Нехта забарыкадаваўся, нехта ратаваўся праз дах. Навучэнец пра страляніну ў Празе


Магістрант Станіслаў Рудкоўскі з Расеі другі год навучаецца на філасофскім факультэце Карлавага ўніверсітэту ў чэшскай Празе, дзе 21 снежня адбылася страляніна. Пра тое, што адбывалася, ён распавёў у каментары «Белсату».

Людзі на даху філасофскага факультэту ў Празе.
Фота: Aktu.cz

Суразмоўца навучаецца на магістарскай праграме «Расейскія даследаванні» Філасофскага факультэту. У момант нападу Станіслаў Рудкоўскі знаходзіўся ўдома – быў прастуджаны і дапісваў працу. Аднак у будынку факультэту знаходзіліся ягоныя аднагрупнікі і выкладчыкі.

«Пачалося ўсё гэта на чацвёртым паверсе будынку філасофскага факультэту ўніверсітэту. Вось мае аднагрупнікі знаходзіліся на лекцыі на той момант на трэцім паверсе, яны забарыкадаваліся. Людзей эвакуявалі з будынку, хтосьці ўвогуле ратаваўся праз дах. То бок, усё ў даволі такім панічным стане адбывалася», – адзначыў магістрант, дадаўшы, што сярод яго знаёмых ніхто не пацярпеў, «толькі напалохаліся».

Нападнік, паводле некаторай інфармацыі, раней вучыўся на факультэце.

«Ён прыйшоў у месца, якое было яму відавочна знаёмае. То бок, і лагістычна ён ведаў, дзе ўваход і выхад», – падкрэсліў Рудкоўскі.

Студэнты ў шоку і не могуць размаўляць

Дактарант Карлавага ўніверсітэту Бахруз Самадаў у эфіры «Вось Так» таксама распавёў, што «ўсе студэнты тут у шоку проста», «ёсць людзі, якія проста не могуць гаварыць, размаўляць нават». Паводле яго слоў, тэрыторыя факультэту застаецца ачэпленай паліцыяй.

Самадаў адзначыў, што пакуль няма дакладнай інфармацыі, ці быў нападнік забіты, ці наклаў на сябе рукі.

«Вядома, што ён быў студэнтам-гісторыкам. Ён напаў на той кампус, дзе большасць навучэнцаў – юрысты», – сказаў ён.

Пра матывы нападніка нічога невядома, але «некаторыя людзі гэта звязваюць з тым, што зараз праходзяць сесіі».

Абноўлена
Дзесяць забітых і 25 параненых. Ва ўніверсітэце ў цэнтры Прагі адбылася страляніна
2023.12.21 18:30

21 снежня ў будынку факультэту мастацтваў Карлава ўніверсітэту ў Празе, што на плошчы Яна Палаха ў чэшскай сталіцы, адбылася страляніна. Нападнік быў ліквідаваны. Апроч яго, загінулі 10 асобаў. Яшчэ некалькі дзясяткаў былі параненыя.

У якасці нападніка чэшскія медыі называюць 24-гадовага студэнта Давіда Козака. Козак атрымаў ступень бакалаўра гісторыі і еўрапейскіх даследаванняў, а затым працягнуў атрыманне ступені магістра гісторыі, засяродзіўшыся на гісторыі Польшчы. Яго звязваюць таксама з забойствам у вёсцы Кладзенска.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў