Ці сапраўды факт размоваў паміж агентам КДБ і журналістам можна трактаваць як здраду дзяржаве? Спыталі юрыста


Журналісты сайта Reform.by сцвярджаюць, што яны усталявалі асобу аператыўніка КДБ, які знаходзіцца ў Польшчы, а таксама знайшлі верагодную прычыну, паводле якой супраць журналісткі «Белсат» Кацярыны Андрэевай распачалі новую крымінальную справу аб здрадзе дзяржаве. Мы вырашылі распытаць у нашых калег пра некаторыя нюансы расследавання, а юрыста папрасілі пракаметаваць высновы расследавальнікаў. 

Аператыўнік КДБ Аляксей Цыганкоў (злева) і агент КДБ Сяргей Васільеў. Скрыншот з відэа, знятага Васільевым у сваім аўтамабілі на відэарэгістратар

Шпіёнскія гульні

Журналісты Reform.by сцвярджаюць, што выйшлі на след аператыўніка КДБ Аляксея Цыганкова, які ўжо два гады жыве ў Польшчы пад выглядам звычайнага праграміста. Вельмі падобны да яго чалавек фігураваў у расследаванні Кацярыны Андрэевай, якое выйшла на «Белсаце» ў чэрвені 2017 года. Яно было прысвечана жыхару Гомля Сяргею Васільеву, які больш за дваццаць гадоў супрацоўнічаў з КДБ, а ў 2017-м уцёк з сям’ёй з Беларусі ў Польшчу.

Hавiны
«Аддзел канстытуцыйнай бяспекі займаецца выключна пераследам апазіцыі», – экс-агент КДБ, які ўцёк у Польшчу
2017.06.19 08:31

Сяргей Васільеў тады сам выйшаў на сувязь з журналістамі «Белсата» і сазнаўся ў тым, што паводле загада і за грошы КДБ стварыў сайт пад назвай Gomelbest.com і займаўся яго напаўненнем. На гэтым рэсурсе публікаваліся паклёпніцкія і кампраметуючыя матэрыялы на дэмакратычных актывістаў.

У інтэрв’ю Кацярыне Андрэевай Васільеў адзначаў, што «паставіў мэту – дайсці да канца, зафіксаваць кожны крок, каб пасля зрабіць публічнай інфармацыю пра тое, як працуе КДБ». Пры гэтым мужчына казаў, што баіцца помсты з боку КДБ, і падкрэсліў: у Беларусі яго дакладна чакае турма, бо ён «даваў падпіску аб неразгалошванні, таму парушыў закон».

Як бы там ні было, але ў 2019 годзе Васільеў з нейкіх прычын вярнуўся з Польшчы ў Беларусь, дзе праз некаторы час быў арыштаваны, а ў чэрвені 2021 года асуджаны за «спрыянне замежнай арганізацыі». Цалкам магчыма, гэта было за тое самае інтэрв’ю, якое ён даў Кацярыне Андрэевай на «Белсаце», мяркуюць журналісты Reform.by.

Тэкст прысуду, вынесенага ў 2021 годзе Сяргею Васільеву

Выданне звяртае ўвагу таксама на той факт, што менш чым праз год (10 лютага 2022 года) саму Кацярыну Андрэеву, якая на той час ужо адбывала пакаранне па артыкуле «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» раптам перавялі ў з ПК №4 ў гомельскі СІЗА ў сувязі з «працэсуальнымі дзеяннямі». Ужо ў красавіку 2022 года яе асудзілі яшчэ на 8 гадоў і 3 месяцы за «здраду дзяржаве». Гэта той жа артыкул, па якім судзілі Васільева, усё ў тым жа Гомлі.

Выснова, да якой прыходзяць журналісты Reform.by: КДБ можа мець на мэце зачышчаць усіх, хто памятаў пра «засвечанага» агента гомельскага КДБ, які быў адпраўлены на Захад – таго самага Аляксея Цыганкова. Сам жа агент зараз знаходзіцца ў Польшчы і можа ўяўляць небяспеку для прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Каментар Reform.by

Пра ход журналісцкага расследавання ў студыі «Белсат» расказаў галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлічэнка.

Наш суразмоўца адзначыў, што з дапамогай інструмента, які дае магчымасць распазнаваць твары, яны паспрабавалі знайсці людзей, звязаных з КДБ, якія згадваліся ў іншых расследаваннях, але пра якіх было вельмі мала інфармацыі.

Менавіта так выйшлі на Цыганкова, ён быў першай фігурай, на якую звярнулі ўвагу. Далей пачалі цікавіцца, што адбываецца з Васільевым, і даведаліся, што ён вярнуўся з Польшчы ў Беларусь і атрымаў тэрмін. Бо на самой справе ніхто не быў у курсе таго, што з ім здарылася.

Пагроза для беларусаў і не толькі

На думку Фёдара Паўлічэнкі, з КДБ супрацоўнічае вельмі шмат людзей, нехта з іх застаўся ў Беларусі, але нехта змог выехаць.  Менавіта яны ўяўляюць пагрозу для беларусаў, якія жывуць у Польшчы, а таксама для самой Польшчы. Таму, калі ёсць магчымасць знайсці такіх людзей, то іх дадзеныя неабходна публікаваць, лічыць журналіст.

У каментары галоўны рэдактар Reform.by таксама адзначыў, што, на яго думку, без канкрэтных доказаў абвінавачваць чалавека нельга, але датычна кейса Цыганкова падкрэсліў важны момант:

«Шмат хто з былых сілавікоў з’ехаў з Беларусі, пры гэтым яны расказалі аб сваёй працы, пакаяліся, шмат хто з іх працуе у «Белпол» ці «BYPOL», і гэта іншая справа. А тут чалавек з’ехаў з Беларусі, мае легенду, працуе як праграміст, і мы не ведаем, чым ён займаецца. Гэта выглядае ці як спроба пачаць новае жыццё, ці як спроба пачаць новае жыццё пад прыкрыццём», – сказаў Паўлічэнка.

«Я лічу, што такія людзі, калі яны не прызналіся, што працавалі на КДБ, што ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, ад працы якіх пацярпелі шмат людзей, відавочна з’яўляюцца пагрозай для тых дзяржаваў, у якіх яны знаходзяцца, і для тых беларусаў, якія знаходзяцца ў гэтых дзяржавах. Напрыклад, для тых беларусаў, якія з’ехалі ў Польшчу, гэты чалавек з’яўляецца пагрозай», – лічыць галоўны рэдактар Reform.by.

Аляксей Цыганкоў. Крыніца: Reform.by

Фёдар Паўлічэнка падкрэсліў, што часта агенты жывуць у той ці іншай дзяржаве і не праяўляюць сябе, але ў пэўны час яны пачынаюць працаваць. У сувязі з тым, што Польшча актыўна дапамагае Украіне падчас вайны, то відавочна, што такія людзі, як Цыганкоў, могуць дапамагчы агрэсару інфармацыяй, сувязямі, вярбоўкамі беларусаў, што жывуць у Польшчы, у тым ліку і польскіх дзяржслужбоўцаў.

«Лепшае, што мог бы гэты чалавек зрабіць, – адзначае галоўны рэдактар Reform.by, – гэта прызнацца, што ён працаваў на КДБ, расказаць пра свае сувязі. Верагодна, гэта дапамагло б яму застацца ў бяспечнай краіне і далей працаваць, як законапаслухмяны грамадзянін».

Фёдар Паўлічэнка адзначыў, што рэдакцыя Reform.by даслала пытанні да Аляксея Цыганкова, але пакуль адказаў ад яго не атрымала.

Прыкрыццё для агента

Акрамя таго, у размове з галоўным рэдактарам Reform.by вядоўца ў студыі «Белсат» звярнуў увагу на тое, што ў Аляксея Цыганкова ёсць добрае прыкрыццё: гэты чалавек працаваў у свой час на кампанію EPAM і такім чынам можа выдаваць сябе ў Польшчы за айцішніка, які ўцёк з Беларусі.

Аляксей Цыганкоў на EPAM e-kids у Гомлі. Крыінца: Reform.by

«Гэта сапраўды добрае прыкрыццё, бо чалавек працаваў на найбуйнейшую ІТ-кампанію з 2018 года, быў вельмі актыўны, ладзіў нейкія конкурсы для дзяцей – EPAM e-kids, яго ведалі ў кампаніі, але невядома, ці здагадваліся, чым ён займаецца насамрэч. Я лічу, што шмат людзей пацярпела ад яго працы», – адзначыў Фёдар Паўлічэнка.

Як звязаны справы Андрэевай і Васільева

Фёдар Паўлічэнка падкрэсліў, што стоадсоткава сказаць пра сувязь гэтых справаў ён не можа.

«Але ўскосна можна палічыць, што тое, што суд адбыўся ў Гомлі, тое, што яна сама з Менску – гэта шмат аб чым кажа. Справа была ў Гомлі, то бок там нешта здарылася, і судзілі яе менавіта праз гомельскія падзеі. Наколькі я ведаю, больш перасячэнняў або нейкіх іншых гісторыяў пра Гомлю ў Кацярыны няма», – сказаў галоўны рэдактар Reform.by.

Выкрыццё агентаў = здрада дзяржаве

Мы таксама звязаліся з юрыстам «Human Constanta» Раманам Кісляком і запыталі ў яго аб тым, ці сапраўды факт размоваў паміж агентам КДБ і журналістам беларускае правасуддзе можа трактаваць як здраду дзяржаве?

«У мяне няма доступу да дадзенай крымінальнай справы Кацярыны Андрэевай, – адзначыў юрыст, – бо ў закрытым выглядзе праходзіў працэс, а значыць, фактаў няма. Але ў прынцыпе гэта, калі разважаць з пункту гледжання магчымасцяў і дапушчэнняў, цалкам магчыма».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кацярына Андреева падчас суда. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Мысленне, якое ўплывае на юрыдычную кваліфікацыю, з часам мяняецца, падкрэсліў Раман Кісляк, яно змянялася ў 2020, 2021, 2022-м гадах, і ў нейкі момант улады маглі вырашыць, што ў тым ліку і Кацярына Андрэева з’яўляецца фігурантам справы аб здрадзе дзяржаве, бо дапамагала, як яны маглі падумаць, спецслужбам іншых дзяржаваў.

«У пострэвалюцыйнай сітуацыі, ужо нават не ў 2020-м годзе, а ў 2021-м, 2022-м, падыходы і практыка прымянення законаў мянялася ў горшы бок, – гаворыць юрыст, – і гэта, хутчэй за ўсё, адлюстраванне падыходаў паслярэвалюцыйных – [патрабуецца] яшчэ больш зачыстак, больш рэпрэсіяў у дачыненні да актывістаў, журналістаў ці наогул грамадзянаў».

Паколькі з’яўляецца неабходнасць узмацнення рэпрэсіяў, то, на думку Рамана Кісляка, мяняецца і мысленне: калі яшчэ ў 2019-м падобныя дзеянні не падпадалі пад артыкул аб здрадзе дзяржаве, то зараз улады маглі змяніць падыходы, і таму гэта стала цалкам магчымым.

Таксама юрыст дапусціў, што сёння любое журналісцкае расследаванне, якое будзе датычыцца выкрыцця агентаў КДБ і якое будзе мець поспех, у прынцыпе можа падпадаць пад дзеянне артыкулу аб здрадзе дзяржаве.

Аб’ектыў
Знайшоўся новы «здраднік дзяржаве» з КДБ
2023.09.04 22:34

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў