнай ідэалогіяй. Напрыклад, імперыялісты, якія лічаць, што Расеі трэба захопліваць новыя землі. Або неанацысты, якія мяркуюць, што ўкраінцы не маюць права на існаванне. Але нямала і тых, хто, як Кучэра, не можа ўцямна патлумачыць, чаму падтрымлівае агрэсара, але ад падтрымання не адмаўляецца. Такія людзі ёсць і сярод беларусаў. 

Ала Марціновіч тлумачыць, як з такімі людзьмі размаўляць.

Ала Марціновіч.
Фота: асабісты архіў Алы Марціновіч

Не трэба залічваць суразмоўцу ў псіхі

Камфортнай можа быць думка, што раз апанент у спрэчцы не ўспрымае відавочных рэчаў, дык ён проста хворы на галаву. Але людзі ў спрэчках не паводзяцца лагічна, яны паводзяцца так, як «завостраны характар». Супярэчлівасць, калі чалавеку нейкая рэч і падабаецца, і не падабаецца, завецца амбівалентнасцю. Калі яна дасягае гіганцкіх маштабаў, то гэта шызафрэнія. У пэўных жа межах амбівалентнасць – норма, рыса характару. 

У здаровых людзей бываюць псіхалагічныя і псіхатэрапеўтычныя праблемы, каб такіх пазбыцца, патрэбны не доктар-псіхіятр, а толькі размова з псіхолагам. Псіхічныя разлады – гэта не «я супраць вайны, але я за напад Расеі на Украіну». Дый наўрад ці непадрыхтаваны чалавек зможа вызначыць разлады, якімі займаецца псіхіятрыя.

Прапаганда ж сапраўды можа замбаваць. Яна працуе не толькі праз словы, а і праз вобразы, святло, гук, музыку, заглушэнне альтэрнатывы… Калі чалавека на месяц пасадзіць глядзець расейскую тэлепрапаганду, то ён шмат чаму пачне верыць, нават калі не будзе ўслухоўвацца, як там усцяж паўтараюць, што Украіна гэта зло.  

Hавiны
Як беларуская прапаганда карыстаецца тэорыямі змовы. Даследчыкі паглядзелі на дзяржаўныя медыі
2023.01.21 21:17

Колькі часу трэба, каб пераканаць

Стандартная кансультацыя ў псіхолага – 45 хвілінаў. Як стандартны ўрок у школе. Гэты час (максімум гадзіну) у суразмоўцы «працуюць мазгі»: чалавек здольны ўспрымаць, аналізаваць, перажываць эмоцыі, супраціўляцца.

Прафесійны псіхолаг можа пераканаць чалавека за адзін 45-хвілінны сеанс. У людзей без ведаў псіхалогіі так наўрад ці атрымаецца. Кожная новая размова, вядома ж, можа крыху дапамагаць, як вада разбурае камень. Але калі няма выніку пасля трох размоваў, лепей адступіцца ад канкрэтнай ідэі на пэўны час, спрабаваць ізноў заводзіць размовы з новымі ідэямі. 

Ала Марціновіч згадвае, як працавала з анкалагічна хворымі. Гэта цяжка: чалавек, хворы на рак, можа хацець расказаць усё сваё жыццё, размаўляць хоць да ночы, хоць цэлую ноч. Толькі гэта не дапаможа пацыенту і зробіць псіхолага ахвярай. У нечым пераконваць можна не даўжэй за гадзіну, як бы ні было шкада суразмоўцу.

Яна прыводзіць Аляксандра Лукашэнку як антыўзор. Ён не мае ні новых ідэяў, ні дзейных старых, «у дзяржаве працуюць толькі сілавікі». Замест таго, каб змяніць свае дзеянні, ён спрабуе «даціснуць» што пратэставыя настроі, што неэфектыўныя калгасы. Псіхолагі ведаюць: калі не працуе пакаранне, трэба пераходзіць да заахвочвання – і наадварот. Лукашэнка ж ведае толькі пакаранне, таму мала каго можа пераканаць. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спрэчка.
Фота: SHVETS production / pexels.com

Галоўная памылка – навязваць

Што ў выхаванні дзяцей, што ў размовах пра палітыку ды вайну людзі часта пачынаюць адразу выказваць сваё ўласнае бачанне, навязваць яго, проста казаць: «Ты не маеш рацыі». Другі бок такога не ўспрымае, бо ад прыроды мае псіхалагічную абарону. 

Спачатку трэба адключыць псіхалагічную абарону суразмоўцы ад іншага меркавання. Падладзіцца пад суразмоўцу можна рознымі метадамі, пачынаючы ад самых прымітыўных. Напрыклад: калі суразмоўца выказваецца, адказваць «угу», «ага». Ужо гэта разняволіць суразмоўцу і падвысіць давер.

Псіхолаг прыводзіць такі прыклад. Суразмоўца кажа: «Ну ідзе ва Украіне вайна, а што ім не падабаецца? На Данбасе 8 гадоў вайна ішла, іх усё задавальняла». Хочацца сказаць, што ён нічога не разумее, не валодае праўдзівай інфармацыяй, але лепей не адмаўляць ягонага выказвання, а папрасіць расказаць, што суразмоўца ведае і чаму так думае. Першачарговая задача – «вычапіць» у яго інфармацыю, прымусіць выгаварыцца, прастымуляваць, падключыцца, задаваць наводныя пытанні.

Трэба разумець, чаго хочацца дамагчыся спрэчкай, якім метадам яе весці, якімі фактамі карыстацца. Без гэтага людзі часта скочваюцца ў эмоцыі і крык, у тое, што нашыя суайчыннікі ў інтэрнэце называюць «бульбасрачам».

Таксама нельга ператвараць размову ў маналог аднаго боку, нават у фармат «ты 20 хвілін кажаш – я 20 хвілін кажу». Плён будзе, калі на сказ аднаго боку будзе гучаць сказ другога боку. Пытанне – адказ, аргумент – контраргумент.

Аналітыка
Ці можа быць народнае адзінства «бэчэбэшнікаў» і «ябацек»?
2022.09.17 10:00

Шлях 1. «Лаяльная» размова

Калі хочацца пераканаць блізкага чалавека або суразмоўцу, які вам давярае, не варта жорстка спрачацца. 

Спачатку трэба даведацца прычыну, праз якую суразмоўца памыляецца: якія навіны глядзіць, адкуль такое чуў. Гэта трэба і каб не страціць даверу, і каб зразумець, «дзе сабака закапаны». Часцей за ўсё закавыка ў тэлебачанні. Але можа быць, што суразмоўца зусім нічога не чытае і не глядзіць, а проста размаўляў з прыхільнікамі вайны. Можа, чалавек баіцца думаць іначай і выбірае тое, што пацвярджае ягоную думку. Можа, баіцца вылучацца з натоўпу. 

Далей трэба даваць іншы пункт гледжання, але не ў лоб, у абыход супраціву. Можна скарыстаць тое, што ў псіхалогіі завецца метафарай: вось знаёмая з Расеі паслала сына на вайну, яго забілі, яна пачала цікавіцца падзеяй і змяніла меркаванне. Можна расказаць тое, чаго чалавек не ведае: вунь у Савецкім Саюзе думалі, што Захад гэта зло, бо туды не пускалі паглядзець на лепшае жыццё, а вось якімі спосабамі працавала савецкая прапаганда (але не казаць наўпрост «табе хлусяць»). Трэба знайсці нешта, з чым суразмоўца пагодзіцца.

Шлях 2. «Нелаяльная» размова

Калі суразмоўца – чужы чалавек, не схільны выслухаць і давяраць, калі ён настроены агрэсіўна, можна паспрабаваць запярэчыць, «вырубіць» апанента. Гэта цяжэй за першы шлях, гэта няпроста зрабіць непадрыхтавана, без добрага валодання фактамі і без базавых ведаў у псіхалогіі.

Ёсць рацыянальная і нерацыянальная псіхалогія. Калі чалавек у нечым на 100 % перакананы, эмацыйна «завостраны» на сваю пазіцыю, гэта нерацыянальна. Такіх лёгка «выбіць з сядла» эмпірычнымі пытаннямі: не філасофскімі пра слушнае і няслушнае, а пытаннямі пра аб’ектыўныя лічбы і адназначныя факты, пра законы і іх парушэнне.

Псіхолаг прыводзіць прыклад. Суразмоўца кажа: «Усё роўна Расея пераможа Украіну». Можна спытаць, ці ведае суразмоўца, колькі расейскіх вайскоўцаў загінула на гэтай вайне. Затым – ці ведае, колькі ўжо трывае вайна і калі скончыцца, колькі яшчэ загіне, колькі людзей могуць паслаць на вайну і якія шанцы, што на вайне загіне суразмоўца або блізкі яму чалавек.

Перад тым, як накрыць суразмоўцу фактамі, трэба прасіць: «Дакажы, што маеш рацыю. Дакажы, што Украіна гэта зло, тэрарысты і фашысты». Суразмоўца можа, напрыклад, адказаць: «Усе так думаюць». Тады варта спытаць, хто гэтыя ўсе, колькі іх – і колькі іншых. Колькіх людзей суразмоўца выслухаў? Калі ўсе так кажуць на гэтых тэлеканалах – колькі тэлеканалаў, дзе кажуць інакш? Колькі краінаў падтрымлівае Расею – а колькі Украіну? Колькі ва Украіне нацыстаў – і колькі не-нацыстаў ужо забілі?

Як суразмоўца пачне блытацца, можна засыпаць фактамі і дамагчыся таго, што чалавек з нечым пагодзіцца. Калі чалавек не здаецца, можна перайсці да пытанняў другаснай выгады: «Мы паўгадзіны размаўляем і застаемся пры сваіх меркаваннях. Што табе гэта дае? Гэта патрэба ўвагі, садамазахізм, зняцце адказнасці з сябе?»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спрэчка.
Фота: Liza Summer / pexels.com

Як скончыць размову, калі пераканаць не ўдаецца

Можа атрымацца, што размова не зменіць думак чалавека, а толькі створыць ці разагрэе канфлікт. Аднак жа канфлікт у псіхалогіі – не бяда, а вызначальны момант  і нават сіла, што можа вывесці чалавека на глыбейшы ўзровень. Канфлікты ўладкоўваюцца трыма асноўнымі спосабамі.

  1. Мяккі спосаб – падзяліцца з суразмоўцам сваімі пачуццямі, расказаць пра свае эмоцыі і пра тое, што іх выклікала. Прызнаць, што пакрыўдзілі адно аднаго, прапанаваць памірыцца.
  2. Закрыць спрэчку прапановай паставіць кропку: «Я прымаю твой пункт гледжання, але не пагаджаюся з ім. Ды гэта твае праблемы, табе з гэтым жыць. Давай на гэтым спынімся». Калі суразмоўца не пагаджаецца на гэта, можна прапанаваць бартар: «Давай ты адыдзеш ад свайго пункту гледжання, а я ад свайго, і знойдзем залатую сярэдзіну». Або: «Давай хаця б па тры дні рабіць так, як ты прапануеш мне, а я табе».
  3. Пайсці ў парадоксы, пагадзіцца з суразмоўцам, каб прадэманстраваць ягоную некампетэнтнасць. Праз жорсткі гумар утрыравана паказаць недахопы і перабольшыць дасягненні аб’екту гутаркі. Напрыклад: «Так, Пуцін мае рацыю, ён наогул вельмі шчыры і сумленны чалавек, мала скраў у расейскіх людзей, іншы скраў бы больш, а ён самы бедны, і ён дзеля народу працуе, цэны ж не растуць, наогул шчасце і камунізм». Суразмоўца можа зразумець, што размова ідзе не туды: нібы ж чуе згоду, але разумее, што чуе і няпраўду. 
Трэба пагаварыць
Нянавісць, пачуццё віны і дыскрымінацыя. Як з гэтым змагацца?
2022.10.16 12:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў