Ад пошуку адзення да чакання званка. Якія праблемы абмяркоўваюць сваякі палітвязняў


Жыццё сваякоў палітзняволеных поўніцца не толькі няспыннымі перажываннямі і болем за блізкіх, але і масай побытавых праблемаў, звязаных з падтрыманнем чалавека за кратамі. Belsat.eu пачытаў, што пішуць у чатах сваякі вязняў гомельскай жаночай калоніі, і распавядае, з чым ім даводзіцца сутыкацца.

Женская исправительная колония №4 в Гомеле
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаночая папраўчая калонія № 4. Гомель, Беларусь.
Фота: Белсат

Перадачы ў калоніі: забудзьце, чаму вас вучылі ў СІЗА

Унутраныя правілы ў следчым ізалятары і калоніі істотна адрозніваюцца. Гэта датычыць у тым ліку харчоў і адзення. Таму сваякам, якія раней доўгі час вазілі перадачы ў СІЗА, пасля этапавання ў калонію даводзіцца асвойваць новыя правілы.

У СІЗА ўсе прадукты прымаюцца толькі ў распакаваным выглядзе. Каўбасу, мяса, рыбу ці сыры трэба наразаць і расфасоўваць у цэлафанавыя пакеты. У калоніі наадварот: патрабуюць перадаваць прадукты ў заводскай вакуумнай упакоўцы. Таму калі ў краме сваякі набудуць кавалачак мяса ці каўбасы на вагу, то ў перадачу іх не прымуць.

Правіла наконт заводскай упакоўкі дзее не для ўсіх прадуктаў: цукеркі, шакалад, гарбату і каву трэба выкладаць у цэлафанавыя пакеты, як і ў СІЗА. Аднак, напрыклад, печыва ці зефір у празрыстай упакоўцы распакоўваць не трэба – галоўнае, каб было відаць, што ўнутры.

Разабрацца ва ўсіх гэтых асаблівасцях бывае вельмі цяжка, тым больш што часцяком у правілах немагчыма знайсці логіку. Таму сваякі рэгулярна пытаюцца ў чатах пра асобныя прадукты і ахвотна дзеляцца ўласным досведам. Напрыклад, ці можна перадаваць сельдэрэй? (Нельга). Ці дазволена пераліваць аліўкавы алей з заводскай шкляной бутэлькі ў пустую пластыкавую? (Так).

Усяго зняволеныя на агульным рэжыме маюць права на чатыры прадуктовыя перадачы або пасылкі цягам года, але не часцей чым раз на тры месяцы (гэтае права не заўсёды рэалізоўваецца – у якасці пакарання перадачы могуць пазбавіць). Кожная з перадачаў – да 50 кг. У калоніі прадукты можна захоўваць у лядоўні, аднак лядоўня агульная і месца там вельмі мала. Таму сваякі часта абмяркоўваюць паміж сабой, якая колькасць і якіх прадуктаў будзе аптымальнаю ў перадачы. Універсальнага адказу на гэтае пытанне няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадукты для перадачы палітзняволенаму. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Цягнуць 50-кілаграмовую перадачу даволі цяжка – асабліва тым, хто не мае аўтамабіля. Праўда, на адрозненне ад СІЗА, у калоніі ніколі не бывае чэргаў. Сваякі палітвязняў распавядаюць, што часам ім даводзіцца чакаць каля некаторых СІЗА 5-6 гадзінаў, каб аддаць перадачу. А ў калоніі чарга складаецца максімум з 1-2 асобаў, а бывае, што нікога няма зусім.

Кўэст: знайдзі рэчы паводле турэмных параметраў

Асобная задача – знайсці патрэбнае адзенне для блізкіх, што апынуліся за кратамі.

Пасля этапавання ў калонію палітзняволеная атрымлівае агульную для ўсіх форменную верхнюю вопратку, у якой трэба хадзіць на працу і на шыхтаванні. Астатняе адзенне і абутак можна дасылаць у перадачы. Правілы – вельмі строгія. Зняволеныя ў гомельскай калоніі маюць права на сезонны абутак, 1 шапку, 1 шалік, 1 спартовы касцюм, 2 майкі з кароткім рукавом, 2 з доўгім і 3 на шлейках, 2 джэмперы, 1 халат, 2 піжамы, 2 пары ласінаў і 8 параў шкарпэтак, 5 насовак, не больш за 5 бюстгальтараў, 6 пар калготак і 10 майткоў.

Падлік асабістых рэчаў у калоніі вядзецца вельмі строга. Каб атрымаць, напрыклад, новыя шкарпэткі або майткі, палітзняволенай трэба спачатку праз афіцыйную працэдуру спісаць старыя. Інакш адзенне ў перадачы не прымуць. Гэтую асаблівасць спачатку ведаюць не ўсе сваякі, таму часта здараецца, што адзенне ў перадачы не прапускаюць – працаўнікі калоніі тлумачаць, што ад асуджанай яшчэ няма адпаведнай заявы.

Інтэрв’ю
«На аглядзе ў гінеколага побач стаіць канваір і глядзіць». Праз што праходзяць палітзняволеныя беларускі
2023.03.08 09:44

Большасць адзення з гэтага спісу мусіць быць цалкам чорнага ці цёмнага колеру, без уставак і нашывак. Нават памеры строга прапісаныя: напрыклад, платформа на чаравіках – не вышэйшая за 5 см, даўжыня халявы – да 30 см, а гарлавіна джэмпера – не вышэйшая за 3 см.

Знайсці адзенне, якое б цалкам адпавядала ўсім параметрам, было адначасова цёплым і зручным – задача не простая. Цалкам чорнае жаночае адзенне і абутак без вонкавых уставак – не самы папулярны тып тавараў у крамах. Піжаму або халат дазваляецца перадаваць розных колераў, аднак важна, каб яны былі без капюшона і пры гэтым максімальна цёплыя (попытам карыстаюцца рэчы з флісу і плюшу), што таксама не самая распаўсюджаная характарыстыка для гэткіх тавараў. Некаторыя сваякі робяць наступным чынам: купляюць адзенне з капюшонам, а потым адносяць у атэлье і капюшон зразаюць. Да таго ж, графік перадачаў не заўсёды супадае з сезонам: напрыклад, палітзняволенай ужо трэба дасылаць рэчы з разліку на зіму, а на вуліцы яшчэ цёпла і на паліцы крамаў зімовага адзення пакуль не выклалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэчы, якіх не прынялі ў перадачу ў жодзінскай турме. Жодзіна, Беларусь.
Фота: Белсат

Абмеркаванне адзення, дзе яго атрымалася знайсці і ці спадабаўся тавар – сталая тэма ў чатах сваякоў палітзняволеных. Кажуць, што вельмі прыдаюцца ў гэтай сітуацыі вялікія інтэрнэт-крамы (напрыклад, «Wildberries»), дзе выбар значна шырэйшы, чым у офлайн-крамах. Да таго ж, не трэба раз’язджаць па горадзе, каб знайсці патрэбныя рэчы. Але якасць замоўленых праз інтэрнэт тавараў не заўсёды адпавядае чаканням.

Свае асаблівасці ёсць і пры пошуку касметыкі, прадметаў гігіены і сталовых прыбораў. Напрыклад, ад выкарыстання алюмініевых прыбораў псуюцца зубы, а пластыкавыя лыжкі хутка ламаюцца. Адзін з варыянтаў – набыць драўляную лыжку, але ў звычайных крамах іх амаль не сустрэць, часцей за ўсё даводзіцца замаўляць праз інтэрнэт.

Часта палітзняволеныя просяць блізкіх дасылаць ім парфумаваныя крэмы з трывалым водарам – такім чынам дзяўчаты стараюцца кампенсаваць адсутнасць звычайнага парфуму (духі за кратамі забароненыя). Выбар гэткіх крэмаў не надта вялікі і часцей за ўсё яны даволі дорага каштуюць.

Часам сваякі жартуюць, што стварэнне спецыялізаванай крамы, дзе прадаваліся б якасныя рэчы адразу з улікам патрабаванняў турмаў і калоніяў – гэта перспектыўная ідэя для стартапу ў сённяшняй Беларусі.

Hавiны
Палітзняволеных Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну перавялі ў гомельскую жаночую калонію
2023.08.10 16:29

Званкі паводле графіку: будзь гатовы!

Палітзняволеныя ў гомельскай калоніі маюць права на тры тэлефанаванні праз мабільную сувязь і адзін відэазванок праз Telegram або Viber на месяц. Званок адбываецца ў прысутнасці працаўнікоў калоніі, размаўляць дазваляюць не больш за 5-6 хвілінаў. Перад пачаткам размовы працаўніца жаночай калоніі спраўджвае асобу сваяка: просіць назваць сваё імя і толькі пасля перадае слухаўку зняволенай. Спіс абанентаў абмежаваны, звычайна туды ўваходзяць некалькі чальцоў сям’і, якія пазначаныя ў асабовай справе.

Права на званок палітзняволеная можа зрэалізаваць не ў любы момант, а толькі ў тыя дні і ў тую змену, якую адміністрацыя ўхваляе штомесяц для кожнага атраду. Гэты графік неўзабаве трапляе ў чаты сваякоў. Для блізкіх гэта вельмі важная інфармацыя, бо да званка трэба быць гатовым – трымаць тэлефон пад рукой і старацца быць у месцах з добрай мабільнай сувяззю. Штука ў тым, што зняволеным даюць не больш за дзве спробы датэлефанавацца: калі абанент не адказвае (напрыклад, едзе ў метро або ў яго разрадзіўся тэлефон), то званок проста «згарае».

Женская исправительная колония №4 в Гомеле
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гомельская жаночая папраўчая калонія № 4. Гомель, Беларусь.
Фота: Белсат

У дзень званкоў сваякі часта з хваляваннем спраўджваюць у чатах, ці адтэлефанаваўся той ці іншы атрад. Калі запланаванага званка не адбываецца, гэта трывожны сігнал – магчыма, палітзняволеная трапіла ў ШІЗА ці здарылася яшчэ нешта. На шчасце, не заўсёды трывогі спраўджваюцца: часам званкі з калоніі зрываюцца праз унутраныя накладкі, у тым ліку тэхнічнага характару.

Спатканні: уваход і выхад абмежаваны

Найбольш чуллівы і кранальны момант для сваякоў – гэта працяглае спатканне ў калоніі. Тэарэтычна яно можа выдавацца на тэрмін да трох содняў, але рэальна палітвязням ніколі больш за содні не даюць, а некаторых увогуле сістэматычна пазбаўляюць спатканняў.

Звычайна «навічкі», у якіх гэта першая сустрэча з блізкім чалавекам у калоніі, вельмі падрабязна выпытваюць у іншых сваякоў палітвязняў, як рыхтавацца да спаткання і што трэба мець пры сабе.

Самое спатканне праходзіць у агароджаным гасцявым доміку на тэрыторыі калоніі, дзе ёсць агульная кухня, душ і прыбіральня. Кожнаму вязню вылучаюць адзін маленькі пакойчык з двума аднаспальнымі ложкамі. На сустрэчу часам прыходзяць двое-трое сваякоў, тады месцаў для сну не хапае. Пры гэтым дзее правіла: усе, хто прыйшоў на спатканне, мусяць прабыць там мінімум 24 гадзіны – пайсці камусьці раней нельга. Сваякі ў такіх выпадках выкручваюцца па-рознаму: бяруць з сабой падушкі і спальныя мяшкі, начуюць на падлозе ці на састаўленых табурэтках.

Палітзняволеныя прыходзяць да сваякоў у гасцявы домік у форменнай вопратцы і стараюцца як мага хутчэй пераапрануцца – дзеля гэтага сваякі вязуць ім нармальнае адзенне, якое можна насіць цягам спаткання. Талерак, кубкаў і сталовых прыбораў на агульнай кухні не стае, таму на спатканне часта бяруць або хатні посуд, або аднаразовы.

Прадукты і напоі можна везці без абмежаванняў – у тым ліку ў шкляных слоіках і бляшанках, што ў перадачах ніколі не прапусцяць. Часам вязням дазваляюць выносіць прадукты са спаткання вагой да 5 кг, яны не будуць улічвацца ў агульнай перадачы. Але для палітзняволеных такі дазвол – вялікая рэдкасць. Тым не менш, некаторыя сваякі раяць усё роўна браць з сабой на спатканне прадукты пра запас: а раптам дазвол усё-ткі будзе і тады дачка ці жонка атрымаюць магчымасць яшчэ некалькі дзён нармальна харчавацца пасля вяртання ў атрад.

Гісторыі
«Заходзіш ноччу ў камеру, дзе сядзіць забойца». Былая палітзняволеная пра тое, як цяжка адчуць свабоду па вызваленні
2023.08.16 07:03

АА belsat.eu

Стужка навінаў