«BELPOL»: беларусы, якіх улады прызналі «дармаедамі», змогуць лячыцца ў шпіталях толькі платна


Паводле «BELPOL», ужо ў найбліжэйшы час у Беларусі будуць прынятыя новаўвядзенні ў галіне медычнага абслугоўвання, згодна з якімі асобы, унесеныя ў базу «дармаедаў», змогуць лячыцца ў стацыянарах (шпіталях), а таксама атрымліваць стаматалагічную дапамогу толькі на платнай аснове.

Больніца ў Берасцейскай вобласці.
Фота: Мінздароўя Беларусі / Telegram

Пад платным лячэннем маецца на ўвазе пакрыццё 100 % «эканамічна абгрунтаваных затратаў» на наданне медычных паслуг. Выключэннем будуць выпадкі аказання экстраннай медычнай дапамогі.

Усе дзяржаўныя медычныя ўстановы будуць падключаныя да адпаведных інфармацыйных базаў для праверкі грамадзян на прадмет іхнай занятасці ў эканоміцы.

«База дармаедаў» абнаўляецца раз на тры месяцы, што, паводле «BELPOL», можа прывесці да канфліктных сітуацыяў, калі працаўладкаваныя асобы не змогуць атрымаць медычную дапамогу праз састарэлыя дадзеныя.

Гісторыі
Лукашэнку будуюць новую раскошную рэзідэнцыю: «BELPOL» здабыў планы з «душам уражанняў»
2023.09.18 10:39

Улады разлічваюць, што дзякуючы новай ініцыятыве, атрымаецца ашчадзіць парадку 50 мільёнаў рублёў. «BELPOL» звяртае ўвагу, што прыкладна ў такую ж суму абышлося добраўпарадкаванне новай рэзідэнцыі Лукашэнкі, пра якую «BELPOL» надоечы выпусціў расследаванне. У ім гаворыцца аб рэканструкцыі будынку ў самым цэнтры Менску: выявілася, што ў палацыку, пазначаным на мапах як аддзяленне афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру, робяць чарговую рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі.

Гэты праект абыдзецца рэспубліканскаму бюджэту і «інавацыйнаму фонду» Упраўлення справамі Лукашэнкі ў не менш як у 43,6 млн беларускіх рублёў або, паводле курсу на момант напісання дакументацыі да аб’екту, у не менш як 14,2 млн долараў. А тое і больш: работы забуксавалі і могуць вымагаць няпланавых выдаткаў. Ды такую працу варта рабіць старанна: планаваны тэрмін эксплуатацыі – 50 гадоў.

Базу «дармаедаў» пачалі ствараць у Беларусі ў 2018 годзе. З 1 траўня 2021 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, якія маюць ва ўласнасці жытло, аплочваюць паводле поўных тарыфаў камунальныя паслугі.

З 2022 года да «дармаедаў» далучаюць беларусаў, якія не працуюць, маюць ва ўласнасці жытло і выехалі за мяжу больш чым на месяц, акрамя тых, што працуюць у Расеі, Кыргызстане, Арменіі, Казахстане.

База незанятых у эканоміцы абнаўляецца кожныя тры месяцы: з 20 лютага па 1 сакавіка, з 20 траўня па 1 чэрвеня, з 20 жніўня па 1 верасня і з 20 лістапада па 1 снежня.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў