Медыі даведаліся пра пакаранне супрацоўніка наваполацкай калоніі за збіццё зняволенага


Супрацоўніка калоніі №1 у Наваполацку пакаралі за збіццё зняволенага. Паводле інфармацыі «Нашай нівы», Ігару Пятрову далі 6 гадоў. Былы зняволены гэтай калоніі прызнаўся, што здзівіўся, калі даведаўся пра пераслед міліцыянта: вязняў збіваюць стала, а тут знянацку пакаралі аднаго супрацоўніка.

Супрацоўніка наваполацкай калоніі Ігара Пятрова пасадзілі за збіццё зняволенага.
Фота: Игорь Петров / «ВКонакте»

Паводле непацверджанай інфармацыі былога зняволенага, які сядзеў у наваполацкай калоніі, Ігар Пятроў у сталоўцы паставіў аднаго вязня на расцяжку і біў па нагах. У таго здарыўся разрыў сухажылля, ён быў шпіталізаваны. Пасля вызвалення мужчыны ягоны сваякі напісалі заяву, і справе далі ход.

«Пятрова адхілілі ад працы, а пасля арыштавалі. Прывозілі ў калонію ўжо ў кайданках на следчыя дзеянні. Я здзівіўся, калі даведаўся, што Пятрова арыштавалі. Тое, у чым яго абвінавацілі, адбываецца ў калоніі пастаянна», – сказала крыніца «Нашай нівы».

Раней пра гэты выпадак стала вядома і праваабарончаму цэнтру «Вясна».

Справу супраць Пятрова расследавалі паводле артыкула аб перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў. Як піша выданне, у чэрвені Ушацкі суд прызначыў капітану 6 гадоў зняволення, а паводле праекту «Dissidentby», – 4 гады і 11 тысячаў рублёў штрафу. Міліцыянт адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі.

Гісторыі
Ад пошуку адзення да чакання званка. Якія праблемы абмяркоўваюць сваякі палітвязняў
2023.10.12 08:00

«З Пятровым можна было дамовіцца, шмат у якіх выпадках ён ставіўся па-людску. Да прыкладу, ідзеш у лазню памыцца, а яна раз на тыдзень, і баішся, што не паспееш на адзнаку па прафілактычным уліку. Падыходзіш да Пятрова, тлумачыш сітуацыю, і ён кажа, што нічога страшнага», – успамінае былы зняволены.

Ён сцвярджае, што начальнік атраду «адносна лаяльна ставіўся да палітвязняў і не рабіў ім подласці», мог даць добрую характарыстыку:

«Любіў выклікаць людзей на гутаркі. У асабістых размовах не выказваў сваіх палітычных поглядаў, хоць на публіку заўжды маляваўся «патрыётам» і хваліў Лукашэнку. Выклікаў ён на такія гутаркі і палітычных, у тым ліку, казалі, Віктара Бабарыку».

Звычайна справы аб катаваннях «спускаюць на тармазах», а супрацоўнікаў, якія абыходзіліся з вязнямі горай, чымся Пятроў, не каралі. Суразмоўца выдання не выключае, што капітана не пакаралі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а за нешта адпомсцілі.

Hавiны
Былы прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі падтрымаў Сяргея Ціханоўскага і іншых беларускіх палітвязняў
2023.10.17 00:38

Цяпер у наваполацкай калоніі знаходзяцца больш за 100 палітвязняў, у тым ліку Віктар Бабарыка, Андрэй Аляксандраў, Канстанцін Залатых, Андрэй Кузнечык, Ігар Лосік, Анджэй Пачобут.

Гісторыі
Былы палітвязень – пра размовы на Валадарцы з нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім
2023.10.20 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў