Незалежнае выданне Reform.by апынулася пад пагрозай закрыцця


Галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка заявіў, што фінансавання ў праекту засталося на паўтара-два месяцы працы.

Фёдар Паўлючэнка
Рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка ў рэдакцыі «Белсату» падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Праект Reform.by на мяжы закрыцця. Гэта не перабольшанне і не шантаж. На нашым рахунку грошай на паўтара-два месяцы працы. Ні ў кога з нашай рэдакцыі няма падушкі бяспекі, без мінімальнага заробку мы працаваць фізічна не зможам. Я ўжо не кажу пра звычайныя накладныя выдаткі – хостынг, аплата дамену, купля падпісак на сэрвісы, тэхніка і шмат што іншае», – гаворыцца ў заяве Фёдара Паўлючэнкі.

Паводле галоўнага рэдактара, 19 снежня Reform.by адмовіў ключавы еўрапейскі інстытуцыйны донар, падтрымка якога дазволіла б выданню працягнуць працу.

У сваёй заяве Паўлючэнка падзякаваў камандзе за самаадданую працу і паабяцаў «яшчэ пазмагацца за наш праект».

«Я прыкладу ўсе намаганні, абяцаю. Чалавек, які мае дзве ныркі, не можа сказаць, што праект закрываецца», – дадаў ён.

Праект быў створана ў 2018 годзе журналістамі Аляксеем Жукавым, Аляксандрам Атрошчанкавым і Фёдарам Паўлючэнкам. Пасля 2020 года Reform.by быў забаронены ў Беларусі, рэдакцыя выдання вымушана працаваць з-за мяжы. Паводле галоўнага рэдактара, пасля ад’езду з Беларусі каманда праекту ўвесь час прыкладала «максімум намаганняў, каб прадоўжыць працу за межамі Беларусі», нягледзячы на тое, што «даводзілася працаваць па 18 гадзін за содні» і «грошай заўсёды было на 3-4 месяцы».

Каментар
Фёдар Паўлючэнка: Паляпшэнню адносінаў паміж Менскам і Варшавай перашкаджае залежнасць Лукашэнкі ад Расеі
2023.11.21 08:00

Сёлета Reform.by стала лаўрэатам прэміі Free Media Awards.

У верасні 2023 году журналісты выдання апублікавалі рэзананснае расследаванне аб супрацоўніке КДБ, які жыве ў Польшчы, а таксама знайшлі імаверную прычыну, паводле якой супраць журналісткі «Белсат» Кацярыны Андрэевай распачалі новую крымінальную справу аб «здрадзе дзяржаве».

Разбор
Ці сапраўды факт размоваў паміж агентам КДБ і журналістам можна трактаваць як здраду дзяржаве? Спыталі юрыста
2023.09.05 21:10

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў